Спартыўны інтарэс. Ці можна запісаць дзіця ў спартыўную секцыю не з пачатку вучэбнага года, а цяпер

Фота з архіва «ЛВ»

У сераду, 6 студзеня, звароты гараджан і вяскоўцаў разглядала галоўны спецыяліст райвыканкама Таццяна Шчука, якая курыруе пытанні спорту і турызму. Ляхавічаніна цікавіла, ці можна запісаць дзіця ў спартыўную секцыю не з пачатку вучэбнага года, а цяпер.
– Пажадана, канешне, запісвацца на заняткі ў верасні і з таго часу іх наведваць. Аднак, калі ў хлопчыка ці дзяўчынкі ёсць жаданне займацца, то чакаць наступнага навучальнага года няма неабходнасці. У СДЮШАР раскажуць і падкажуць. Акрамя таго, можа зазірнуць на сайт «Спорт і турызм Ляхавіцкага раёна» ці на старонку ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Неабходную інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне 2-14-63, – расказвае Таццяна Шчука.
У пацвярджэнне таго, што землякі любяць займацца спортам і аддаюць перавагу здароваму ладу жыцця, прагучала пытанне ад ляхавічаніна Андрэя Аляксеевіча: «Будаўніцтва якіх спартыўных аб’ектаў запланавана ў раёне на 2021 год?». Таццяна Шчука паведаміла, што з мэтай павышэння эфектыўнасці вучэбна-трэніровачных заняткаў, паляпшэння рэзультатыўнасці выступленняў юных спартсменаў і правядзення на больш высокім узроўні спартыўна-масавай работы з насельніцтвам, сёлета запланавана рэканструкцыя бегавых дарожак на стадыёне «Колас» у Ляхавічах. Таксама ў планах – замена штучнага пакрыцця на міні-футбольнай пляцоўцы стадыёна «Колас».

Галіна КАНЬКО.