Пазнаём Беларусь разам. Школьніца з Начаўскай СШ перамагла ў рэспубліканскім конкурсе, а навучэнец СШ №1 г. Ляхавічы стаў яго прызёрам

Назва рэспубліканскага турыстычнага конкурсу «Пазнай Беларусь» гучыць як заклік да падарожжаў па краіне, вывучэння яе турыстычных маршрутаў і адметных краявідаў. Яго арганізатарам выступае Міністэрства спорту і турызму сумесна з Нацыянальным агенцтвам па турызме. Сёлета конкурс праходзіў 18-ы раз і сабраў 1103 заяўкі для ўдзелу ў дзесяці намінацыях. Асаблівую зацікаўленасць у канкурсантаў выклікалі «фатаграфія года» і «расказ аб малой радзіме», «я пазнаю Беларусь».

У намінацыі «расказ аб малой радзіме» журы прысудзіла перамогу Вікторыі Анціпарук з Начаўскай СШ. Наша юная зямлячка стала лепшай сярод 380 прэтэндэнтаў, якія апавядалі пра сваю родную старонку. Яшчэ адзін прыгожы акорд у Год малой радзімы!
Віка вучыцца ў дзявятым класе і жыве ў Грушаўцы. Гэтым мясцінам (а менавіта знакамітаму палацава-паркаваму ансамблю) і прысвяціла сваё сачыненне. Школьніца прызналася ў любві да дарагога сэрцу куточка праз аповяд пра яго мінулае. Прычым так калярова перадае пачуцці, што хочацца адправіцца ў падарожжа ў Грушаўку. На школьным аўтобусе Віка едзе на заняткі і штодзень натхняецца навакольным пейзажам, дзе знаёма кожная галінка. Пра ўмовы рэспубліканскага конкурсу дзяўчынка даведалася ад настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Дзіны Янушкевіч. Разам склалі план творчай работы, абмеркавалі ўсе крокі і дэталі. Калі даведаліся пра перамогу, адразу не паверылі –   так гэта было нечакана і радасна. Гэта сур’ёзны стымул далей складаць маршруты пазнання роднага краю і шырока прэзентаваць іх гасцям.
– Нашай школе пашанцавала прапісацца ў мясцінах, багатых на гістарычныя і культурныя падзеі. Акрамя Грушаўскага палацава-паркавага ансамбля, школьнікі шмат ведаюць пра начаўскую сядзібу. У Начы нарадзіўся і вырас беларускі публіцыст і перакладчык Напалеон Чарноцкі. Ёсць з чым знаёміцца і пра што пісаць, – адзначае педагог.
Прафесійны стаж Дзіны Анатольеўны – больш за два дзесяцігоддзі, і яна добра ведае, як выкладаць вучэбны матэрыял, каб ён запамінаўся, пакідаў след у памяці навучэнцаў. Начаўская школа – беларускамоўная, і настаўнік прыгожа размаўляе на мове нават па-за межамі работы. Дарэчы, адна з газет, якая ў заўсёднай падпісцы Дзіны Анатольеўны, – раёнка.


Прызёрам намінацыі «расказ аб малой радзіме» стаў чацвёртакласнік СШ №1  Дзмітрый Андрусевіч. На конкурс ён склаў акраверш «Люблю горад свой…», у якім першыя літары кожнага з шасці слупкоў складаюць словы «Ляхавіцкая фартэцыя», «рака Ведзьма» і г. д.
З настаўніцай Людмілай Граблюк яны пастараліся выказаць у вершы ўсё сваё захапленне роднымі Ляхавічамі. Дзіма – адзін з лепшых навучэнцаў класа, у якога ў дзённіку няма іншых адзнак, акрамя «дзявятак» і «дзясятак». Кнігі чытае з захапленнем, любіць канструяваць і рашаць складаныя задачы. Дзіма быў сярод запрошаных на ўрачыстую цырымонію ўзнагароджвання ў Мінск.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.