Ляхавіччына:запрашаюцца ўсе на суботнік

Што і казаць, традыцыя працоўнай суботы ўжо даўно стала класічнай і служыць на карысць канкрэтнага чалавека, грамадства і дзяржавы. Суботніку — амаль сто гадоў. Ветэраны працы, з якімі даводзіцца часта сустракацца, успамінаюць, што для іх суботнік у свой час быў сапраўдным святам працы, паўсюдна гучала музыка, кожны працаваў з разуменнем таго, што ён робіць патрэбную справу для сваёй краіны, горада, сям’і.
У нашы дні паняцце «суботнік» набыло новую афарбоўку. Мы не толькі прыводзім у парадак наш вялікі дом, але і дапамагаем усім, хто ў гэтым мае патрэбу. Заробленыя ў гэты дзень сродкі ідуць на ахову здароўя, дапамогу дзецям, будаўніцтва важных грамадскіх аб’ектаў.За апошнія гады, дзякуючы рабоце ў выхадны дзень, зроблена вельмі многае. З прыцягненнем сродкаў, сабраных на суботніках, пабудаваны новыя будынкі, аснашчаны медустановы, адноўлены помнікі воінскай і партызанскай славы, узведзены жылыя дамы для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот, зроблены капітальны рамонт дзіцячых аздараўленчых лагераў.
У 2012 годзе ў Ляхавіцкім раёне, дзякуючы сродкам, заробленым на суботніку, для дзяцей, якія адпачывалі ў аздараўленчым лагеры «Чайка», быў набыты гульневы комплекс, а для паляпшэння якасці харчавання ў лагеры закуплена і ўстаноўлена новае халадзільнае абсталяванне. Немалыя сродкі былі затрачаны і на падрыхтоўку да аздараўленчага сезона лагера «Колас». Са сродкаў абласнога суботніка на падрыхтоўку загараднага лагера было выдзелена і зрасходавана 110 000 000 рублёў.   Для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы спартыўных залаў устаноў адукацыі набыты спортінвентар, для дзіцячага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы — новыя зручныя ложкі, для ўдзельнікаў народнага ансамбля народнай песні і музыкі «Крыніца» ГДК — прыгожыя касцюмы.
20 красавіка 2013 года жыхары нашага раёна, як і ўсёй краіны, выйдуць на суботнік, а, значыць, заробяць грошы, за якія зноў можна будзе зрабіць нешта карыснае для нашых дзяцей, горада і раёна. Плануецца сродкі зрасходаваць на падрыхтоўку аздараўленчых лагераў раёна да летняга перыяду. У прыватнасці, у медыцынскі пункт а/л «Чайка» будзе закуплена сучаснае медыцынскае абсталяванне. Мы зможам адрамантаваць помнікі і абеліскі, умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў адукацыі, культуры, медыцыны, фізкультуры і спорту, а таксама накіраваць сродкі на рэалізацыю ўключаных у рэспубліканскі і раённы планы мерапрыемстваў па правядзенні Года беражлівасці.
Хацелася б, каб мы чарговы раз 20 красавіка гэтага года пераканаліся, што атмасфера своеасаблівага працоўнага адзінства збліжае нават незнаёмых людзей, аб’ядноўвае ўсіх у адну вялікую сям’ю з агульнымі пазітыўнымі думкамі, добрым настроем, працавітасцю. Усе разам — ад мала да вяліка — мы зробім чысцейшым і прыгажэйшым наш агульны дом. І гэта, мабыць, будзе важней за любыя статыстычныя даныя.
Наталля МАЦКЕВІЧ,
начальнік аддзела
ідэалагічнай работы
райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *