На розных хвалях. Калі чакаць вакцынацыю супраць COVID-19 на Ляхавіччыне?

У спадчыну ад высакоснага 2020-га засталася нам пандэмія каварнага COVID-19, першая хваля якой адзначылася леташнімі вясной-летам.
Другая пачалася мінулай восенню і яшчэ доўжыцца. Нягледзячы на прафесіяналізм нашых медыкаў, распрацоўкі навукоўцаў, якія навучыліся змагацца з выключна новай і яшчэ да канца не разгаданай інфекцыяй, на жаль, пра канчатковую перамогу
над каранавірусам гаварыць рана. Усё часцей можна пачуць:  не за гарамі магчыма і трэцяя кавідная хваля.

Без маскі і ні туды,  і ні сюды
– Алгарытм дзеянняў кожнага чалавека (незалежна ад таго перахварэў ён каранавірусам ці не) застаецца ранейшым: прафілактыку ніхто не адмяняў. Абавязкова ў грамадскіх месцах захоўвайце масачны рэжым. Мяняць маску неабходна кожныя дзве гадзіны. І калі яна стала вільготнай, неабходна адразу надзець сухую і чыстую. Многаразовыя маскі трэба мыць з мылам, пасля высушыць і прагладзіць гарачым прасам. Не забывайце пра рукі: пажадана мыць іх з мылам не менш за 20 секунд. Пры адсутнасці такой магчымасці – працірайце антысептыкам. Нялішняй будзе і перыядычная дэзынфекцыя спецыяльнымі сродкамі паверхняў сталоў на працоўным месцы, дзвярных ручак і інш. Канешне, не забывайце пра сацыяльнае дыстанцыраванне. Старайцеся ўвогуле пазбягаць месцаў, дзе шматлюдна. Лепш перастрахавацца, чым потым хварэць, – нагадвае галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя распаўсюдзіла інфармацыю, што рэгіструюцца хоць і адзінкавыя, але і паўторныя выпадкі кавіда. Таму бяспека і меры перасцярогі не адмяняюцца для ўсіх і для кожнага.
– Навагоднія святы прадаўжаюцца. Днямі праваслаўныя вернікі будуць адзначаць Раство Хрыстова. Лепш не ладзіць застолляў з вялікай колькасцю людзей, – раіць галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна.

Слова за вакцынацыяй
Пра непрадказальнасць і каварнасць COVID-19 ходзяць ужо легенды. Сапраўды, інфекцыя сябе вядзе па-рознаму, да вядомых сімптомаў далучаюцца ўсё новыя і новыя. Да сігналаў, якія падае наш арганізм, трэба прыслухоўвацца. Як і ў лячэнні любой хваробы, важна звярнуцца за медыцынскай дапамогай як мага раней, не займацца самадыягностыкай. Калі тыя, хто перамог вірус, усё ж крыху з палёгкай уздыхнулі, то іншыя занепакоены: як бы не падхапіць каранавірус. Спадзяюцца на вакцыну, якую пачалі распаўсюджваць ужо ў некаторых краінах.
Вядома, што напрыканцы мінулага снежня ў Беларусі пачалася вакцынацыя супраць COVID-19. Калі яе чакаць на Ляхавіччыне?
– Першая партыя вакцыны расійскай вытворчасці паступіць у Ляхавіцкі раён ў студзені. Ужо вызначаны тыя, хто яе атрымае, – гэта работнікі ўстаноў аховы здароўя і адукацыі. Абавязковая ўмова – у іх яшчэ не быў дыягнаставаны каранавірус. Усе прышчэпкі будуць зроблены за кошт бюджэту, – адзначае Віталій Ціханаў і дадае: – На сёння эпідсітуацыю з каранавірусам на Ляхавіччыне можна назваць так – устойлівы выхад на плато. Пра зніжэнне захворвання гаварыць пакуль не будзем. А вось тое, што павышэння не будзе, – гэта дакладна.

Галіна КАНЬКО.