Дагавор у падтрымку шлюбу. У грамадскай прыёмнай на пытанні жыхароў раёна адказвала начальнік аддзела запісу актаў грамадзянскага стану райвыканкама Вольга Новік

У мінулую сераду ў грамадскай прыёмнай на пытанні жыхароў раёна адказвала начальнік аддзела запісу актаў грамадзянскага стану райвыканкама Вольга Новік. Большасць зваротаў датычыла парадку заключэння ці скасавання шлюбаў.

Так, ляхавічаніна цікавіла, што ўяўляе сабой шлюбны дагавор.

– Такі дакумент не лічыцца абавязковым, ён заключаецца па жаданні, для павышэння адказнасці мужа і жонкі адзін перад адным. У дагаворы вызначаюцца іх правы і абавязкі, напрыклад, па ўзаемаадносінах у сям’і, утрыманні агульнай маёмасці як у шлюбе, так і пасля яго скасавання, калі такое здарыцца. Таксама дапускаецца замацаванне метадаў, формаў выхавання дзяцей. Можна ўказаць выпадкі, калі муж і жонка будуць аказваць дапамогу, напрыклад, пры наступленні непрацаздольнасці ці інваліднасці аднаго з іх. Дакумент уступае ў сілу з дня рэгістрацыі шлюбу.

А пры ўмове, калі шлюб узяты раней, дагавор пачынае дзейнічаць з дня яго натарыяльнага пацвярджэння. Неабходна ведаць, што аднабаковая адмова ад выканання шлюбнага дагавора не дапускаецца, – патлумачыла Вольга Новік.

Наступнае пытанне датычыла абмежаванняў, звязаных з эпідсітуацыяй:

– Плануем праз два месяцы вяселле з вялікай колькасцю гасцей і хацелі б запрасіць іх усіх на ўрачыстую рэгістрацыю ў загс. Чаму абмяжоўваецца колькасць запрошаных?

Вольга Новік расказала, што сёння ёсць пэўныя рэкамендацыі, звязаныя з правядзеннем рэгістрацыі шлюбу. Адначасова ў загсе можа знаходзіцца некалькі пар маладых і кожная – у суправаджэнні світы гасцей. Важна з разуменнем ставіцца да магчымасцяў умяшчальнасці загса. Хочацца, каб побач з жаніхом і нявестай ў такі ўрачысты, шчаслівы і адказны для іх момант жыцця былі самыя блізкія людзі.

Неабходна ўлічваць і наступны момант: на рэгістрацыю адводзіцца канкрэтны час, а чым больш гасцей, тым больш часу яна займае, што, у сваю чаргу, прыводзіць да канфліктаў з наступнымі ў чарзе. Нельга забываць і пра эпідэміялагічную сітуацыю, звязаную з пандэміяй каранавіруса. Згодна з пастановай Савета Міністраў «Аб мерах па папярэджванні распаўсюджвання інфекцыі, выкліканай COVID-19», на рэгістрацыі заключэння шлюбу дапускаецца прысутнасць не больш за 10 чалавек, у тым ліку маладыя і фатограф. Менавіта пры такой колькасці гасцей памеры памяшкання для рэгістрацыі дазваляюць прысутным захоўваць належную дыстанцыю.

– Са зваротамі грамадзянсупрацоўнікам загса даводзіцца працаваць амаль што-дня. Імкнёмся грунтоўна, падрабязна адказаць на кожнае пытанне, дакладна разабрацца ў сітуацыі і выпрацаваць правільны алгарытм далейшых дзеянняў заяўніка, – адзначае Вольга Новік.

Галіна КАНЬКО.