Галоўнае – разумець іншых. 5 студзеня работнікі сацыяльнай абароны адзначаюць прафесійнае свята

Таіса Макарэвіч (у цэнтры), Галіна Пішч,  Наталля Шклянік, Таццяна Дыдышка.

Звычайная жыццёвая сітуацыя: бацькі жывуць у вёсцы,
а дзеці – у горадзе. Пажылыя людзі са штодзённымі клопатамі спраўляюцца самастойна, але дапамога ўсё ж патрэбна.
Сын ці дачка не заўсёды можа прыехаць. Як быць? Адказ  на гэта і іншыя пытанні ў кампетэнцыі спецыялістаў аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, што знаходзіцца ў райцэнтры па вуліцы Юбілейнай, 19. Менавіта яны курыруюць дзейнасць сацработнікаў, якія для адзінокіх непрацуючых пенсіянераў – першыя памочнікі.

Абслугоўванне на даму сацработнікам – найбольш запатрабаваная форма аказання сацыяльна-бытавых і іншых паслуг. Звярнуцца ў ТЦСАН па пытаннях сацабслугоўвання на даму можа кожны пенсіянер, якому споўнілася 60 гадоў. Такія паслугі прадастаўляюцца і людзям з інваліднасцю незалежна ад узросту. Тут падрабязна раскажуць пра дакументы, якія ў такіх выпадках неабходны, і дапа-могуць іх атрымаць, растлумачаць, у які тэрмін прымаецца рашэнне аб заключэнні адпаведнага дагавора, дадуць іншую прафесійную кансультацыю. ТЦСАН сваю біяграфію адлічвае з 2002 года, а ўзрост аддзялення сацабслугоўвання пайшоў на чацвёрты дзясятак. Пачынала ў свой час гэту справу Галіна Пішч, а пасля Галіна Леанідаўна шмат гадоў узначальвала ТЦСАН.
Святлана Гарон, Галіна Пішч і Наталля Шклянік – спецыялісты па асноўнай дзейнасці, Таццяна Дыдышка – спецыяліст па сацыяльнай рабоце. На чале аддзялення – загадчыца Таіса Макарэвіч. Таіса Мікалаеўна – прафесіянал высокага класа з 25-гадовым працоўным стажам. А пачынала з інспектара аддзела сацабароны пры райвыканкаме.
У Крывошынскім і Востраўскім сельсаветах самая вялікая, у адрозненне ад іншых, колькасць грамадзян, якія знаходзяцца на надомным абслугоўванні. Гэта тэрыторыя пад увагай інспектара Святланы Гарон, якая ў сацыяльнай сферы больш за два дзесяцігоддзі. Яе прафесіяналізм пацверджаны не толькі ўзнагародамі – удзячнасцю людзей.
Да сваіх абавязкаў калектыў падраздзялення падыходзіць з адказнасцю і дакладнасцю. Разумеюць, што за кожным зваротам – лёс асобнага чалавека. Нераўнадушнасць і чуллівасць, разуменне і спагада – гэта характарыстыкі калектыву аддзялення. Неяк была сведкай, як спецыялістам аддзялення  давялося збіраць адзінокую жанчыну ў бальніцу. Тая хацела з сабой упакаваць увесь свой гардэроб і іншыя рэчы. Супрацоўніцы цярпліва тлумачылі, дапамагалі і вяскоўцы, быццам роднаму чалавеку.
Сістэма сацыяльнага абслугоўвання не застыла ў часе, а падстройваецца пад патрэбы пажылых грамадзян і іх інтарэсы. З гэтай мэтай укараняюцца новыя формы «дамашніх умоў». Арганізаваны гасцявыя сем’і, патранатныя і прыёмныя. У Жарабковіцкім сельсавеце з’явіцца і замяшчальная. Гэта калі чужыя людзі даюць прытулак для пенсіянера, якому больш за 70 гадоў, ці інваліда I групы.
Тры дамы сацыяльных паслуг, Ганчароўскі дом сумеснага пражывання для пажылых грамадзян і інвалідаў – гэта інавацыйныя формы жыццеўладкавання нашых землякоў паважанага ўзросту. Аб’ём работы спецыялістаў аддзялення сацдапамогі даволі шырокі, у тым ліку займаюцца яны і зборам дакументаў, падрыхтоўкай матэрыялаў для перадачы ва ўпраўленне для прыняцця рашэння аб назначэнні дапамогі па доглядзе за інвалідам I групы ці за асобай, якой споўнілася 80 гадоў.
Па стане на пачатак снежня назначана 78 дапамог. Работа гэта арганізавана на такім высокім узроўні, што па выніках абласной праверкі не было заўваг ні па іх назначэнні, ні па доглядзе за непрацаздольнымі.
– Калектыў цэнтра зладжаны і вопытны. Галоўнае, што мае калегі ўмеюць суперажываць і разумець іншых. Карыстаюцца павагай і аўтарытэтам у пажылых землякоў. У нашай сферы без гэтага ніяк, –адзначае дырэктар ТЦСАН Таццяна Равінская.
На абслугоўванні 70 сацыяльных работнікаў (пяцёра з іх – мужчыны) у раёне знаходзіцца больш за шэсць соцень чалавек з 70 населеных пунктаў. Выпадковых сярод сацработнікаў няма. Як пацвярджэнне – 13 пенсіянераў, якія нават на пенсіі працягваюць быць сваімі для чужых людзей. Практычна з першых дзён існавання аддзялення атрымліваюць ад сваіх падапечных удзячнасць за работу сацработнікі Раіса Горбік, Галіна Саўчанка, Вольга Саган,Зоя Біліновіч, Зоя Якубчык. Прафесійны шлях кожнай з іх не меншы за тры дзесяцігоддзі. Маецца ў штаце нават працоўная сямейная каманда сацработнікаў – Мікалай і Наталля Лашукі і іх нявестка Наталля. Калі ўлічыць, што ў абавязках гэтых прафесіяналаў пакупка прадуктаў і лякарстваў, добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі, распальванне печы і многае іншае – работа не з лёгкіх. Тым больш у сённяшняй няпростай эпідсітуацыі, калі ўся работа выконваецца ў масцы. Штодзень сацработнікі ўносяць свой важкі ўклад у абарону найбольш уразлівых слаёў насельніцтва.
Нядаўна далучылася да каманды прафесіяналаў Наталля Ляўша. Да гэтага даглядала за інвалідам I групы, а зараз у яе дзесяць падапечных, якія пражываюць адзін ад аднаго не праз двор – некаторыя на вялікай адлегласці. Напрыклад, у Свяціцы ці ў Залужжы. Даводзіцца дабірацца і на аддалены хутар пры лесе. Сацработнік падкрэслівае, што незнаёмыя людзі паспелі стаць для яе блізкімі, пра якіх думае і калі працоўны дзень скончыўся.
– Сацслужба ні ў якім разе не замяняе клопат дзяцей пра бацькоў і не вызваляе іх ад гэтай адказнасці. Мы прыходзім на дапамогу тады, калі дзеці занятыя. Супрацоўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама сваю работу выконваюць, лічу, з высокай адказнасцю, – падкрэслівае начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама Дзіяна Трысцень.

Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама Дзіяна Трысцень узнагароджана Падзякай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны за добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм і вялікі асабісты ўклад у работу па сацыяльнай абароне грамадзян ва ўмовах неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі, а дырэктар ТЦСАН Таццяна Равінская – Падзякай старшыні камітэта па працы, занятасці і сацабароне Брэсцкага аблвыканкама.