Пакупнік з вопытам. Аб узгадненні продажу КСУП «Ліпнянка» як маёмаснага комплексу

Да дваццаць чацвёртай пазачарговай сесіі, на якую дэпутаты сабраліся на самым старце 2021-га, «Ляхавіцкі веснік» звяртаўся ў папярэднім нумары. Аднак акцэнт быў зроблены толькі на першым пытанні дэпутацкага парадку дня. Другое пытанне гучала так: аб узгадненні продажу  КСУП «Ліпнянка» як маёмаснага комплексу.

А незадоўга да сесіі, паколькі КСУП «Ліпнянка» знаходзіцца ва ўласнасці Ляхавіцкага раёна, у райвыканкам звярнулася сялянска-фермерская гаспадарка «Вопыт-КАА» са зваротам-прапановай аб жаданні і гатоўнасці выступіць у якасці пакупніка «Ліпнянкі». Калі справа дойдзе да здзелкі, яе ўмовай павінен стаць продаж па цане, адпаведнай памеру адной базавай велічыні, дзеючай на пачатак месяца, у якім будзе заключаны дагавор куплі-продажу. Сімвалічнасць платы не гаворыць ні аб чым: за адну базавую велічыню разам з актывамі фермерскай гаспадаркі «бонусам» дастаюцца і ўсе абцяжарванні «Ліпнянкі» – даўгі-запазычанасці, якія ў іх выпадку ўяўляюць сур’ёзную суму. Акрамя таго, абавязкамі пакупніка стане патрабаванне захаваць 70 працэнтаў працоўных месцаў ад наяўных на момант куплі-продажу прадпрыемства. Яшчэ ўкласціся фінансава: на працягу трох гадоў інвесціраваць у вытворчую структуру тры мільёны рублёў. І іншыя дэталі і нюансы.
Патэнцыяльны пакупнік КСУП «Ліпнянка» каранямі са Столінскага раёна,мае нядрэнны досвед у аграрнай справе. Вытворчымі актывамі валодае не толькі на Століншчыне, а ў іншых раёнах вобласці і, нават, за межамі Брэстчыны. Было адзначана, што адна з, далікатна кажучы, не самых да таго рэнтабельных сельгасструктур з «прыходам»  СФГ «Вопыт-КАА» за непрацяглы час пашырыла і нарасціла вытворчасць, павысілася эфектыўнасць гаспадарання. Узважыўшы ўсе за і супраць і дзейнічаючы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 кастрычніка 2018 года
№ 399 «Аб фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый», Ляхавіцкі раённы Савет дэпутатаў вырашыў узгадніць адчужэнне   КСУП «Ліпнянка» як маёмаснага комплексу шляхам продажу СФГ «Вопыт-КАА» па цане, роўнай адной базавай велічыні. Рашэнне таксама нагадвае аб безумоўным: працэдура адчужэння павінна прайсці ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
На другі квартал года райсавет дэпутатаў запланаваў правесці на тэрыторыі Крывошынскага сельсавета выязную сесію, якая, як абяцана, не абміне ўвагай і сельскагаспадарчае прадпрыемства.

Іван КАВАЛЕНКА.