«Спутнік» прызямліўся. Кампанія па вакцынацыі супраць каранавіруснай інфекцыі пачалася і ў Ляхавіцкім раёне

На базе паліклінікі  райбальніцы дзейнічае прышчэпачны пункт

– Прышчэпачны пункт аснашчаны ў адпаведнасці з усімі патрабаваннямі: закуплена і ўстаноўлена спецыяльнае абсталяванне, у тым ліку маразільныя камеры, маюцца тэрмакантэйнеры і іншыя прыстасаванні для захоўвання і транспарціроўкі вакцыны. Захоўванне яе пры тэмпературы мінус 18 градусаў і ніжэй – абавязковае патрабаванне, якое прад’яўляе вытворца «Спутнік V». Нашы медработнікі прайшлі неабходную падрыхтоўку, каб правільна правесці ўсе маніпуляцыі. Падрыхтаваны спісы тых, хто трапіць у «першы эшалон» для вакцынацыі, – паведаміў галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій Хлябовіч.
Першапраходцамі ў вакцынацыі сталі медыцынскія работнікі Ляхавіцкай ЦРБ і абласной бальніцы «Крывошын», супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Менавіта яны ў мінулую пятніцу атрымалі ін’екцыю «Спутнік V» расійскай вытворчасці.
Медсястра прыёмнага аддзялення абласной псіхіятрычнай бальніцы «Крывошын» Вольга Гатоўчыц – адна з першых прышчапілася ад каранавіруса.
– Працую ў прыёмным аддзяленні, таму, лічы, першай сустракаю пацыентаў нашай бальніцы і, адпаведна, знаходжуся ў зоне павышанай рызыкі падхапіць інфекцыю. Канешне, у абавязковым парадку выкарыстоўваю сродкі індывідуальнай абароны – маска, пальчаткі, антысептыкі. Але як медык са стажам разумею, лепшай прафілактыкі супраць COVID-19, чым вакцына, пакуль не прыдумана. Каранавірусам не хварэла, спадзяюся, што з дапамогай «Спутніка» не сустрэнуся з ім. Але меры перасцярогі буду выконваць і далей. І ўсім раю так рабіць, – гаворыць Вольга Гатоўчыц.
– Вакцына ўводзіцца, як правіла, у плячо пасля папярэдняй размарозкі. Паўторнае замарожванне ні ў якім разе нельга рабіць. У кожнай упакоўцы па пяць доз. У сувязі з чым адначасова ў спецыяльным пакоі збіраем менавіта такую колькасць людзей, якая будзе прышчапляцца, – расказвае галоўная медсястра ЦРБ Ала Туркіна.


Загадчык паліклінікі Анатолій Панько –  таксама адзін з першай пяцёркі прышчэпленых. Свой адказны крок ён тлумачыць наступным чынам:
– Прышчапляцца без ніякіх «але». Іншага варыянта асабіста я не разглядаў. Непасрэдна моманту ўвядзення нават не адчуў: нашы медсёстры – прафесіяналы. Увогуле, пасля ўвядзення прэпарата чалавек знаходзіцца пад наглядам медыкаў на працягу 30 мінут. Можа праяўляцца кароткатэрміновая рэакцыя на «Спутнік» у выглядзе павышэння тэмпературы цела, галаўнога болю, алергічнай рэакцыі, як і на прышчэпку супраць іншых хвароб. У мяне нічога такога не адзначалася.
Як вядома, прышчэпкі робяцца толькі добраахвотнікам. Таму загадзя складзены спісы жадаючых прайсці імунізацыю супраць COVID-19. Сюды не ўключаліся работнікі райбальніцы, якія перахварэлі каранавірусам і маюць дакументальнае таму пацвярджэнне.
Пасля медработнікаў права на бясплатную імунізацыю атрымаюць работнікі ўстаноў адукацыі і органаў сацыяльнай абароны, дзе таксама фарміруюцца спісы жадаючых прышчапіцца. З цягам часу анты-кавідную імунізацыю змогуць атрымаць і іншыя грамадзяне пры адсутнасці супрацьпаказанняў.
– Першая партыя, што прыбыла на Ляхавіччыну, налічвае 115 доз. Вакцына двухкампанентная, таму чалавек павінен атрымаць яе двойчы, другі раз – праз 21 дзень. Усе дозы былі выкарыстаны па прызначэнні. Разлічваем на своечасовыя пастаўкі наступных партый «Спутнік V». Праз тры тыдні, упэўнены, будзем гатовыя да ўвядзення другога кампанента ўсім, хто цяпер пачаў імунізацыю, –тлумачыць галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў. Ён расказаў, што ўвогуле па ўсёй краіне запланавана ахапіць прышчэпачнай кампаніяй 5,5 мільёна жыхароў. Разглядаюцца варыянты цэнтралізаванага набыцця вакцыны іншых вытворцаў, у прыватнасці, кітайскіх. Але на сёння альтэрнатывы «Спутніку» пакуль у Беларусі няма.
– Пералічу некалькі абавязковых умоў для атрымання вакцыны супраць COVID-19. Кожны прэтэндэнт у пісьмовай форме выказвае сваю згоду на працэдуру. Даныя пра вакцыну заносяцца ў медыцынскую дакументацыю. Як і пасля іншых прышчэпак, пры неабходнасці выдаецца даведка, што вакцынацыя зроблена. Нагадаю, хто нядаўна перахварэў вострай рэспіраторнай інфекцыяй, можа вакцынавацца толькі праз месяц пасля выздараўлення. Імунізацыю праходзяць толькі здаровыя людзі. Калі ёсць хранічныя хваробы, то прышчапляцца можна пры адсутнасці абвастрэння, – нагадвае галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна.
Па словах Віталія Ціханава, з канца студзеня ў Ляхавіцкім раёне адзначаецца пэўнае зніжэнне  захворвання COVID-19. Нават адменены некаторыя абмежаванні ў рабоце аб’ектаў грамадскага харчавання, адпачынку. Напрыклад, яны могуць цяпер працаваць і пасля 23 гадзін. Аднак, усе астатнія антыкавідныя меры – масачны рэжым, захаванне сацыяльнай дыстанцыі і іншыя, – працягваюць дзейнічаць. Колькі будзе прадаўжацца такая сітуацыя – пакажа час.
– Каранавірус не носіць сезонны характар, як і грып. Надвор’е, незалежна ад таго – мароз ці спякота, не ўплывае на распаўсюджванне гэтай інфекцыі. Разам з тым, ужо з сярэдзіны лютага ў нашым раёне чакаецца традыцыйны штогадовы пад’ём захворвання на ВРІ і грып. Упершыню ВРІ і COVID-19 будуць суседнічаць і ў дыягназах і, адпаведна, у гісторыях хвароб. Таму не забывайце пра прафілактыку і прымайце меры, каб не захварэць, – звяртаецца да землякоў Віталій Ціханаў.

Імунітэт да COVID-19 развіваецца праз два-тры тыдні пасля зробленай прышчэпкі і захоўваецца, па даных санслужбы, на дастатковым узроўні каля года. Затым імунітэт становіцца ўмераным і пачынае зніжацца. Адпаведна, антыкавідная вакцынацыя атрымае статус штогадовай.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.