Важнае сацыяльнае. Каму бюджэт у дапамогу

Грамадская прыёмная – па-ранейшаму запатрабаваны від сувязі паміж грамадзянамі і органамі ўлады. Прычым усё большую актыўнасць землякі праяўляюць у плане вырашэння пытанняў агульнай важнасці, а не пэўных асабістых праблем.

Каму бюджэт  у дапамогу
4 студзеня, калі ў грамадскай прыёмнай райвыканкама працавала начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Страмавус, патэлефанавала жыхарка раёна, якую цікавіла, наколькі сацыяльна арыентаваны бюджэт Ляхавіччыны.
– Адзначу, што значная частка бюджэту раёна адпраўляецца менавіта на фінансаванне сацыяльнай сферы, а гэта ахова здароўя, адукацыя, сацыяльная абарона, культура, фізкультура і спорт. Увогуле, палітыка дзяржавы сацыяльна арыентаваная, тычыцца яна і вялікіх гарадоў, і малых населеных пунктаў. Напрыклад, 73 працэнты раённага бюджэту ў мінулым годзе пайшлі менавіта на сацыяльную сферу, – адзначае Ірына Страмавус.
У аналагічным ключы прагучала і пытанне, якое адрасавала Ірыне Страмавус жыхарка райцэнтра Кацярына Сцяпанаўна. Жанчыну цікавіла, якія расходы панёс бюджэт на фінансаванне ўстаноў аховы здароўя ў мінулым годзе.
Ірына Юльянаўна расказала, што ўсяго з раённага бюджэту на медыцыну выдаткавана за ўвесь 2020 год 11813,2 тысячы рублёў. Для параўнання: у 2019 годзе – 10124,6 тысячы рублёў. Прычым пераважная частка сродкаў, а менавіта 8298,8 тысячы рублёў, пайшла на выплату заработнай платы работнікам устаноў аховы здароўя. У тым ліку 6,8 працэнта ад агульнай сумы бюджэтнага фінансавання адрасавана за работу з хворымі COVID-19, што дазволіла павялічыць зарплату медработнікам на 9,7 працэнта. 960,2 тысячы рублёў ці 8,1 працэнта ад агульных выдаткаў пайшло на расходы па аплаце лякарстваў і медыцынскіх вырабаў, 627,9 тысячы рублёў (5,3 працэнта) – на разнастайныя транферты насельніцтву, накшталт бясплатных рэцэптаў на набыццё лекавых сродкаў. Яшчэ 193,7 тысячы рублёў – на харчаванне хворых, якія лечацца ў стацыянары бальніцы.
Летась бюджэт аплаціў набыццё кіслароднага канцэнтратара коштам 61,2 тысячы рублёў, аўтамабіля хуткай медыцынскай дапамогі – 119,9 тысячы рублёў. Акрамя таго, за бюджэтныя сродкі зроблены капітальны рамонт сістэмы водазабеспячэння і каналізацыі (на трэцюю і чацвёртую чаргу пайшло 212,6 тысячы рублёў).

Галіна КАНЬКО.