Разлік на якасць. Малочнатаварная ферма «Зарытава» ААТ «Жарабковічы» адзначыла першую гадавіну з моманту ўвядзення ў эксплуатацыю

Сёлета 15 студзеня малочнатаварная ферма «Зарытава» ААТ «Жарабковічы» адзначыла першую гадавіну з моманту ўвядзення ў эксплуатацыю. Новы комплекс будынкаў дазваляе адначасова ўтрымліваць статак у 720 жывёл.


У новым будынку МТФ «Зарытава».

– Ва ўтульным памяшканні фермы размясціліся 615 нашых падапечных, з якіх 435 – дойныя каровы. Усталявана нямецкая сістэма даення, якая дазваляе адначасова даіць 40 рагуль. Добра зарэкамендавалі сябе і новыя эканамічна выгадныя сістэмы гное-
выдалення і вентыляцыі. Асноўнае наваселле адбылося летась, цяпер рыхтуемся запусціць у дзеянне дадатковыя памяшканні. Зараз устанаўліваем абсталяванне ў цэху сухастою, манціруем «клеткі» для даення, набылі халадзільнік для захоўвання малака, пастэрызатар для падрыхтоўкі малака для выпойвання цялят. Там жа ўладкуем і радзільнае аддзяленне, – расказвае брыгадзір
«Зарытава» Аляксандр Чывель. – Асноўны акцэнт робім на якасць. Для высокіх паказчыкаў ёсць усё неабходнае: умовы для працы, збалансаваная кармавая база.

Ветурач  Інэса Лейчанка.

У мінулым годзе дойны статак  ААТ «Жарабковічы» складаў 2860 рагуль, якія ўтрымліваліся на дзевяці малочнатаварных фермах. Надой малака ад адной каровы ў сярэднім па сельгаспрадпрыемстве склаў 6153 кілаграмы. Лепшы паказчык па гаспадарцы –
у МТК «Чашчы» (7142 кілаграмы малака). На малочны завод 51 працэнт малака прадаваўся гатункам экстра, 46,5 працэнта – вышэйшым.

Аператары машыннага даення Зоя Дамброўская,  Алена Ленкавец, Вольга Бойка.

Гаспадары ў «Жарабковічах» дбайныя, грошай на вецер не кідаюць, таму і памяшканням старой МТФ знайшлося прымяненне, яны не пустуюць. У адным з іх пасля рамонту жывуць-гадуюцца цяляты. Для падрастаючага рагулінага пакалення будуецца яшчэ адзін цялятнік.
Канешне, новыя будынкі, сучаснае абсталяванне, высокаўдойны статак – важна і вызначальна. Аднак істотную ролю ў выніку адыгрывае калектыў. На МТФ дружная і зладжаная каманда з 24 чалавек. Суперзвяно – гэта пра аператараў машыннага даення Таццяну Лук’янчык, Зою Дамброўскую, Алену Ленкавец, Вольгу Бойка. Тон у гэтай выдатнай чацвёрцы задае самая вопытная – Таццяна Лук’янчык, якая даяркай шчыруе больш за два дзесяцігоддзі. Але не адстаюць і іншыя.
– Чаму б добра не працаваць? Умовы на ферме – лепш не прыдумаеш: у памяшканнях цёпла, ёсць пакой для адпачынку, душ, устаноўлена новая пральная машына. Зарплата ў нас высокая, –
расказвае Зоя Дамброўская. Яна сваю працоўную біяграфію ў «Жарабковічах» пачынала калісьці з будаўнічай брыгады, а з 2016 года перакваліфікавалася ў аператара машыннага даення, пра што ні разу не пашкадавала. Дарэчы, тут жа ў «Зарытаве» працуе слесарам яе муж Павел Русакевіч.

Даглядчыкі цялят Валерый і Кацярына Жылецкія.


– Ранішнюю дойку пачынаем у пяць гадзін. Так што будзільнік дома заводжу на палову чацвёртай. Трэба паспець сабрацца, дома па гаспадарцы ўсё парабіць – жыву ў Зубелевічах. Але прывыкла да такога раскладу. Тым больш, што не трэба думаць, як дабрацца да фермы – усіх «іншагародніх» збірае транспарт гаспадаркі і адвозіць спачатку на работу, потым пасля дойкі дамоў,  і так двойчы на дзень, – тлумачыць Вольга Бойка.
Мнагадзетная мама, якая выхоўвае пецярых дзяцей, Алена Ленкавец працуе ў «Жарабковічах» адносна нядаўна – тры гады. Адзначае, што атмасфера ў іх калектыве добразычлівая і шчырая, адзін аднаму дапамагаюць.
– Наша сельгаспрадпрыемства стараецца па магчымасці падтрымліваць мнагадзетныя сем’і. І гэта занатавана ў калектыўным дагаворы. Напрыклад, аказваецца дапамога да новага навучальнага года, бясплатна выдаюцца пуцёўкі ў аздараўленчы лагер, пры неабходнасці на транспарце гаспадаркі дастаўляюць дзяцей у санаторый, установы аховы здароўя. Прадугледжаны і іншыя дапамогі, – удакладняе намеснік дырэктара ААТ «Жарабковічы» Алена Навалочка.
Яе словы пацвярджае ветурач МТФ Інэса Лейчанка, шчаслівая мама дзвюх дачушак і сыночка.
– У 2014 годзе пасля заканчэння Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа з дыпломам ветфельчара прыехала ў ААТ «Жарабковічы», мяне адразу прызначылі загадчыкам фермы. Пасля дэкрэтных водпускаў вярнулася ў прафесію, працую па атрыманай у каледжы спецыяльнасці. У мае абавязкі ўваходзіць сачыць за станам здароўя цялят, займаюся прафілактыкай іх хвароб, – гаворыць Інэса Лейчанка.
І дома разам, і на рабоце яшчэ адны мнагадзетныя бацькі – даглядчыкі цялят Валерый і Кацярына Жылецкія. Кацярына Паўлаўна шчыруе жывёлаводам больш за 15 гадоў, Валерый Уладзіміравіч – восем.
– Так, работа не з лёгкіх, але галоўнае працаваць аддана,
з душой. У нас задача адказная – клапоцімся пра маленькіх цялятак. Стамляемся, але спраўляемся, сілы застаюцца і на ўласную  гаспадарку. Спадзяюся, што хутка ў нашай сямейнай дынастыі  будзе папаўненне: старэйшы сын вучыцца ў мясцовым агракаледжы, – дзеліцца Кацярына Жылецкая.
Сярод лепшых работнікаў на «Зарытаве» брыгадзір МТФ таксама называе жывёлавода Аляксандра Ленкаўца, слесара Аляксандра Мацюшэнку, даглядчыка Веру Васілевіч. З 2005 года лёс Аляксандра Чывеля звязаны з «Жарабковічамі», доўгі час слясарыў тут, потым вырашыў паспрабаваць сябе ў жывёлагадоўлі – атрымалася. Неўзабаве яму даверылі і  пасаду – узначаліць новую МТФ, цяпер атрымлівае завочна вышэйшую заатэхнічную адукацыю. Па словах кіраўніцтва, з ускладзенымі абавязкамі спраўляецца добра, умее згуртаваць калектыў.
– Паказчыкі на МТФ «Зарытава» гавораць самі за сябе.
У сярэднім за дзень тут дояць 6100 кілаграмаў малака. Надой на адну рагулю складае цяпер 17 кілаграмаў, летам было і па 19,5 кілаграма. На малочны завод усё малако з «Зарытава» прымаецца выключна гатункам экстра, такі вынік з дзевяці фермаў маюць яшчэ толькі «Чашчы» і «Улазавічы».
У бліжэйшай будучыні тутэйшым работнікам па сілах дабіцца новых працоўных перамог, – упэўнена Алена Навалочка.

Пяць новых сучасных малочна-таварных комплексаў пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю за мінулую пяцігодку ў сельгаспрадпрыемствах Ляхавіцкага раёна: «Сакуны» (ААТ «Шлях новы»), «Падбарочча» (ААТ «Ляхавіцкі райагра-сэрвіс»), «Чашчы» і «Зарытава» (ААТ «Жарабковічы»), «Зубелевічы» (ААТ «Нача»).

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.