Субота кліча на лыжню. У Ляхавічах прайшлі спаборніцтвы па лыжах і біятлоне, прымеркаваныя да Сусветнага дня снегу

«Надзя, наперад! Саша, паднацісні!» – падтрымліваюць балельшчыкі сваіх прадстаўнікоў каманд. Мінулая субота для ляхавічан выдалася эмацыянальнай і спартыўнай. На стадыёне «Колас» у райцэнтры прайшлі спаборніцтвы па лыжах і біятлоне, прымеркаваныя да Сусветнага дня снегу.

Выйшлі на лыжню ў гэты дзень прадстаўнікі розных арганізацый і прадпрыемстваў горада і раёна: каманды ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый раёна, устаноў адукацыі, ПМС, ПМК-13, ДРБУ-200, РАУС, упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні, кансервавага і малочнага заводаў, школы мастацтваў і БРСМ, цэнтральнай раённай бальніцы і цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, РАНС, ЖКГ, сельвыканкамаў і ААТ «Жарабковічы», гаргаза.

Да ўдзельнікаў спаборніцтваў звярнуўся старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.

– Бясспрэчна, мы паспелі ўжо засумаваць па зімовых спаборніцтвах. Сёлета пашанцавала, снег ёсць, і мы ўдзячны надвор’ю. 2021 год аб’яўлены Годам адзінства. Летась з-за пандэміі мы адасобіліся адзін ад аднаго, але што як не спартыўныя мерапрыемствы аб’ядноўвае людзей, – адзначыў старшыня раёна.

Старт дадзены, і лыжнікі адпраўляюцца на свае дыстанцыі. Аматары лыжнага спорту спаборнічалі ў наступных відах: лыжная эстафета, лыжныя гонкі, біятлон, эстафета сямейных каманд.

Пакуль на лыжні кіпяць страсці, не менш «горача» на трыбунах, дзе іх падтрымліваюць каманды балельшчыкаў. Да гэтага пытання яны падышлі адказна і крэатыўна: намалявалі плакаты, падрыхтавалі крычалкі, эмблемы.

– Лясгас заўсёды з вялікім задавальненнем прымае ўдзел у любых спаборніцтвах. А па зімовых відах спорту мы сапраўды засумавалі. Сёння ўсё склалася: сонечнае надвор’е, выдатны настрой, годныя сапернікі, – дзеліцца ўражаннямі намеснік дырэктара лясгаса  Наталля Адаменка.

– Мінулы год нас снегам не парадаваў, але ў гэты мы атрымалі асалоду ад прыгажос-ці горада ў снежным убранні. Самы лепшы адпачынак – актыўны. Пракаціцца на свежым паветры на лыжах, што можа быць лепш? – перакананы галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Бурбуць.

Самая прыемная частка любых спаборніцтваў – узнагароджанне пераможцаў.

У лыжнай гонцы сярод дзяўчат трэцяе месца заняла Надзея Гатоўчыц, другое – Анастасія Матарас, на першую прыступку п’едэстала паднялася Аліна Пятліцкая. У гэтым жа відзе сярод хлопцаў на трэцім месцы Вячаслаў Кірыковіч, на другім – Іван Карповіч, на першым – Міхаіл Гатоўчыц.

У біятлоне месцы размеркаваліся наступным чынам: трэцяе – у каманды лясгаса, другое заняла каманда ААТ «Жарабковічы», першай стала каманда РАНС.

У эстафеце першай таксама стала каманда РАНС, на другім –каманда малочнага завода, на трэцім – ААТ «Жарабковічы».

У гэтых сем’ях дакладна ведаюць, як жыць здарова і актыўна. І паказваюць гэта на ўласным прыкладзе. У эстафеце сямейных каманд трэцяй стала сям’я Івашка, на другім месцы спартыўная сям’я Кендыш, першай стала сям’я Гатоўчыц. Пакуль у спаборніцтвах прымалі ўдзел галава сям’і Віктар, сын Міхаіл і дачка Надзя, за іх на трыбунах актыўна балела мама Марына.

Не засталіся без прызоў і  каманды балельшчыкаў. Самымі запальнымі і актыўнымі былі прызнаны групы падтрымкі Ляхавіцкага малочнага завода і цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Ляхавіцкага раёна.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Больш фота ТУТ, ці у нашай групе ў АДНАКЛАСНІКАХ.