На пераходах дарожны этыкет парушаюць і вадзіцелі, і пешаходы

Раніца. Звычайны будны дзень. У горадзе шматлюдна: гараджане спяшаюцца на працу, па дарозе адводзяць ці адвозяць дзяцей у дзіцячы сад, школу. Горад гудзіць, нібы вулей. Некалькі чалавек, нервова паглядваючы на гадзіннік на будынку раённага вузла паштовай сувязі, спрабуюць перайсці дарогу па ледзьве бачнай «зебры» насупраць памятнага знака (дарэчы, па ўсім горадзе разметка на пешаходных пераходах даўно патрабуе абнаўлення). Але аўтамабілі не толькі не спыняюцца, як патрабуюць правілы дарожнага руху, а імчаць з такой скорасцю, што толькі свіст ідзе. І гэта пры тым, што максімальна дазволеная скорасць на ўсім працягу вуліцы Леніна ад павароту на гімназію да цэнтральнай раённай аптэкі — 40 кіламетраў у гадзіну. Бывае і так, што чалавек, пераканаўшыся ў адсутнасці транспарту, ступае на «зебру», але раптам на ўсіх парах нясецца, так і хочацца сказаць «без мазгоў шумахер», і пешаход вымушаны «рэціравацца», каб не трапіць пад колы. Чуваць толькі віск тармазоў і адборнае брыдкаслоўе… вадзіцеля-парушальніка, які яўна незадаволены тым, што нехта асмеліўся перашкодзіць яго імкліваму руху.
Прыкладаў такіх зняважлівых адносін вадзіцеляў да пешаходаў на дарогах нашага горада і раёна, на жаль, можна прыводзіць безліч.
Канешне, нямала выпадкаў, калі і пешаходы не сябруюць з правіламі дарожнага руху, пераходзяць дарогу ў недазволеных месцах, на чырвоны колер светлафора ці рухаюцца ў цёмны час сутак па праезнай частцы без святлоадбівальных элементаў. Але ўсё ж дысцыпліна аўтааматараў кульгае яўна больш у параўнанні з пешымі ўдзельнікамі дарожнага руху. Лепш любога аргумента — факты. Так, за мінулы месяц за парушэнне скорасных рэжымаў на дарогах Ляхавіччыны затрымана 228 вадзіцеляў і за гэты ж перыяд — 57 пешаходаў за парушэнне правілаў дарожнага руху. Атрымліваецца на 4 парушальнікі на колах — адзін пешы…
Няўжо вадзіцелі настолькі горш ведаюць правілы? Без іх ведання, як і без пэўных практычных навыкаў кіравання транспартным сродкам, чалавек не атрымае пасведчання вадзіцеля. Чаму тады парушаюць, не баяцца стаць віноўнікам аварыі? Не мучае сумленне, як і перспектыва быць пакараным рублём, пазбавіцца права кіравання транспартным сродкам ці ўвогуле апынуцца за кратамі? Так, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адмі-ністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць у выглядзе штрафу ад 1 да 10 базавых велічынь за перавышэнне ўстаноўленых нормаў скорасных рэжымаў. Калі такога кшталту дзеянні ўчынены грамадзянінам паўторна на працягу года, памер штрафу складае ад 5 да 15 БВ, прадугледжана і пазбаўленне вадзіцельскіх правоў тэрмінам да года. А вось за тое, што вадзіцель не выканаў патрабаванне дарожнага знака (разметкі) ці не прадаставіў пешаходу перавагі, пагражае штраф ад 1 да 5 БВ.
Усё ж парушаюць. Мабыць, цвёрда ўпэўнены, што ім усё дазволена, і іх супрацьпраўныя дзеянні застануцца беспакаранымі. Як па-іншаму можна растлумачыць здарэнне, якое адбылося сярод белага дня ў мінулы аўторак зноў жа на вуліцы Леніна ў райцэнтры на вачах у многіх сведак. Веласіпедыстка ехала па цэнтральнай вуліцы, насустрач — аўтамабіль, вадзіцель якога, паварочваючы на завулак Разіна, не прапусціў веласіпедыстку… І як ехаў, не збаўляючы скорасці, так і «паляцеў». Веласіпедыстка ўпала на дарогу. На шчасце, не моцна пацярпела, бо, падняўшыся, рушыла далей. А, між тым, наступствы маглі быць сумнымі. У тым ліку для вадзіцеля. Дарэчы, аналагічную сітуацыю на гэтым жа месцы давялося назіраць некалькімі днямі раней: на павароце не разышліся аўтамабіль і матацыкл.
Зразумела, што каля кожнага павароту ці пешаходнага пераходу не паставіш супрацоўніка ДАІ ці светлафор. Трэба, каб усе ўдзельнікі дарожнага руху выконвалі ПДР і былі ўзаемаветлівымі і ўзаемапаважлівымі. А супрацоўнікам праваахоўных органаў — больш жорстка караць парушальнікаў. Тады і не будзе дарога «мінным полем».
І яшчэ адна дарожная заўвага. Нашы Ляхавічы зараз рамантуюцца, абнаўляюцца, добраўпарадкуюцца. Канешне, ёсць у сувязі з гэтым некаторыя нязручнасці, але кожны разумее, што гэта ўсё часова — райцэнтр рыхтуецца прыняць абласное свята «Дажынак». Затое якім прыгожым і добраўпарадкаваным будзе наш старажытны горад пасля. Але ўсё ж хочацца, каб элементарныя зручнасці заставаліся. Размова ідзе, напрыклад, пра аўтобусныя прыпынкі. У многіх месцах яны на нейкі час перанесены. Праўда, цяжка знайсці куды: ніякіх аб’яў пра гэта не знойдзеш. А зрабіць іх не патрабуе значных капіталаўкладанняў. Трэба ж і пра людзей падумаць.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *