Слова пра слова

Час гэтай традыцыйнай сустрэчы нязменны: ладзіцца яна напярэдадні Дня друку. На гэты раз ХVII Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі» і ХХ Міжнародны спецыялізаваны форум па тэлекамунікацыях, інфармацыйных і банкаўскіх тэхналогіях «ТИБО-2013» працавалі, сабралі мноства ўдзельнікаў, былі ў цэнтры ўвагі і журналістаў, і спецыялістаў ІТ-тэхналогій з 23 па 26 красавіка.
Як адзначыў намеснік Прэм’ер-міністра Анатолій Калінін, «мы настроены рашуча на абмен вопытам, меркаваннямі, тэхналогіямі, на заключэнне добрых кантрактаў», і што выстава «ТИБО-2013» паспрыяе расшырэнню ўплыву Беларусі ў сферы ІТ-тэхналогій.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Радзькоў зачытаў прывітанне Кіраўніка дзяржавы да ўдзельнікаў і гасцей Міжнароднага інфармацыйнага форуму і Міжнароднай выставы «СМІ ў Беларусі».
На выставе было што паглядзець. Сам за сябе гаварыў яе дэвіз — «Канвергенцыя, мультымедыйнасць, інтэр-актыўнасць». Міністэрства інфармацыі паказала тэставую версію партала «СМІ Беларусі». Стэнды з айчыннымі экспанатамі, экспазіцыі, прысвечаныя СМІ Саюзнай дзяржавы, Кітая, Індыі, Венесуэлы, Кубы — у прафесійным плане гэта надзвычай цікава, інфармацыйна і павучальна.
На стэндзе, прысвечаным сродкам масавай інфармацыі Брэсцкай вобласці, быў прэзентаваны і «Ляхавіцкі веснік». Экзэмпляры газеты «раз’ехаліся» не толькі па Беларусі.
А ў аўторак вечарам адбылася яшчэ адна знакавая для журналістаў падзея: узнагароджанне пераможцаў Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Літара». Нагадаем, што «Ляхавіцкі веснік» тройчы быў лаўрэатам конкурсу, а ў мінулым годзе — пераможцам у намінацыі «Лепшыя матэрыялы сацыяльна-эканамічнай тэматыкі». Вельмі прыемна, што менавіта гэта намінацыя сёлета вывела ў пераможцы калег са Століна. А намінантамі былі камянецкія і лунінецкія газетчыкі.
Пасля ўшанавання пераможцаў «Залатой Літары» міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі ўручыў знак «Выдатнік друку» тром журналістам, сярод якіх і рэдактар раённай газеты «Ляхавіцкі веснік» Вольга Барадзіна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *