Настрой на сюрпрызы. У Тухавіцкай СШ напярэдадні Новага года адкрылася майстэрня Дзеда Мароза

У Тухавіцкай СШ напярэдадні Новага года адкрылася майстэрня Дзеда Мароза па вырабе навагодніх сюрпрызаў і падарункаў для сяброў.

Напярэдадні Новага года ў рамках работы шостага школьнага дня прайшоў майстар-клас «Навагодняя паштоўка сваімі рукамі». Важна, што гэта свята збліжае бацькоў і дзяцей. Разам яны робяць сваімі рукамі розныя вырабы. У школе арганізавана выстава творчых работ «Навагоднія фантазіі».

Аддаць часцінку цяпла і акружыць клопатам, увагай людзей, асабліва ў навагоднія і калядныя дні, спяшаюцца піянеры і акцябраты дружыны «Праметэй». Яны ўдзельнічаюць у акцыі «Цуды на Каляды» – падрыхтавалі падарункі для дзяцей, якія знаходзяцца ў цяжкім становішчы.

Не забыліся рабяты і пра пачастункі для птушыных сяброў. Сваімі рукамі зрабілі кармушкі і развесілі ў двары школы. А акцябраты падрыхтавалі калектыўнае віншаванне нашаму галоўнаму беларускаму Дзеду Марозу і Сягурачцы ў Белавежскую пушчу.

Самым доўгачаканым і цікавым стала свята «Навагодні калейдаскоп». Карагоды каля ёлкі, гульні, конкурсы, карнавальныя касцюмы, сустрэча з Дзедам Марозам і Снягурачкай і, канешне, падарункі змаглі стварыць для кожнага святочны настрой і падарылі радасць.

Алена КАЗАНЦАВА, педагог-арганізатар Тухавіцкай СШ.