Ім па плячы манежы і арэны. Шэсць прызавых подыумаў прынёс ляхавічанам адкрыты рэспубліканскі турнір па лёгкай атлетыцы

Шэсць прызавых подыумаў прынёс ляхавічанам адкрыты рэспубліканскі турнір па лёгкай атлетыцы.

Надзвычай сур’ёзны тэмпературны кантраст адрозніваў «вуліцу» і ўнутраную атмасферу манежа Слонімскай СДЮШАР па лёгкай атлетыцы ў мінулыя пятніцу – суботу – дні правядзення мемарыялу Заслужанага трэнера БССР Генадзія Вількіцкага. Турнір
сабраў да паўтара дзясятка каманд з розных куткоў краіны.
– Усе ехалі не адзначыцца, а вызначыцца. У тым ліку і мы, – падкрэсліў у пасттурнірным каментарыі для «ЛВ» трэнер-выкладчык СДЮШАР раёна Андрэй Іванюценка.
Каманда з шасці чалавек вярнулася са Слоніма з шасцю медалямі. Сваі «імёны» ім далі вучаніца СШ № 2 Дар’я Маслава, якая была «бронзавай» у спартыўнай хадзьбе на дыстанцыі 2000 метраў, медаль такой жа вартасці ў бегу на паўтары тысячы метраў прымераў на сябе вучань Навасёлкаўскай СШ Вячаслаў Пірштук. Але максімальна магчымага поспеху дасягнулі дзве лёгкаатлеткі нашага раёна: вучаніца СШ № 2 «скараход» Валянціна Ляўковіч фінішавала першай на абедзвюх – 2000 і 3000 метраў – дыстанцыях спартыўнай хадзьбы. Такі ж фінішна-заліковы расклад паказала і вучаніца Начаўскай СШ Ева Кудравец (на здымку) – бягуння, якая ў Слоніме выступала на дыстанцыях 800 і паўтары тысячы метраў. Прыемнай і ганаровай узнагародай сталі для Евы і прызы, заснаваныя спецыяльна для пераможцаў (юнакоў і дзяўчат) турніру ў бегу на 800 і 1500 метраў – як яшчэ адзін знак павагі, прысвячэнне памяці настаўніка з вялікай літары. Справа ў тым, што  трэнер Генадзій Вількіцкі спецыялізаваўся на рабоце з бегунамі на сярэднія дыстанцыі.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.