Рэжысёр з вялікай літары

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

26 студзеня ў Конькаўскім ВПК у раскладзе стаяў незвычайны ўрок – «Рэжысёр з вялікай літары». Мясцовым школьнікам не трэба тлумачыць, каму ён прысвечаны, а гасцям – рабятам з Дараўскай і Навасёлкаўскай школ – паведамілі: Міхаілу Пташуку – славутаму земляку, сусветна вядомаму кінарэжысёру, заслужанаму дзеячу мастацтваў і народнаму артысту Беларусі, лаўрэату дзяржаўнай прэміі і прэміі УЛКСМ, ганароваму прафесару Белградскай акадэміі мастацтваў, уладальніку шматлікіх Гран-пры міжнародных фестываляў. 28 студзеня яму споўнілася б 78 гадоў…
Экскурсія праходзіла не за партамі ў класным пакоі, а ў фае, дзе на пачэсным месцы размешчаны тэматычныя стэнды з біяграфічнымі і творчымі звесткамі чалавека-эпохі.
«З 1950 па 1957 Міша вучыўся ў Федзюкоўскай базавай школе. Каб сын атрымаў сярэднюю адукацыю, маці адвязла яго ў СШ № 41 Баранавіцкага аддзялення чыгункі, дзе хлопец правучыўся яшчэ два гады. У гэты час іграў у Баранавіцкім народным тэатры», – расказваюць прысутным вядучыя – адзінаццацікласнікі Крысціна Арцыменя і Андрэй Міклашэвіч.
Пасля школы Міхаіл накіроўваецца ў Маскву, каб паступіць у тэатральнае вучылішча імя Шчукіна. У вёсцы асабліва не верылі, што хлопец нечага дасягне. А маці праз нейкі час атрымала ад дырэктара вучылішча пісьмо са словамі: «Добры ў вас сын, Марыя Сямёнаўна!».
…На ўроку цішыня. Школьнікі слухаюць вядучых уважліва. Па сутнасці, экскурс у мінулае Міхаіла Пташука –
прыклад таго, што пры вялікім жаданні можна дасягнуць многага. Нават стаць прызнаным і вядомым рэжысёрам звычайнаму хлопцу з беларускай вёсачкі Федзюкі.
Рабяты прыгадалі, што першай самастойнай работай Пташука стаў фільм «Пра Віцю, пра Машу і марскую пяхоту». Менавіта ёй рэжысёр абавязаны тым, што дэбют удаўся і прынёс два Гран-пры міжнародных кінафестываляў і вялікую славу.
На экране кадры са стужкі «У жніўні 44-га…». Паглядзіце-пераглядзіце яе. Вельмі добра пасля адчуваеш каштоўнасць міру, спакою і згоды.
«…Вайна, мужнасць, самаадрачэнне, патрыятызм –
усё гэта з вялікай сілай прагучала ў яго апошняй рабоце «У жніўні 44-га…», якая выклікала столькі нераўнадушных водзываў і сярод гледачоў, і сярод калег-прафесіяналаў…» – гэтыя шчырыя словы народнага артыста Расіі Мікіты Міхалкова пра рэжысёра змешчаны ў кнізе «Міхаіл Пташук».
Міхаіл Пташук – наш, свой, тутэйшы. Асоба легендарная. Землякі памятаюць яго і шануюць!
Крысціна АРЦЫМЕНЯ, Конькаўскі ВПК:
– Мне пашчасціла разам з аднакласнікам сёння быць гідам па жыцці і творчасці Міхаіла Пташука. Пра яго нам, школьнікам, расказвалі з першага класа. А яшчэ пра Алеся Бадака. Ганарымся нашымі землякамі. Глядзела многія фільмы Пташука: «Знак бяды», «Вазьму твой боль», асабліва запала ў сэрца стужка «У жніўні 44-га…».
Андрэй МІКЛАШЭВІЧ, Конькаўскі ВПК:
– Ганаруся, што ў нас такі зямляк, пра якога ведаюць не толькі ў Беларусі. Канешне, шкада, што лёс яму адмераў такі кароткі жыццёвы шлях. Уяўляю, якія б карціны ён яшчэ стварыў.
Надзея ВАРАНЧАК, Конькаўскі ВПК:
– На сённяшнім уроку памяці расказала верш, напісаны пра Міхаіла Пташука таксама нашым земляком Вячаславам Вайшэвічам. У ім і гонар за вядомага кінарэжысёра, і жаль па няспраўджаных планах і марах. Пра Міхаіла Пташука шмат расказваюць нам настаўнікі, неаднойчы былі і каля дома, дзе ён нарадзіўся.
Ягор ЧОРНЫ, Дараўскі ВПК:
– Уражаны дасягненнямі звычайнага вясковага хлопца! Ён змог, не разгубіўся ў вялікім горадзе і даказаў сваю значнасць. Пасля сённяшняга мерапрыемства абавязкова пагляджу фільмы Міхаіла Пташука.