Тое, што ўмацуе і аб’яднае. Пытанні, якія будуць гучаць падчас Усебеларускага народнага сходу, у многім вызначаюць наша далейшае жыццё

Пытанні, якія будуць гучаць падчас Усебеларускага народнага сходу, у многім вызначаюць наша далейшае жыццё.
Зацікаўленасць у гэтым кожнага беларуса відавочная. Ляхавічане працягваюць дзяліцца меркаваннямі і чаканнямі ад адной з галоўных падзей краіны 2021-га, што адбудуцца 11-12 лютага.

Людміла КУЗНЯЦОВА, пенсіянерка:
– Правядзенне Усебеларускага народнага сходу – самая важная падзея, да якой рыхтуецца краіна. Разумею, гэта наш праект на бліжэйшую пяцігодку, нашы мэты, да якіх мы імкнёмся. З зацікаўленасцю чытаю пра дэлегатаў ад Ляхавіцкага раёна, упэўнена, што кожны з іх варты, каб прадстаўляць наш рэгіён. Людзі розных узростаў, прафесій, здольныя вырашыць і абмеркаваць шырокае кола пытанняў.
Сёння мы бачым і можам параўнаць, чаго за апошнія гады дасягнула Беларусь, якімі намаганнямі нам гэта атрымалася зрабіць.
А на бліжэйшую пяцігодку трэба паставіць новыя задачы, якія нас, беларусаў, аб’яднаюць. Думаю, тэмы будуць гучаць важныя і блізкія кожнаму. Мяне асабліва цікавіць сацыяльны бок развіцця дзяржавы, а менавіта пенсійнае пытанне, якасць і даступнасць медыцынскага абслугоўвання. Увогуле, узровень жыцця беларусаў: зарплаты, даходы дзяржавы – тое, што ўплывае на матэрыяльны бок людзей пенсійнага ўзросту. Разумею, што цяпер крок за моладдзю, якая стварае Беларусь будучага, праектуе тое, што будзе рэалізоўваць у жыццё. Безумоўна, як жыхарку невялікага райцэнтра мяне цікавяць і пытанні добраўпарадкавання тэрыторыі, вуліц, дарог.
Увага павінна быць скіравана і на вёскі, і аграгарадкі, на паляпшэнне ўмоў тых, хто жыве ў аддаленых населеных пунктах.