Арганізм скажа дзякуй. Сістэма аказання медыцынскай дапамогі ва ўмовах пандэміі ва ўстановах аховы здароўя Ляхавіччыны выпрацавана да дробязей

Сістэма аказання медыцынскай дапамогі ва ўмовах пандэміі ва ўстановах аховы здароўя Ляхавіччыны выпрацавана да дробязей

Запісацца на прыём да вузкіх спецыялістаў можна і па тэлефоне, і праз інтэрнэт, і непасрэдна ў рэгістратуры. Каб не ствараць чэргаў, у змену працуюць адразу некалькі ўрачоў. Самі наведвальнікі паліклінікі сталі больш адказнымі, арганізаванымі. Меры перасцярогі па-ранейшаму на самым высокім узроўні: абавязковы масачны рэжым, як і вымярэнне тэмпературы бескантактным спосабам. Адсюль і вынік: колькасць пнеўманій, выкліканых каранавіруснай інфекцыяй, паступова змяншаецца, хай і павольна, але ўсё ж са знакам «мінус» і рэгіструемая колькасць станоўчых кавідаў.

ПРАВІЛЬНЫЯ  ПРЫЯРЫТЭТЫ
– Лічу, што своечасова расставілі прыярытэты. Напрыклад, адразу раздзялілі паліклініку на чыстую і чырвоную зоны, па меры неабходнасці перапрафілявалі падраздзяленні бальніцы для лячэння пацыентаў з віруснымі інфекцыямі. Акцэнт зрабілі на павелічэнне колькасці кіслародных кропак. Толькі з канца снежня ўстанавілі восем дадатковых адзінак такога абсталявання. Цяпер іх у бальніцы 34, але выкарыстоўваецца значна менш. У дастатковай колькасці і апараты для штучнай вентыляцыі лёгкіх, але і яны задзейнічаны далёка не ўсе – у гэтым няма неабходнасці. Не на поўную магутнасць выкарыстоўваецца і ложкавы  фонд. Пры неабходнасці будуць задзейнічаны яшчэ два аддзяленні, якія зараз у рэзерве. Ложка-месцаў у райбальніцы ў дасдатковай колькасці, – расказвае галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій Хлябовіч. Зараз у асноўным шпіталізуюцца ў інфекцыйнае і перапрафіляванае дзіцячае аддзяленні хворыя з каранавіруснай інфекцыяй з цяжкім цячэн-
нем хваробы і ўскладненнямі. Астатнія атрымліваюць неабход-нае амбулаторнае лячэнне.
Таксама паспяхова супрацьстаяць каранавірусу дапамагае і пастаяннае пашырэнне аўтапарка райбальніцы. У прыватнасці, такое папаўненне назіраецца сярод спецыялізаваных аўтамабіляў хуткай медыцынскай дапамогі (тэхнічна мацнейшыя ў плане аказання амбулаторна-паліклінічнай дапамогі). Менавіта на гэтым транспарце выязджаюць брыгады медыкаў на дом да пацыентаў з COVID-19.
– Своечасова паклапаціліся і пра зладжаную арганізацыю паліклінічнай меддапамогі ў чырвонай зоне. Прыём вядуць некалькі ўрачоў. Станоўчым назаву і той факт, што мы змаглі больш за палову кантактаў першага ўзроўню ўзяць пад медыцынскі нагляд. Дзякуючы своечасовай ізаляцыі і непасрэдна каранавірусных хворых, і кантактаў першага ўзроўню, удалося стабілізаваць сітуацыю з распаўсюджваннем інфекцыі. На карысць і пацыентам, і медыкам – стварэнне кол-цэнтра, – падкрэслівае Георгій Хлябовіч.
Да ўсяго сказанага неабходна дадаць, канешне, прафесіяналізм, адданасць справе з боку медперсанала, яны галоўныя героі антыкавіднай барацьбы.

Стаўка на імунітэт
Медыкі пастаянна нагадваюць пра правілы паводзін для кожнага.
– Калі пацыента пасля знахо-джання ў стацыянары пераво-дзяць на амбулаторнае далечванне, яго стан па-ранейшаму трымаецца на кантролі. Але і сам хворы павінен працягваць лячэнне і выконваць усе прызначаныя рэкамендацыі. Нават калі вы адчуваеце сябе добра, не нагружайце сябе хатнімі справамі. Калі вам закрылі бальнічны ліст і вы выйшлі на работу, медыкі раяць часцей адпачываць, – гаворыць загадчык інфекцыйнага аддзялення Ляхавіцкай ЦРБ Арцём Кабушка.
Парады ад Арцёма Уладзіміравіча аднолькавыя для ўсіх, у каго дыягнаставаны не толькі каранавірус, але і іншыя вострыя інфекцыйныя захворванні: не дапускаць пераахалоджвання, бо імунітэт пасля ВРВІ значна аслаблены. Карыснымі будуць і прагулкі на свежым паветры, але толькі ў месцах, дзе няма вялікай колькасці людзей. Лепш выбіраць для такіх мэт дзённы час, калі тэмпература паветра вышэйшая. Немалаважна і паўнацэннае харчаванне, і захоўванне воднага балансу. Вірус правакуе парушэнне цыркуляцыі крыві ў капілярах. Калі вадкасці недастаткова, кроў гусцее, што ў сваю чаргу можа ўскладніць цячэнне хваробы і яе наступствы. Не забывайце пра свежую садавіну і агародніну. Праветрыванне памяшканняў перад сном не нашкодзіць.
– Пасля выздараўлення ад любых вострых вірусных захвор-ванняў лішнім дакладна не будзе прыём комплексу вітамінаў і мінералаў. Гэта дапаможа вярнуць імунітэт і аднавіць арганізм. Тут важна не перастарацца. Неабходна і лячэбная фізкультура. Зараз існуе нямала гімнастык для дыхання, якія дапамагаюць арганізму аднавіцца пасля каранавіруснай пнеўманіі. Займайцеся плаваннем. Калі няма магчымасці атрымліваць фізіятэрапеўтычныя працэдуры, спакойна пагуляйце паўгадзіны каля дома ці ў парку, падыхайце свежым паветрам. Абавязковая ўмова: цёпла апраніцеся, надаючы ўвагу нагам і грудной клетцы, –  раіць Арцём Кабушка.
Прыслухваемся да рэкамендацый медыкаў, падтрымліваем добры настрой і выконваем меры прафілактыкі. Арганізм скажа толькі дзякуй. Будзьце здаровыя!

Галіна КАНЬКО.