Прышчэпка ад кавіда. У Беларусі стартам імунізацыі супраць COVID-19 стаў снежань 2020 года. На Ляхавіччыне гэты працэс толькі пачынаецца

Фото БЕЛТА

Як толькі была аб’яўлена пандэмія COVID-19, пачалася распрацоўка вакцыны супраць новай інфекцыі. На сённяшні дзень вакцынацыю лічаць пакуль адзіным спосабам спыніць такое хуткае распаўсюджванне каранавіруса. Як вядома, у Беларусі стартам імунізацыі супраць COVID-19 стаў снежань 2020 года. На Ляхавіччыне гэты працэс толькі пачынаецца.

Так, вакцына ёсць, як і пытанні, што хвалююць людзей. Найбольш актуальныя наступныя: «Каго будуць прышчапляць у першую чаргу?», «Ці можна вакцынавацца па ўласнай ініцыятыве?», «Колькі каштуе адна «порцыя» вакцыны?», «Наколькі яна небяспечная для здароўя?», «Ці трэба прышчапляцца таму, хто перахварэў ужо кавідам?».
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў паведаміў, што жыхары нашага раёна, як і па ўсёй краіне, будуць прышчапляцца паэтапна вакцынай расійскай вытворчасці, якая атрымала рэгістрацыйнае пасведчанне ад Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Што тычыцца аплаты, то прышчапляць будуць за кошт бюджэту. Яшчэ адзін немалаважны аспект – добраахвотнасць.
У гэтай вакцыны асаблівыя ўмовы захоўвання, таму рабіць яе будуць непасрэдна ва ўстановах аховы здароўя.
Віталій Ціханаў адзначыў, што падчас першага этапу вакцыну атрымаюць работнікі ўстаноў аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай сферы. Ёсць і ўзроставыя абмежаванні: зялёнае святло тым, хто трапляе ва ўзроставы дыяпазон ад 18 да 60 гадоў.
– Прышчэпку трэба рабіць для таго, каб не захварэць самому і не заразіць іншых. Магчыма, вакцынацыя будзе штогадовай, як, напрыклад, ад грыпу. Акрамя таго, вядома, што каранавірус муціруе, з’яўляюцца новыя штамы. І, напэўна, супраць іх спатрэбяцца новыя віды вакцыны, –падкрэслівае Віталій Ціханаў.
Галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій Хлябовіч расказаў, што ў райбальніцы створаны ўсе ўмовы для захоўвання вакцыны, для яе ўвядзення падрыхтаваны персанал, памяшканне і абсталяванне.
– Адзін з асноўных крытэрыяў, каб атрымаць вакцыну, –дакументальнае пацвярджэнне таго, што чалавек не хварэў каранавірусам. У адваротным выпадку пакуль у прышчэпцы яму будзе адмоўлена. Таксама нельга вакцынавацца і тым, хто на даны момант хварэе вострымі рэспіраторнымі інфекцыямі, – адзначае Георгій Хлябовіч і дадае: – Па вакцынацыі ад COVID-19 мы працуем у цесным супрацоўніцтве з раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, фарміруем заяўкі на атрыманне вакцыны, як і кантынгент тых, каму імунізацыя неабходна ў першую чаргу.

Галіна КАНЬКО.