Адказнасць узмацняецца

З 1 сакавіка 2021 года ўступае ў сілу абноўлены Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.
У Кодэксе, у тым ліку, прадугледжаны змяненні ў адказнасці за арганізацыю і правядзенне масавых мерапрыемстваў. У абноўленым КоАП артыкул «Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў» мае новы нумар 24.23 (у дзеючай пакуль рэдакцыі, адпаведна, 23.24).
Адзначу, што ёсць выпадкі, калі адказнасць за ўчыненыя парушэнні стала больш жорсткай.

Напрыклад, раней за парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў і іншых масавых мерапрыемстваў, як і за публічныя заклікі да арганізацыі і правядзення такіх акцый з парушэннем устаноўленага парадку іх арганізацыі ці правядзення, прадугледжвалася адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу ў памеры да
50 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт. Згодна з новай рэдакцыяй КоАП, за такога кшталту парушэнні, учыненыя ўдзельнікам такіх мерапрыемстваў, пагражае штраф у памеры да 100 БВ або грамадскія работы ці адміністрацыйны арышт. Для арганізатараў несанкцыянаваных мерапрыемстваў прадугледжаны штраф ад 20 да 150 БВ, грамадскія работы ці адміністрацыйны арышт, а для юрыдычнай асобы – штраф  ад 20 да 200 БВ.
За вышэйазначаныя дзеянні, учыненыя паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання, давядзецца заплаціць штраф ад 20 да 200 БВ, таксама прадугледжаны грамадскія работы ці адміністрацыйны арышт.
Калі будзе даказана, што грамадзянін прымае ўдзел у незаконных масавых мерапрыемствах за ўзнагароджванне, то яго чакае штраф у памеры ад  30 да 200 БВ або грамадскія работы ці адміністрацыйны арышт.
Тых, хто арганізуе такога кшталту мітынгі, вулічныя шэсці, дэманстрацыі, пікетаванне, што суправаджаецца выплатай узнагароджвання, за ўдзел у іх чакаюць штраф у памеры ад 40 да 200 БВ, грамадскія работы ці адміністрацыйны арышт, а юрыдычную асобу – штраф ад 250 да 500 БВ.
Павялічаны ў новым КоАП і штраф за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў. Ён будзе складаць ад 2 да 100 БВ (раней ад
2 да 50 БВ).Таксама могуць прымяняцца санкцыі ў выглядзе грамадскіх работ ці адміністрацыйнага арышту.
Большым стане і штраф за наўмысную блакіроўку транспартных камунікацый шляхам стварэння перашкод ці іншым шляхам. З’явіўся ў Кодэксе і новы  артыкул, які прадугледжвае адказнасць за парушэнне правілаў выкарыстання вадзіцелямі гукавых сігналаў у месцах правядзення масавага мерапрыемства. Штраф па ім складае да 10 БВ з пазбаўленнем вадзіцельскіх правоў тэрмінам да года ці без пазбаўлення.
Кодэкс таксама дапоўнены новым артыкулам «Незаконны выраб і выкарыстанне сцягаў, плакатаў, эмблем, сімвалаў і г. д.». За гэта прадугледжаны штраф ад 5 да 20 БВ – для фізічных асоб, ад 10 да 40 БВ – для індывідуальных прадпрымальнікаў, ад 20 да 60 БВ – для юрыдычных асоб.

Мікалай СМАРШЧОК,
намеснік начальніка РАУС.