Вялікае сэрца і кіно для ўсіх. Малая радзіма сусветна вядомага кінарэжысёра Міхаіла Пташука – вёсачка Федзюкі Ляхавіцкага раёна

За тры гады, што прайшлі пад знакам малой радзімы, скарбонка «ЛВ» значна папоўнілася матэрыяламі пра нашых землякоў –тых, хто сёння жыве, працуе, вучыцца ў Ляхавіцкім раёне. На сваіх старонках раёнка расказвала і пра тых, хто ствараў гісторыю Ляхавіччыны, плённа працаваў у вытворчасці, сферах адукацыі, аховы здароўя, мастацтва, спорту.Безумоўна, асобная ўвага тым, чые імёны праславілі малую радзіму, дзякуючы каму назва «Ляхавічы» загучала, стала вядомай нават за межамі Беларусі. Сярод такіх – наш таленавіты зямляк Міхаіл Пташук.

У «Споведзі кінарэжысёра» Міхаіл Пташук пісаў: «Як ні дзіўна, усё, што я бачыў у жыцці, у якой бы краіне свету ні даводзілася быць, усё параўноўваў са сваімі Федзюкамі. Нічога не магу з сабой зрабіць: іду па Пекіне, еду ў метро ў Лондане, хаджу па вулачках Венецыі, лячу ў самалёце над Альпамі, гуляю па набярэжнай у далёкай Шатландыі –бачу свае Федзюкі…». 

Пташук – гонар і слава Ляхавіцкай зямлі. У кожнай яго кінастужцы, знятай па творах беларускіх аўтараў, – часцінка яго самога, федзюкоўскага хлопца… Ідуць гады, з’яўляюцца новыя куміры, здымаецца шмат кінастужак, праводзяцца разнастайныя кінафестывалі, дзе вызначаюць лепшыя фільмы. Аднак, творчая спадчына Міхаіла Пташука даўно і трывала заняла пачэснае месца ў залатым фондзе сусветнага кінематографа.

ДАВЕДКА. Беларускі кінарэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР (1982 г.) Міхаіл Пташук нарадзіўся 28 студзеня 1943 года. Закончыў рэжысёрскі факультэт Маскоўскага тэатральнага вучылішча імя Шчукіна (1967 г.), Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў (1973 г.). Працаваў у тэатрах Масквы, Крыма, на кінастудыі «Беларусьфільм», а таксама ў ЗША ў Галівудзе.«Лясныя арэлі» (1975 г.),  «Час выбраў нас» (1978 г.), «Вазьму твой боль» (1980 г.), «Чорны замак Альшанскі» (1984 г.), «Знак бяды» (1986 г.), «Наш браняпоезд» (1988 г.), «Кааператыў «Палітбюро» (1992 г.), «Гульня ўяўлення» (1995 г.), «Макбет» (1995 г.), «У жніўні 44-га…» (2000 г.), «Песня Розы» (2001 г.) –няпоўны пералік мастацкіх стужак рэжысёра Пташука. Ён экранізаваў творы Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Івана Шамякіна…

У яго рэжысёрскім спісе шмат узнагарод і званняў. Але галоўнае –неабмежаваная любоў гледачоў розных узростаў і ў розных краінах свету. Любімыя многімі стужкі «Вазьму твой боль», «Чорны замак Альшанскі», «Знак бяды», «Наш браняпоезд», «У жніўні 1944-га…» – класіка нашага кіно. Яны і сёння актуальныя і запатрабаваныя, бо ў іх уздымаюцца важныя тэмы – любві да Радзімы і кахання, годнасці і здрады, вернасці і сяброўства. Асаблівай, асноўнай, вызначальнай тэмай для рэжысёра стала Вялікая Айчынная вайна. Ён, народжаны ў 1943 годзе, генетычна адчуваў боль і пакуты, якія перанесла беларуская зямля і яе народ. У гэтым плане асабліва паказальны фільм «Вазьму твой боль», частка якога здымалася і на Ляхавіччыне. Напэўна, многія памятаюць, як цяжка было купіць жаданы білет, і якія былі чэргі ў касу кінатэатра «Кастрычнік», дзе на працягу некалькіх дзён па тры сеансы дэманстраваўся гэты фільм. А ў глядацкай зале то тут, то там было чуваць, як плачуць людзі, суперажываючы героям, знаходзячы ў іх рысах і ўчынках нешта знаёмае. Магчыма, гэта і ёсць вышэйшая ступень рэжысёрскага майстэрства.

Знакамітага беларуса нават запрасілі ў Галівуд, дзе ён зняў фільм «Песня Розы» (зноў жа пра Вялікую Айчынную вайну) па заказе амерыканскай кінакампаніі.

Міхаіл Пташук трагічна пайшоў з жыцця ў красавіку 2002 года, але застаўся назаўсёды жывым у нашай памяці, у творчым скарбе, які пакінуў пасля сябе, – гераічных, патрыятычных фільмах.

Прайшло некалькі гадоў пасля той аўтамабільнай трагедыі. У Федзюках па адрасе Садовая, 48 на доме (на здымку), дзе прайшло дзяцінства будучага кінарэжысёра, з’явілася мемарыяльная дошка з надпісам «Тут нарадзіўся і жыў кінарэжысёр, народны артыст Беларусі Міхаіл Пташук». У вёсцы ўстаноўлены паклонны крыж. Землякі ўспамінаюць, што, калі адкрывалі мемарыяльную дошку, раптам аднекуль прыляцеў бусел і стаў кружыць над дваром, і з’явілася адчуванне, што Міхаіл Мікалаевіч дзесьці побач…

Зараз у вёсцы родных Пташука не засталося. Але ёсць яшчэ тыя вяскоўцы, хто і сёння памятае, як здымаўся фільм «Вазьму твой боль».

У 2010 годзе ў райцэнтр прыехалі жонка Міхаіла Мікалаевіча Лілія Міхайлаўна, іх дачка Анжаліка і ўнук Міхаіл, старшыня Саюза кінематаграфістаў Беларусі Віктар Васільеў.

Сотні людзей сабраліся тады напачатку вуліцы Пташука ў Ляхавічах, дзе адбылося адкрыц-цё мемарыяльнай дошкі. «Яго фірменную – вельмі шчырую і прыветную – пташукоўскую ўсмешку нельга было зблытаць ні з чыёй іншай. Міхаіл, як вялікае сонейка, са сваімі рыжымі валасамі асвятляў дарогу», – успамінаў тады Віктар Васільеў.

Шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да 78-годдзя Міхаіла Пташука, пройдзе напрыканцы студзеня 2021 года на яго малой радзіме. 26 студзеня ў Конькаўскім ДС – СШ пройдзе ўрок «Рэжысёр з вялікай літары». Каля дома славутага земляка ў вёсцы Федзюкі 28 студзеня ў 12.00 плануецца мітынг-рэквіем «Чалавек, які хацеў жыць і ствараць…». Гарадскі Дом культуры ў гэты ж дзень у 14.00 запрашае ўсіх прыхільнікаў творчасці земляка на вечар памяці «Міхаіл Пташук. Чалавек-эпоха». Змястоўную праграму прапануе і купалаўка: 29 студзеня тут арганізавана інтэрактыўнае падарожжа па старонках жыцця «Споведзь кінарэжысёра».

Галіна КАНЬКО.

Фота з архіва «ЛВ».