І дом наш вёсачкай завецца. 2021-ы аб’яўлены Годам народнага адзінства

Апошнім часам кожны год у Беларусі быў прысвечаны канкрэтнай тэме, а 2018-ы, 2019-ы і 2020-ы сталі асаблівымі: яны ўвайшлі ў трылогію Года малой радзімы. Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка тады зазначыў, што настаў час кожнаму не толькі ўспомніць пра свае карані, пра месцы, дзе засталася часцінка душы, але і аддаць доўг гэтаму кавалачку зямлі.

Вясковы напрамак

Давайце азірнёмся і зробім завочнае падарожжа па роднай трылогіі, і наш першы экскурсійны маршрут будзе мець вясковы напрамак.

Напэўна, лагічна было б пачаць, напрыклад, з падзеі сацыяльна-эканамічнай накіраванасці накшталт прыроднай газіфікацыі аграгарадка Русінавічы. Але чамусьці кароткімі халоднымі студзеньскімі днямі так хочацца вярнуцца ў вясну…

Вестка пра незвычайнае ноу-хау ад юных ляхавіцкіх эколагаў у красавіку 2019 года хутка разляцелася па ўсёй краіне.

Эксклюзіўны горад шпакоўняў каля і ў вёсцы Вялікае Гарадзішча –своеасаблівае арыгінальнае прызнанне ў любві да малой радзімы ад юных землякоў (у ролі архітэктараў і будаўнікоў выступілі вучні 15 устаноў адукацыі нашага раёна). Пра гэта здымалі відэасюжэты для рэспубліканскіх і абласных выпускаў навін, друкаваліся артыкулы ў сродках масавай інфармацыі. Мела акцыя працяг і ў 2020 годзе.

Цяпло блакітнага  агеньчыка

У кастрычніку 2018 года ў сучасную гісторыю аграгарадка Русінавічы ўпісана новая старонка: у сельскі населены пункт прыйшоў доўгачаканы блакітны падарунак – прыродны газ! Вось такую абноўку атрымалі вяскоўцы ў Год малой радзімы. Тутэйшыя жыхары разважаюць: «Цяпер мы сапраўдныя аграгараджане. У нас усё, як у горадзе: магазіны, дзіцячы садок, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, СДК, фельчарска-акушэрскі пункт, паштовае аддзяленне».

У аграгарадок Русінавічы прыйшоў прыродны газ.

Дарэчы, летась у тых жа Русінавічах з’явілася яшчэ адна адметнасць – гарохавая дача, куды за сімвалічную плату прыязджаюць на адпачынак на свежым паветры, напрыклад, наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту.

Моцная гаспадарка спрыяе дабрабыту працаўнікоў

Усяго на тэрыторыі раёна шэсць сельгаспрадпрыемстваў. І кіраўніцтва кожнага разумее, каб вытворчыя паказчыкі плюсавалі, неабходна мадэрнізаваць вытворчасць, будаваць новыя фермы ці рэканструяваць старыя. Напрыканцы снежня 2019 года суперпадарунак атрымалі працаўнікі ДП «Нача», дзе была ўведзена ў эксплуатацыю новая малочнатаварная ферма «Зубелевічы», разлічаная на адначасовае ўтрыманне 800 кароў дойнага статка.

У ДП «Нача» – новая ферма.

Годам раней адкрыўся чарговы будаўнічы сезон і ў яшчэ аднаго раённага флагмана-сельгасвытворца – ААТ «Жарабковічы»: у Зарытаве пачалі ўзводзіць сучасную МТФ на 720 галоў. Ферма абышлася «Жарабковічам» у больш за пяць мільёнаў рублёў, прыкладна чвэрць выдаткоўвае абласны бюджэт у рамках абласной інвестыцыйнай праграмы, астатняе – крэдытаванне.

Уражвае сваёй аснашчанасцю яшчэ адзін наваселец 2019 года –малочнатаварны комплекс «Сакуны» ААТ «Шлях новы». Напрыклад, тут ёсць малочнае таксі, якое перавозіць малако для выпойвання цялят, падаграе яго да камфортнай тэмпературы. Такое ноу-хау ў нашым раёне дагэтуль было толькі на МТФ «Чашчы» ААТ «Жарабковічы», а цяпер, акрамя «Сакуноў», ёсць і на МТК «Навасёлкі», а таксама ў «Падбароччы» райаграсэрвіса.

Выдатныя ўмовы працы створаны на МТК «Сакуны».

Па-ранейшаму найбольш паспяховыя гаспадаркі ў раёне – СВК «Ляхавіцкі» і ЗАТ «Белпрампрыбор», дзе самыя важкія надоі ад кожнай каровы і, адпаведна, высокі агульны вал малака. Радуюць паказчыкі і ў раслінаводстве, нарыхтоўцы кармоў, адпаведныя істотныя плюсы і ў заработнай плаце працаўнікоў. Яшчэ крыху –і лідараў дагоніць ДП «Нача», дзе таксама справы ідуць добра. Дарэчы, цікавы факт: першым на Ляхавіччыне пра тое, што 2018 год у Беларусі пройдзе пад знакам малой радзімы, даведаўся дырэктар ДП «Нача» Мікалай Тарлюк.

« І калі глядзець у сутнасць тэмы Года малой радзімы глыбей, то стане зразумела, што гэта не краіна, а мы самі маем патрэбу ў тым, каб зрабіць штосьці добрае і карыснае для свайго роднага краю. Гэта нам важна адчуць сябе патрэбнымі, шчодрымі. Усвядоміць сябе гаспадарамі ўласнага жыцця,самадастатковымі людзьмі, якія не толькі шчыра радуюцца поспехам сваёй краіны, але і адчуваюць да іх асабістую прыналежнасць», – сказаў Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстым ушанаванні работнікаў АПК Рэспублікі Беларусь. Цырымонія адбылася 9 лютага 2018 года.

Менавіта 9 лютага 2018 года ён быў сярод 400 удзельнікаў урачыстага ўшанавання перадавікоў аграпрамысловага комплексу, якое праходзіла ў Мінску. А ў верасні 2018 года выдатны кіраўнік паспяховай «Начы» атрымаў заслужаную ўзнагароду – медаль «За працоўныя заслугі». 

Фермерска-падсобны падыход

Актыўна ў апошнія гады ў Ляхавіцкім раёне развіваюцца фермерства і падсобная гаспадарка. Вырошчванне бульбы, буракоў, морквы, памідораў, перцаў, яблыкаў, маліны, буякоў, развядзенне трусоў, малочная жывёлагадоўля – няпоўны пералік таго, чым займаюцца прыватнікі ў сельскай мясцовасці. Паказваюць выніковасць гаспадаркі «Уладзімір плюс», «ЛагуЦін», «Вялікае Падлессе-Агра», «ЖарСк». У кожнага свая спецыфіка, уласны падыход да работы, розныя аб’ёмы выпушчанай прадукцыі і адпрацаваныя рынкі збыту.

Праект «Доўгая карова» прадаўжаецца. 

Нельга не адзначыць і ўклад іншых фермерскіх гаспадарак, якія не толькі занялі сваю нішу, але вытрымалі канкурэнцыю, стварылі дадатковыя працоўныя месцы, у тым ліку і для сельскіх жыхароў, якім няма неабходнасці пакідаць родныя мясціны ў пошуку работы.

На Ляхавіччыне створаны ўсе ўмовы і для развіцця падсобнай гаспадаркі. Вось Юлія і Віталій Мінцэвічы будуюць свой надзейны і ўтульны сямейны ачаг у аграгарадку Востраў, выхоўваюць дзвюх дачушак-прыгажунь і займаюцца падсобнай гаспадаркай – разводзяць курэй, індыкоў і нават паўлінаў. Трэці год у Ляхавіцкім раёне рэалізуецца праект «Доўгая карова». Менавіта ён стаў адным з пераможцаў конкурсу мясцовых ініцыятыў у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС-ПРААН «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь». Асноўная мэта ініцыятывы – развіццё ў сельскай мясцовасці прадпрымальніцтва і самазанятасці ў выглядзе малых сямейных фермаў. Сутнасць у тым, што кожны з удзельнікаў праекта племянную цялушку ў асабістае падвор’е атрымлівае бясплатна. Абавязковая ўмова: першую народжаную ад падоранай каровы цялушку перадае ў іншае падвор’е на тых жа ўмовах. Калі першымі ўдзельнікамі праекта былі жыхары Ганчароўскага сельсавета, то потым адрасы пашырыліся па ўсім раёне. Уладальнікамі першынцаў ад «Доўгай каровы» сталі таксама гаспадары з Жарабковічаў, Зубелевічаў, Савеек, Тальмінавічаў, Крывошына, Ліпска, Вострава, Залужжа, Альхоўцаў, Рагачоў, Гуты, Любеек, Літвы, Дарава і іншых населеных пунктаў Ляхавіцкага раёна. Усяго больш за паўсотні чалавек. Гэты праект вельмі актуальны, ён дае імпульс не толькі для стварэння працоўных месцаў, але і спрыяе развіццю падсобнай гаспадаркі, якая была і застаецца адной з асноў вясковага дабрабыту.

Жывём з камфортам

У цэнтры ўвагі мясцовай улады, а менавіта сельскіх Саветаў дэпутатаў, – чалавек і якасць яго жыцця і быту. Дзейнасць прадпрыемстваў і арганізацый, размешчаных на тэрыторыі адміністрацыйнай адзінкі, напрамую звязана з развіццём сацыяльнай сферы. Таму важна цеснае ўзаемадзеянне тых жа сельвыканкамаў і прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, якія знаходзяцца на гэтай тэрыторыі. Прыкладаў цеснага ўзаемадзеяння шмат. На тэрыторыі Востраўскага сельсавета знаходзіцца адзін з буйнейшых свінагадоўчых комплексаў – ЗТАА «БелДан». Менавіта гэта сельгаспрадпрыемства стала спонсарам у вырашэнні пытання газіфікацыі некаторых вуліц аграгарадка Востраў.

Вуліца навасёлаў у Востраве.

Быў арганізаваны кааператыў забудоўшчыкаў. Спачатку прыродны газ завітаў у дамы і кватэры жыхароў вуліц Школьнай і Камсамольскай, а ў верасні 2019 года і ўвогуле ў газіфікацыі аграгарадка агульнымі намаганнямі пастаўлена кропка. Свой уклад у скарбонку дабрабыту землякоў уносіць і ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі», стараецца Ляхавіцкі лясгас у асобе структурнага падраздзялення –Востраўскага лясніцтва.

Дапамагаюць мясцоваму насельніцтву набыць дровы і торфабрыкет па фіксаваных цэнах. Па магчымасці падтрымліваюць і ўладальнікаў падсобных гаспадарак у апрацоўцы ўчасткаў.

Слаўныя традыцыі

З якой любоўю і асаблівай пяшчотай кожны з «веснікаўцаў» адпраўляецца ў аграгарадок, вёску ці на хутар, каб сабраць матэрыял для напісання артыкула ў рубрыку «Кропка на карце». За апошнія тры гады раёнка, а значыць, і шматлікія чытачы з такой прыемнай нагоды пабывалі ў гасцях у Стараселлі, Вялікім Гарадзішчы, Заполлі, Вадзяціне, Улазавічах, Лабузах,Сваятычах, Ганчарах, Заліпенні, Станчыках, Перахрэсці і іншых.

За кожным артыкулам – людскія лёсы, жыццё, гісторыя населенага пункта, мары і спадзяванні тутэйшых жыхароў. Яны такія розныя, але маюць адно агульнае жаданне, каб іх вёсачка як мага даўжэй была на карце раёна. Вяскоўцы стараюцца ўнесці сваю часцінку ў адраджэнне сяла. Адзін з паспяховых прадпрымальнікаў-землякоў – заснавальнік і дырэктар  ТАА «Трансэлектракамплект» Генадзій Сакуць увасобіў у рэальнасць сваю даўнюю задумку: мініяцюрнае возера раскінулася-разлілося ў цудоўным куточку Ляхавіцкага раёна – вёсцы Перахрэсце, малой радзіме Генадзія Сакуця.

Падарыў незабыўныя эмоцыі землякам і дырэктар ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы» Андрэй Голубеў, які стаў спонсарам свята сваёй роднай вёскі Петухоўшчыны.

Чысціня роднай зямлі

Тэма навядзення парадку, тым больш падчас трылогіі малой радзімы, стала актуальнай літаральна для ўсіх працоўных калектываў, для кожнага жыхара раёна. Дружна выходзілі на суботнікі цэлымі вуліцамі, вёскамі, прыбіралі, добраўпарадкавалі блізкія сэрцу мясціны. Аднаўлялі лясы, закладвалі паркі і скверы. Так, у красавіку 2019 года ў аграгарадку Падлессе насупраць мясцовай базавай школы – дзіцячага сада вырас бярозавы гай. Каля 130 беластволых дрэўцаў высадзілі вучні і работнікі навучальнай установы, Жарабковіцкага сельвыканкама, СДК, ААТ «Жарабковічы», неабыякавыя вяскоўцы, з’явіліся нават сямейныя дрэвы. Штогод на Ляхавіччыне актыўна праходзіць рэспубліканская акцыя «Чысты лес». У кастрычніку 2020 года навучэнцы і выкладчыкі Ляхавіцкага аграрнага каледжа сталі аўтарамі яшчэ адной добрай справы – аднавілі крынічку з багатай гісторыяй у вёсцы Смаленікі.

Акцыя «Тыдзень лесу».

Будзем далей прадаўжаць уладкоўваць і сваю малую радзіму, і нашу міралюбівую Бацькаўшчыну – Беларусь.

2021-ы аб’яўлены Годам народнага адзінства, і кожны з нас павінен  зрабіць такі важны і важкі крок, каб адчуць сябе часткай вялікай дзяржавы, усвядоміць сябе гаспадаром уласнага жыцця, самадастатковым чалавекам, які не толькі шчыра радуецца поспехам сваёй краіны, але і адчуваеда іх асабістую прыналежнасць,патрэбу ў тым, каб зрабіць штосьці добрае і карыснае для свайго роднага краю.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.