Цудоўнае памкненне. Амаль дзесяцігоддзе назад у Ляхавічах нарадзілася добрая традыцыя – дарыць радасць і веру ў цуды

Амаль дзесяцігоддзе назад у Ляхавічах нарадзілася добрая традыцыя –дарыць радасць і веру ў цуды хлопчыкам і дзяўчынкам з цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. За гэты час значна пашырылася кола землякоў, якія падтрымліваюць асаблівых рабят і сталі для іх сапраўднымі сябрамі.

Сёлета зноў Дзед Мароз са Снягуркай, іншыя казачныя персанажы весялілі дзяцей на навагоднім ранішніку. Разам з імі ў святочным карагодзе бацькі і педагогі ў акружэнні гасцей – супрацоўнікаў раённых аддзелаў унутраных спраў і Следчага камітэта, калектыву ЦБП «Беларусбанка», прадпрымальнікаў, якія завіталі з падарункамі і віншаваннямі. Ва ўмовах эпідсітуацыі ранішнік прайшоў на вуліцы з выкананнем усіх мер прафілактыкі.

Намеснік дырэктара Брэсцкага абласнога ЦКРНіР Вольга Пікалава ад галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама ўручыла падапечным цэнтра 20 салодкіх куфэркаў, а таксама надворны батут – ад прадпрыемства «Санта Брэмар», ад устаноў прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі Брэстчыны – развіваючыя гульні.

«ЛВ» паведамляў пра тое, што творчыя работы падапечных ЦКРНіР па выніках раённага этапу выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця «Я+ТЫ = МЫ» ўдзельнічалі ў абласным спаборніцтве. І вось прыемная навіна: Іван Катола ўзнагароджаны Падзякай галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама за выраб «Маміна шчасце».

Падарункавы час працягваецца. Пяцьсот рублёў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ЦКРНіР пералічыў Ляхавіцкі малочны завод.

А 26 снежня ў ГДК з аншлагам прайшоў вялікі дабрачынны канцэрт «Калі мы разам!». Усё больш нераўнадушных землякоў далучаецца да навагодняга марафону, прысвечанага хлопчыкам і дзяўчынкам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. На гэты раз на сцэне разам з народнай эстраднай студыяй «Экспрэс» спявалі народная вакальная эксперыментальная група «Берагіня», Аляксандра і Алена Абрамавы з Тухавіцкага СДК і выканаўца Ірма з Мінска, танцавалі калектывы дзіцячай школы мастацтваў г. Ляхавічы. Выручаныя за білеты грошы (а гэта каля 600 рублёў) будуць перададзены ЦКРНіР для набыцця вучэбна-дыдактычнага матэрыялу. Дырэктар установы Наталля Маслоўская і ўвесь калектыў шчыра ўдзячны тым, хто падтрымлівае іх выхаванцаў і дапамагае верыць у навагоднюю казку.

Дарэчы, у мінулую суботу святочны настрой панаваў і ў гарадскім парку, дзе актывісты БРСМ і Маладзёжнага парламента арганізавалі для ляхавічан і гасцей «Навагодні агеньчык». Сюды на музычны вечар ішлі цэлымі сем’ямі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.