У студзені 2021-га…На мінулым тыдні ў Федзюках і Ляхавічах адзначылі дзень нараджэння свайго земляка Міхаіла Пташука

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Дваццаць восьмы дзень студзеня. Снегам засыпана невялікая вёсачка. Гэта Федзюкі Ляхавіцкага раёна ў 2021 годзе. Роўна 78 гадоў назад, у 1943-м, тут на свет з’явіўся хлопчык, якому лёсам было наканавана стаць славутым рэжысёрам, народным артыстам. Ён гонар і слава Беларусі і сваёй малой радзімы – Ляхавіччыны. Ён – Міхаіл Мікалаевіч Пташук.

Пташука ў нас памятаюць
І праз 78 гадоў памяць пра гэтага светлага чалавека, творцу і патрыёта жыве ў сэрцах удзячных нашчадкаў і яго землякоў – тых, хто ведаў Міхаіла з дзяцінства, тых, хто толькі чуў расказы пра яго і глядзеў знятыя ім фільмы, і, канешне, яго родных і блізкіх.

Антон Несцяровіч, жыхар вёскі Федзюкі:
– Міша Пташук вельмі любіў нашы Федзюкі і тутэйшых лю-дзей. З ім сябравалі ўсе. Калі быў студэнтам, часта прыязджаў да маці, якая працавала звеннявой у калгасе. І потым, стаўшы рэжысёрам, не забываў свае вытокі. Колькіх рэжысёраў, артыстаў прывозіў сюды, якія цікавыя сустрэчы арганізоўваў для нас, вяскоўцаў. І ні разу ні перад кім не паказаў сваю перавагу, ніколі не ўзвышаўся над іншымі.
Дарэчы, кожны новы фільм ён абавязкова прывозіў у Федзюкі. Памятаю, як сабраліся разам наша вёска і навакольныя, каб у
Галавачоўскім клубе паглядзець «Вазьму твой боль». З хваляваннем сачылі за падзеямі, углядаліся ў знаёмыя будынкі і пейзажы, бо частка кіно здымалася ў Ляхавіцкім раёне.
З 1965 года больш за 40 гадоў я працаваў кінамеханікам – з «кіно» аб’ездзіў увесь раён. «Вазьму твой боль» круціў больш за 150 разоў, і заўжды быў, як цяпер гаворыцца, аншлаг. Гэта мая любімая кінастужка была і застаецца.

Анжаліка Пташук, дачка Міхаіла Пташука:
– Мой тата – самы любімы, самы выдатны, самы лепшы. Пра гэта я ведала яшчэ з маленства. Якія цудоўныя казкі ён сачыняў – заслухаешся. Гэта ад яго я навучылася так любіць сваю Радзіму. Заўжды з пашанай і натхненнем ён гаварыў пра свае родныя Федзюкі і землякоў. Тата ніколі не забываў свае карані і вельмі пяшчотна адносіўся да сваёй мамы – маёй бабулі.
Мне пашчасціла працаваць з Пташуком-рэжысёрам. Яшчэ зусім малой знялася ў фільме «Час выбраў нас», потым былі «Кааператыў «Палітбюро», «У жніўні 44-га». На здымачнай пляцоўцы бацька быў патрабавальным да ўсіх артыстаў, але прыслухоўваўся да меркаванняў кожнага. Не дзіўна, што я выбрала таксама творчую прафесію. Закончыла вышэйшае тэатральнае вучылішча імя Шчэпкіна, потым працавала ў маскоўскіх тэатрах. Вось ужо больш за 20 гадоў жыву ў Мінску, здымаюся ў кіно, працую ў Белтэлерадыёкампаніі, пішу сцэнарыі, займаюся агучваннем, у тым ліку кніг.

Вольга Морская, стараста вёскі Федзюкі:
– Тут я жыву адносна нядаўна – крыху больш за 10 гадоў. Так атрымалася, што купілі сядзібу амаль па суседстве з домам Пташука. Канешне, глядзела многія фільмы, знятыя Міхаілам Мікалаевічам. Больш за ўсё падабаецца «Вазьму твой боль». Яго магу пераглядваць бясконца. Разам з землякамі стараемся па магчымасці падтрымліваць парадак вакол дома, на прысядзібным участку. Такім чынам мы таксама ўносім свой уклад у захаванне памяці пра славутага рэжысёра. Правільна, што праводзяцца такія мерапрыемствы: сённяшнія пакаленні павінны ведаць сваю гісторыю. Толькі так наш народ захавае адзінства.

Юрый Грынь, дырэктар цэнтралізаванай клубнай сістэмы:
– Старанна рыхтаваліся да святочных мерапрыемстваў. Прыемна, што землякі актыўна ўдзельнічаюць у іх. Знялі таксама відэафільм пра творчасць і жыццё Міхаіла Пташука.
Мы павінны ганарыцца такім земляком і прапагандаваць яго творчасць.

Прысвячэнне славутаму земляку
У дзень нараджэння Міхаіла Пташука ўшанаванні прайшлі на яго малой радзіме – у Федзюках. Разам з землякамі раздзяліла радасць свята і дачка знакамітага кінарэжысёра Анжаліка, яго сваякі. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі раённай улады, тутэйшыя жыхары, вучні і настаўнікі Конькаўскага ДС – СШ. Каля паклоннага крыжа, устаноўленага ў вёсцы Федзюкі, малебен правёў благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі протаіерэй Георгій Жытко. Потым урачыстасці перамясціліся да дома № 48 па вуліцы Садовай, дзе прай-шло дзяцінства будучай зоркі кінематографа. Тут адбыўся мітынг-рэквіем «Чалавек, які хацеў жыць і ствараць…».
– Вельмі важна захаваць памяць пра земляка, які прынёс славу Ляхавіцкаму раёну. Нямала зроблена для таго, каб прывесці ў парадак дом, дзе жыў Міхаіл Мікалаевіч з мамай. Зараз дом перадаецца на баланс Конькаўскага сельвыканкама, вядуцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі вакол, у чым дапамагаюць мясцовыя жыхары, школьнікі. У планах – аднаўленне
печкі ў доме, электрычнасці. Марым арганізаваць музей.
Спадзяёмся, што ўсё атрымаецца, – адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса.
Анжаліка Пташук шчыра падзякавала за тое, што беражліва захоўваюць усё, звязанае з яе бацькам:
– Тата сапраўды любіў свае Федзюкі, сваіх землякоў.
Ён спяшаўся ў родны дом, каб падзяліцца радасцю і ў часы смутку. Тут ён набіраўся сіл і энергіі, тут у яго нараджаліся новыя творчыя ідэі і задумкі. Я вельмі рада раздзяліць гэта свята – дзень нараджэння бацькі – з людзьмі, якія яго таксама любяць і паважаюць. Спадзяюся, што памяць пра яго будзе заўжды ў вашых сэрцах.
Прысутныя хвілінай маўчання ўшанавалі памяць пра Міхаіла Пташука, усклалі кветкі да мемарыяльнай дошкі, устаноўленай на
доме. Кожны мог прайсціся па невялікіх пакойчыках, дзе калісьці хадзіў сусветна вядомы рэжысёр. Трэба было бачыць, з якім хваляваннем зайшла ў дом Анжаліка Пташук, як пяшчотна яна датыкнулася да фотаздымка сваёй бабулі і нібы зазірнула ў сваё дзяцінства, таксама звязанае з Федзюкамі.
У той жа дзень ГДК запрасіў усіх жадаючых на вечар памяці «Міхаіл Пташук – чалавек- эпоха». І гэта мерапрыемства прайшло ў атмасферы шчырасці і дабрыні. Кожны мог сфатаграфавацца ў спецыяльна падрыхтаванай фотазоне. Анжаліка Пташук расказвала ўдзельнікам сустрэчы пра бацьку. Народны тэатральны калектыў «Дом Дыягена» прадставіў на суд гледачоў эпізоды з вядомых фільмаў, знятых Пташуком, гучалі і песні з кінастужак.
А ў мінулую пятніцу раённая купалаўка арганізавала для сваіх чытачоў інтэрактыўнае падарожжа па старонках жыцця
«Споведзь кінарэжысёра».

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.