Адзіная краіна. Беларусь рыхтуецца да шостага Усебеларускага народнага сходу

Беларусь рыхтуецца да шостага Усебеларускага народнага сходу. У кожным раёне выбіраюць самых дастойных кандыдатаў, якія прадставяць інтарэсы землякоў на рэспубліканскім форуме.
Іх дэлегуюць на ўдзел у прыняцці праграмы развіцця Беларусі на бліжэйшую пяцігодку. На ўсіх папярэдніх сходах заўжды былі і дэлегаты з Ляхавіцкага раёна, якія прадстаўлялі розныя сферы дзейнасці. Уражаннямі ад удзелу ў форуме агульнадзяржаўнай важнасці дзеляцца нашы землякі.

Аляксандр ВІТКО, намеснік старшыні СВК «Ляхавіцкі», Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь:


– Стаць удзельнікам маштабнай падзеі – Усебеларускага народнага сходу – ганарова, пачэсна і ў той жа час адказна. Кожны дэлегат адразу трапляе ў гушчыню падзей, ад яго меркавання, пазіцыі залежыць многае: на такіх мерапрыемствах выпрацоўваецца стратэгія палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага развіцця ўсёй краіны. Землякі неаднойчы аказвалі давер прадстаўляць іх інтарэсы на розных форумах, сходах, канферэнцыях.
Я быў дэлегатам ад Ляхавіцкага раёна на чацвёртым Усебеларускім народным форуме, які праходзіў 6-7 снежня 2010 года. Двухдзённая праграма была даволі насычанай. Назаўжды ў памяці атмасфера адзінства і нераўнадушша. Канешне, галоўная падзея – выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік краіны тады акрэсліў не толькі поспехі і дасягненні ў розных галінах за мінулую пяцігодку, але адзначыў і тое, над чым яшчэ належыць сур’ёзна працаваць. У ліку прыярытэтных задач у эканоміцы Прэзідэнт называў энергетычную бяспеку, імпартазамяшчэнне, збалансаванасць знешняга гандлю і нарошчванне экспарту. Адзначалася, што ў Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку закладзены вельмі напружаныя паказчыкі, прызначаныя забяспечыць істотнае павышэнне дабрабыту беларусаў. Шмат увагі планавалася ўдзяліць жыллёваму пытанню, развіццю сацыяльнай сферы: адукацыі, навукі, аховы здароўя, культуры і спорту, маладзёжнай палітыкі. Асаблівая ўвага – падтрымцы сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей.
Таму, вярнуўшыся дамоў, пачалі працаваць з падвоенай сілай, рэалізоўваць пастаўленыя на пяцігодку задачы кожны на сваім участку. Дабрабыт краіны, вобласці, раёна, кожнага грамадзяніна залежыць ад вынікаў працы, росту вытворчасці, умацавання эканомікі. Думаю, што і на шостым Усебеларускім народным схо-дзе землякі назавуць дастойных кандыдатаў. Упэўнены, што народ Беларусі падтрымае ідэю, выказаную нашым Прэзідэнтам, наконт таго, што ўсе, незалежна ад палітычных поглядаў, веравызнанняў, прафесій і сацыяльнага статусу, павінны аб’яднацца, каб разам будаваць квітнеючую краіну, каб у Беларусі заўжды панавалі мір і спакой.