У хуткім часе журы назаве тых, хто прадставіць Ляхавіччыну на абласных конкурсах і фестывалях

Фальклорны калектыў Крывошынскага СДК прадставіў разнастайную праграму.

Напэўна, нават дылетант у галіне культуры і мастацтва адзначыць, што з кожным годам раённыя агляды-конкурсы мастацкай самадзейнасці выходзяць на больш высокі прафесійны ўзровень, чым гэта было, напрыклад, гадоў дзесяць назад. Мяняецца час, прыходзяць новыя аўтары, з’яўляюцца новыя песні, запальваюцца новыя «зоркі». Што і пацвердзіла конкурсна-канцэртная праграма, якая адбылася ў мінулую нядзелю ў гарадскім Доме культуры. Прафесійнае журы ў складзе спецыялістаў упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама і абласнога грамадска-культурнага цэнтра выбірала канкурсантаў, якія прадставяць Ляхавіччыну ў фіналах абласных фестываляў.
Самадзейныя артысты вельмі пастараліся прадэманстраваць свае таленты і ўразіць журы. Інструментальны ансамбль «Дыксіленд» (кіраўнік Барыс Шабановіч), складзены з выкладчыкаў Ляхавіцкай школы мастацтваў, падрыхтаваў на агляд-конкурс эстрадна-джазавай музыкі «Пружанскі блюз» міні-канцэрт.
Нашы землякі беражліва захоўваюць багатыя культурныя і фальклорныя традыцыі сваіх продкаў, прымнажаюць іх і перадаюць у спадчыну. Таму выступленне ў конкурсе фальклорных калектываў — справа гонару. Багатую праграму падрыхтавалі ўдзельнікі фальклорнага калектыву «Весялушкі» Ліпскага СДК (кіраўнік Святлана Дыдышка). Тут былі і прыпеўкі, і абрадавыя песні, і нават цэлы «вянок беларускіх народных танцаў».
Роднае народнае сілкуе нашы душы і сёння — у гэтым цвёрда ўпэўнены крывошынскія хлопчыкі і дзяўчынкі. Вучні мясцовай школы з года ў год добраўпарадкуюць рэпіхаўскі парк. А ў мясцовым СДК пастаянна гучаць народныя песні. Вось і на аглядзе-конкурсе самадзейныя артысты па-сапраўднаму парадавалі. Выразна гучала беларуская казка ў выкананні Дар’і Русакевіч. Дарэчы, твор запісаны са слоў мясцовай жыхаркі 82-гадовай Таццяны Рабцэвіч.
Апошнім часам цяжка ўявіць культурныя мерапрыемствы ў нашым раёне без народнага тэатральнага калектыву «Вастраўчане» Востраўскага СДК (рэжысёр Валянціна Гоўша). У нядзелю на суд журы яны вынеслі свае чарговыя гумарыстычныя замалёўкі.
Прыемна здзівілі ўдзельнікі свята сямейнай творчасці «Пад дахам дома твайго». Колькі ў нас таленавітых сямейных калектываў і выканаўцаў! Напрыклад, Аляксей і Ірына Каўшы з Адахаўшчынскага СДК. Дарэчы, пазнаёміліся яны калісьці на адным з канцэртаў, стварылі сям’ю і працягваюць выступаць, прычым часта менавіта ў дуэце. Хто на культурнай прасторы Ляхавіччыны не ведае пявучую сям’ю Гуліцкіх?! На апошнім канцэрце на біс выступілі Аляксандр і Алена з песняй «Бацька і дачка». А потым сярэдні сын Дзмітрый спяваў разам з сястрой.

З песняй па жыцці ідзе сямейны ансамбль «Карагод» Ураджайнінскага СДК.

Сапраўднае задавальненне атрымалі гледачы ад творчага нумара ў выкананні сямейнага калектыву «Карагод» з Ураджайнінскага СДК. Кіраўнік гэтага ансамбля Ларыса Ясевіч заўважыла: «Песня — важная частка нашай сям’і, з ёй жыццё заўжды весялей і цікавей».
Пранікнёна спявалі выхаванец цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Кірыл Праневіч і яшчэ адна вучаніца Юрыя Грыня Настасся Свянтэцкая.
Як заўсёды, чарговую порцыю прызнання гледачоў атрымаў Андрэй Цямчык.
Польскую нацыянальную культуру прадставілі ў рамках абласнога тура рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур Хелена Вярбенка і Яніна Гацура, якія спявалі ў суправаджэнні народнага ансамбля народнай музыкі ГДК «Народныя музыкі» (кіраўнік Эдуард Сіліцкі).
У хуткім часе журы назаве тых, хто прадставіць Ляхавіччыну на абласных конкурсах і фестывалях.
На жаль, у бочцы мёду знайшлася і свая лыжка дзёгцю. Канцэрт быў добры, а пацвердзіць гэта могуць лічаныя людзі. Зала ГДК была пустой. Гледачоў можна было пералічыць па пальцах абедзвюх рук… Хаця адкуль нашы землякі маглі ведаць пра вялікі канцэрт агляду-конкурсу, калі не было ні афіш на спецыяльных дошках, ні аб’явы ў раёнцы. Мясцовыя арганізатары мерапрыемства з аддзела культуры мусіць не палічылі гэта патрэбным.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

2 thoughts on “У хуткім часе журы назаве тых, хто прадставіць Ляхавіччыну на абласных конкурсах і фестывалях

  • 17/04/2013 в 11:48
    Permalink

    На жаль, у бочцы мёду знайшлася і свая лыжка дзёгцю. Канцэрт быў добры, а пацвердзіць гэта могуць лічаныя людзі. Зала ГДК была пустой. Гледачоў можна было пералічыць па пальцах абедзвюх рук… Хаця адкуль нашы землякі маглі ведаць пра вялікі канцэрт агляду-конкурсу, калі не было ні афіш на спецыяльных дошках, ні аб’явы ў раёнцы. Мясцовыя арганізатары мерапрыемства з аддзела культуры мусіць не палічылі гэта патрэбным.
    ****************************************
    Здаецца, спадарыня Галіна Канько ведала, што мерапрыемства распачынаецца ў 9 гадзін раніцы… Але з’явілася ў глядзельнай зале ГДК толькі ў 11 гадзін… Напэўна, карэспандэнт палічыў, што калі паляжыць лішнія 5 хвілін у ложку і вып’е кубачак кавы — ніхто не заўважыць .. Наконт аб’яў гэтага мерапрыемства, арганізатары паклапаціліся запрасіць УСІХ ЖАДАЮЧЫХ на мерапрыемства.

  • 17/04/2013 в 19:33
    Permalink

    Тое, што карэспандэнт «ЛВ» з’явілася ў глядзельнай зале ГДК у 10 гадзін 30 хвілін зусім не азначае, што яна прысутнічала на мерапрыемстве не з самага яго пачатку. Для тых каму цікава: работа журналіста заключаецца не толькі ў тым, каб сесці і назіраць за падзеямі непасрэдна ў глядзельнай зале. Журналісту для паўнаты ўсёй карціны цікава паназіраць і за тым, што адбываецца за кулісамі і канешне, пагутарыць з артыстамі. А для таго, каб склалася агульнае ўражанне пра мерапрыемства няма ніякай неабходнасці глядзець яго ад «а» да «я». Тым больш, што ў абавязкі карэспандэнта не ўваходзіць складаць летапіс мерапрыемства, а акцэнтаваць увагу на найбольш яскравых момантах. На вялікі жаль, не заўсёды прыемных для арганізатараў. А што датычыцца крытыкі, то яе варта ўспрымаць рэалістычна і рабіць высновы з недапрацовак. З павагай, да работнікаў культуры Галіна Канько.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *