Чараўніцтва ў кожным агеньчыку. У Ляхавіцкім райвыканкаме падвялі вынікі штогадовага агляду-конкурсу на лепшае навагодняе афармленне будынкаў і прылеглых да іх тэрыторый

Навагоднія святы адшумелі, а падарункі ўсё яшчэ даходзяць да адрасатаў. У райвыканкаме падвялі вынікі штогадовага агляду-конкурсу на лепшае навагодняе афармленне будынкаў і прылеглых да іх тэрыторый.

Пра тое, што да нас набліжаюцца святы, красамоўна нагадвае яркая ілюмінацыя, якая запальваецца ў горадзе. У стварэнні навагодняга настрою ўдзельнічалі таксама прадпрыемствы, арганізацыі і гараджане, якія сваімі рукамі ўвасобілі ў жыццё сапраўдную казку.

У аглядзе-конкурсе журы ацэньвала ўпрыгажэнне па некалькіх крытэрыях: унікальнасць ідэі, выкарыстанне светлавога афармлення і тэхнічных сродкаў, комплекс-нае навагодняе мастацкае афармленне будынкаў і прылеглых тэрыторый, якасць выкананых работ.

Сярод прамысловых, будаўнічых, транспартных прадпрыемстваў, прадпрыемстваў лясной і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, банкаўскіх арганізацый і арганізацый сувязі дыпломам першай ступені ўзнагароджаны СААТ «Ляхавіцкі малочны завод». Не першы год гэта прадпрыемства ў спісе пераможцаў – яркае і сучаснае ўпрыгажэнне фасада і тэрыторыі прыцягвае ўвагу жыхароў і гасцей горада. Другое месца ў Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння. Трэцяе месца падзялілі ПМК-13 і ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы».

Сярод сельскагаспадарчых арганізацый дыплом другой ступені ў ААТ «Жарабковічы», трэцяй – у СВК «Ляхавіцкі», сярод гандлёвых аб’ектаў дыплом першай ступені ў ТАА «Трансэлектракамплект», другой – у райпо.

Ярка, крэатыўна і па-навагодняму ўпрыгожылі свае будынкі ўстановы адукацыі, культуры, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, спорту і турызму. Дыпломам першай ступені адзначаны гарадскі Дом культуры, другой ступені – СДЮШАР, трэцяй – РАУС.

Дарэчы, заяўкі на ўдзел у конкурсе прыходзяць з розных куткоў раёна. Здзіўляе, колькі незвычайных ідэй увасабляюць у жыццё нашы крэатыўныя землякі: у адным з двароў камісію сустракаў навагодні бычок, у другім – сані з аленем, у трэцім – штучны камін з агеньчыкам.

Дыплом першай ступені сярод домаўладальнікаў атрымала Алена Пастэрнакевіч з аграгарадка Ліпск. Яшчэ адна такая ўзнагарода ў ляхавічанкі Святланы Баўтрукевіч, чый дом па вуліцы Русінавіцкай бачны здалёк – гарыць яркімі рознакаляровымі агнямі. Дып-лом другой ступені ў Антаніны Касцюковай з райцэнтра, трэцяй – у Сяргея Купчынскага з аграгарадка Конькі.

Ірына КУЗЬМІЧ.