Важны кожны «ШАГ». У Ляхавіцкай сярэдняй школе № 2 прайшоў адзіны дзень інфармавання ў рамках адукацыйнага праекта «Школа Актыўнага Грамадзяніна»

У мінулы чацвер у сярэдняй школе № 2 райцэнтра прайшоў адзіны дзень інфармавання ў рамках адукацыйнага праекта «Школа Актыўнага Грамадзяніна». Тэма – «Беларуская навука: у нагу з часам». Абмеркаваць хвалюючыя пытанні рабяты змаглі са старшынёй Ляхавіцкага райвыканкама Мікалаем Марозам і начальнікам аддзела па адукацыі райвыканкама Святланай Якубоўскай, якія ў гэты дзень былі гасцямі сустрэчы.

З першых хвілін Мікалаю Мікалаевічу пасыпаліся пытанні ад юных ляхавічан. Рабят цікавіла многае, у тым ліку, напрыклад, сустрэча з якім чалавекам больш за ўсё паўплывала на яго жыццё.

Адно з пытанняў гучала так: якімі якасцямі, на думку старшыні райвыканкама, павінен валодаць добры кіраўнік.

Па словах Мікалая Мароза, у першую чаргу, кіраўніку неабходна быць сумленным, бо ён шмат у чым павінен стаць прыкладам для калектыву. Таксама добраму кіраўніку трэба ўмець планаваць сваю работу, думаць на будучыню. У яго павінен быць цвёрды характар, бо давядзецца прымаць рашэнні, ад якіх можа залежаць лёс прадпрыемства або арганізацыі, а таксама лёс людзей, якія там працуюць.

Яшчэ адно пытанне, што цікавіла будучых выпускнікоў, – якія спецыялісты зараз найбольш запатрабаваны ў нашым раёне.

–Зараз ваша галоўная задача вучыцца, атрымліваць веды і выбраць спецыяльнасць, якая будзе вам па душы, прафесію, у якой вам захочацца застацца на ўсё жыццё, удасканальвацца ў ёй. Мы будзем рады любому маладому спецыялісту: і ўрачу, і аграному, і настаўніку, і інжынеру. Для таго, каб стаць прафесіяналам у выбранай спецыяльнасці, трэба добра вучыцца, а кіраўніцтва раёна, у сваю чаргу, зробіць усё, каб вам захацелася вярнуцца на радзіму, каб у вас была высокааплатная работа, вы тут атрымалі жыллё, – адказаў старшыня райвыканкама.

Мікалай Мароз расказаў рабятам пра свой прафесійны шлях: дзе вучыўся, з чаго пачынаў кар’еру, з якімі цяжкасцямі давялося сутыкнуцца.

Другая частка сустрэчы была прысвечана абмеркаванню развіцця беларускай навукі. Рабяты выказалі сваё меркаванне пра тое, як уплываюць навуковыя адкрыцці на наша жыццё, разважалі,
ці можна стаць навукоўцам, ці гэта як талент, з якім трэба нарадзіцца.

– Вы вельмі дапытлівыя і разумныя рабяты. У вас цікавы погляд на свет, вы дзеліцеся сваімі думкамі і ідэямі, але і гатовыя слухаць. Упэўнены, гэта не апошняя наша сустрэча, мы з вамі яшчэ абавязкова абмяркуем многія пытанні, – падагульніў Мікалай Мароз.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.