У гасцях у феі Свята і Марыі Чарадзееўны. У Ляхавічах прайшоў дабрачынны навагодні ранішнік

Кожны Новы год для дзяцей – чароўная казка. Час, калі спраўджваюцца мары і здараюцца цуды. А для дарослых гэта выдатная магчымасць пабыць у ролі чараўнікоў. Месцам выканання жаданняў і цудаў днямі стаў гарадскі Дом культуры.

Тут прайшоў дабрачынны навагодні ранішнік, у якім прыняло ўдзел кіраўніцтва раёна. Відэавіншаванне дзецям адрасаваў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс. Ён пажадаў рабятам заўсёды заставацца сапраўднымі патрыётамі, расці здаровымі і моцнымі, радаснымі і вясёлымі.

Эстафету віншаванняў пераняў старшыня Ляхавіцкага райвыканкама Мікалай Мароз. Ён адзначыў, што Новы год –час для здзяйснення ўсіх жаданняў, таму няхай кожны пад калючай прыгажуняй зной-дзе свой чаканы падарунак.

– Для вас зараз самае галоўнае – старанна вучыцца, атрымаць добрую адукацыю. Вольны час таксама праводзьце з карысцю: у нашым раёне для гэтага створаны ўсе ўмовы. Няхай у новым годзе вас чакаюць толькі поспех і перамогі, –павіншаваў хлопчыкаў і дзяўчынак кіраўнік раёна.

А далей рабяты разам з казачнымі персанажамі адправіліся ў святочнае падарожжа. Марыя Чарадзееўна, фея Свята, Дзед Мароз і Снягурка… Хлопчыкі і дзяўчынкі танцавалі, разгадвалі загадкі, адказвалі на пытанні – а ўсё для таго, каб разбурыць каварныя планы Мышыльды і Бабы Ягі, якія вырашылі сапсаваць святочны настрой.

Наступнай навагодняй лакацыяй стала ёлачка ў фае ГДК. Рабяты вадзілі карагоды, спявалі песні і танцавалі. І, канешне, атрымалі падарункі.

Дарэчы, сёлета на падарункі дзецям было выдзелена 2400 рублёў з раённага бюджэту. Таксама 15 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ў гэтым годзе дасягнулі высокіх вынікаў у спорце, вучобе, творчасці, навуцы, атрымалі салодкія падарункі ад старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Больш фота ТУТ.