Технология производства позволяет заготавливать березовый сок быстро и большими объемами

Успаміны дзяцінства: у прасвідраваныя на дрэве адтуліны закладваліся некалькі роўненькіх саломінак, зверху замацоўваліся невялікім драўляным клінком, а знізу — гліняны гладыш, у які падалі гаючыя кроплі бярозавіку. Найбольшай асалодай было ”злавіць” іх, перш чым яны трапяць у посуд — салодкія-салодкія, ні з чым не параўнальныя. А пасля рабіўся квас: бярозавік злівалі ў дубовую бочку, запраўлялі смажаным ячменем, які надаваў соку своеасаблівы смак. А яшчэ сыпалі «жывое» зерне ячменю, якое ўсплывала наверх і прарастала, закрываючы бочку густой зялёнай «шчоткай». Мусіць, няма напітку смачнейшага, які б лепш спаталяў смагу спякотным летам, чым той квас з дубовай бочкі з-пад «шчоткі» праросшых зярнят…
Цяпер тэхналогія вытворчасці дазваляе нарыхтоўваць бярозавік хутка і вялікімі аб’ёмамі: лясгас пастаўляе сыравіну, а кансервавы завод выпускае гатовую прадукцыю. Сёлета, як расказала намеснік дырэктара ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас» Наталля Адаменка, з улікам таго, што вясна будзе кароткай (самая спрыяльная тэмпература для збору бярозавіку 5-10 градусаў цяпла), спецыяльныя дзялянкі для падсочкі вызначаны ва ўсіх 6-ці лясніцтвах, у кожным створаны брыгады нарыхтоўшчыкаў. Лясгас заключыў дагавор з кансервавым заводам на пастаўку 600 тон соку. Кансерваўшчыкі плануюць перапрацаваць гэтую колькасць бярозавіку і яшчэ прыкупіць каля 100 тон у лясніцтвах Ганцавіцкага і Івацэвіцкага раёнаў. Бярозавік купажуюць з яблычным, клубнічным, малінавым, апельсінавым і іншымі сокамі. Кансервавы завод мае намер выпусціць 1,5 мільёна ўмоўных слоікаў бярозавіку.
Дарэчы, усім жадаючым можна звярнуцца ў лясніцтва і купіць вясновы гаючы напітак для асабістых патрэб: за літр давядзецца заплаціць 960 рублёў. А вось самавольныя падсочкі ў недазволеных месцах будуць каштаваць значна даражэй.
Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *