З рабочым візітам у Ляхавіцкім раёне пабывалі старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі і старшыня Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі

Дыялог 21 студзеня на Ляхавіччыне можна назваць сустрэчай прафсаюзных лідараў высокага ўзроўню – з рабочым візітам у раёне пабывалі старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч і старшыня Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Іван Васіленка.
На сустрэчы з намеснікам старшыні райвыканкама Святланай Юрлевіч і начальнікам аддзела па адукацыі райвыканкама Святланай Якубоўскай размова шла пра супрацоўніцтва і сацыяльнае партнёрства, ролю прафсаюза ў сістэме адукацыі.
Прафсаюзнае кіраўніцтва ў той дзень наведала Жарабковіцкую СШ імя М. Г. Мінкевіча і яслі-сад № 3, дзе адміністрацыя ўстаноў адукацыі і прафактыў пазнаёмілі іх з дзейнасцю сваіх пярвічак па асноўных напрамках. Таццяна Якубовіч акцэнтавала ўвагу на ролі галіновага пагаднення і мясцовых калектыўных дагавораў, расказала пра пазіцыю галіновага прафсаюза ў аплаце працы, адзінаразовай выплаты на аздараўленне, пра ўдзел галіновага прафсаюза ў дзейнасці над новым Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.
Іван Васіленка падзяліўся меркаваннямі пра ролю прафсаюзаў у мерапрыемствах па папярэджанні распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, спыніўся на пытаннях аздараўлення членаў прафсаюза і аказання ім матэрыяльнай дапамогі для кампенсацыі часткі выдаткаў на аздараўленне ў санаторыях Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Абмен думкамі, пошук адказаў на пытанні і ўзнятыя праблемы – размова адбылася ў атмасферы канструктыўнага дыялогу і атрымалася шчырай і змястоўнай.
Людміла БУЦЬКО, старшыня райкама прафсаюза адукацыі і навукі.