Адукацыя з інфарматызацыяй. Ляхавічане знаёмяцца праектам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021-2025 гады

Уважліва пазнаёмілася з праектам Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021-2025 гады. Адзін з прыярытэтаў  дакумента – інвестыцыі ў адукацыю, ахову здароўя і інфраструктуру «разумных гарадоў».
Больш падрабязна, канешне, спынілася на раздзеле, які датычыць павышэння якасці адукацыі. Для нас, устаноў адукацыі, гэта кіраўніцтва да дзеяння, арыенцір для работы. Акцэнт у наступную пяцігодку будзе зроблены на развіцці асабістага патэнцыялу хлопчыкаў і дзяўчынак, забеспячэнні высокага ўзроўню ведаў, фарміраванні навыкаў і кампетэнцый, якія адпавядаюць патрабаванням эканомікі. І гэта правільна. На выхадзе са школы павінна быць упэўненая ў сваіх сілах асоба, якая добра ведае, чаго яна хоча дасягнуць у жыцці, умее працаваць і здабываць веды, валодае інфармацыйна-камунікатыўнымі ўменнямі і навыкамі, карыстаецца новымі тэхналогіямі. А яшчэ ў поўнай меры ўсведамляе, што для атрымання добрай адукацыі і запатрабаванасці ў прафесіі працаваць трэба шмат.
Ва ўстановах адукацыі раёна, лічу, да гэтага гатовы – маюцца высокакваліфікаваныя кадры, матэрыяльна-тэхнічная база і належныя ўмовы. Мінулая пяцігодка стварыла базіс для развіцця адукацыі, адбыліся змястоўныя змены і абнаўленні. Упэўнена, кожнай школе ёсць чым пахваліцца і пра што расказаць. Літаральна некалькі прыкладаў з нашай установы адукацыі. У рамках рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады адкрыты спартыўныя, педагагічныя, спартыўна-педагагічныя, аграрныя класы. Час пацвердзіў, што такая дыферэнцыяцыя садзейнічае больш асэнсаванаму выбару навучэнцамі будучай прафесіі.
Дзякуючы дзяржаўнай палітыцы ў сферы адукацыі па развіцці профільнага і прафесіянальга навучання, у 10-11-класнікаў з’явілася магчымасць вывучаць школьныя прадметы як на павышаным, так і базавым узроўнях. Гэта дазваляе рабятам авалодаць навыкамі будучай прафесіі і зарэкамендаваць сябе перспектыўнымі студэнтамі.
На працягу апошніх пяці гадоў, дзякуючы аснашчэнню ўстановы адукацыі інтэрактыўным абсталяваннем, у адукацыйны працэс актыўна ўкараняліся інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. У кабінетах хіміі і біялогіі ўстаноўлена сучаснае абсталяванне, на ўсіх уроках настаўнікі пастаянна выкарыстоўваюць інтэрактыўныя панэлі, дошкі, тэлевізары з выхадам у інтэрнэт, мультымедыйныя ўстаноўкі. У школе маецца высакаскорасны інтэрнэт. Паспяхова рэалізуецца праект «Электронная школа». Усе ўдзельнікі адукацыйнага працэсу маюць доступ да сэрвісу «Электронны дзённік». Бацькам не трэба тлумачыць, што гэта такое.
Важна, што моладзь уключаецца ў актыўную грамадскую дзейнасць: школьнікі прымаюць удзел у раённым Маладзёжным парламенце і валанцёрскім руху. Калі раней існавала праблема кадравага патэнцыялу ў невялікіх райцэнтрах і сельскай мясцовасці, то дзякуючы дзяржаўнай палітыцы, накіраванай на падтрымку маладых спецыялістаў, былі распрацаваны і ўкаранёны ў практыку сацыяльныя гарантыі. Менавіта прадастаўленне сацыяльнага жылля маладым спецыялістам, дадатковыя выплаты да кантракта і іншыя бонусы дазволілі ў пэўнай меры ўмацаваць кадравы патэнцыял устаноў адукацыі.

Людміла ПАЎЛОЎСКАЯ,  дырэктар СШ № 2.