Стала традыцыяй перад майскімі святамі ладзіць у Ляхавічах свята-конкурс патрыятычнай ваеннай і афганскай песні «Памяць»/фота/

Маці Сяргея Свянтэцкага Ала Іванаўна з унучкай Насцяй сустрэліся з прадстаўнікамі часці 7404.

Па расказах, Сярожа Свянтэцкі быў звычайным вясковым хлопчыкам, бегаў басанож разам з аднагодкамі па вуліцах Крывошына, як і ўсе, сваволіў, як і ўсе, вучыўся ў школе. А ў вочы матулі глядзеў з такой адданай любоўю і пяшчотай, што, здавалася, ніколі не дазволіць, каб яна засмуцілася. Падрастаў, і бацькі цешыліся сынам: прыгожы, вясёлы, тактоўны, паважлівы да старэйшых. Сярод сяброў — заўсёды свой: яго гітара кранала струны душы. І на спартыўнай пляцоўцы таксама быў лепшым.
На службу ў армію Сяргея адпраўлялі з песнямі і пажаданнямі хутка сустрэцца. Служыў салдат у часці № 7404 унутраных войскаў. У абавязкі ўваходзіла, у тым ліку, этапіраваць асуджаных злачынцаў да месцаў адбывання пакарання.
Радавы Свянтэцкі быў у той дзень у каравуле. А вось і родныя мясціны — станцыя Баранавічы-Палескія. Іменна тут і здарылася трагедыя: асуджаныя мелі намер уцячы з-пад варты і напалі на каравул. Сяргей першым уступіў у схватку са злачынцамі і быў смяротна паранены…
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 654 ад 24 снежня 1997 года за мужнасць і адвагу, праяўленыя пры выкананні воінскага абавязку, радавы Сяргей Свянтэцкі пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам «За асабістую мужнасць».
На могілках вёскі Крывошын ля самай дарогі стаіць гранітны помнік салдату Свянтэцкаму. Прыгожы юнак у армейскай форме глядзіць на вірлівае жыццё, што бяжыць зусім побач. Без усялякай містыкі ён удзельнічае ў ім: сваім подзвігам выхоўвае юных патрыётаў, вучыць падрастаючыя пакаленні мужнасці і адвазе. А яны, у знак памяці, пяюць яго песні — пад гітару, баян або без акампанемента. Стала традыцыяй перад майскімі святамі ладзіць у Ляхавічах свята-конкурс патрыятычнай ваеннай і афганскай песні «Памяць». І на гэты раз на песеннае свята прыехала маці героя Ала Іванаўна. Яна слухала песні, прысвечаныя сыну, якія выконвалі і пажылыя, і маладыя, і зусім яшчэ дзеці — удзельнікі мастацкай самадзейнасці з усяго раёна. Сяргею Свянтэцкаму прысвяціла сваё выступленне і пляменніца Насця, якая ніколі не бачыла свайго дзядзьку-героя, але захапляецца яго мужнасцю.
Свята-конкурс патрыятычнай ваеннай і афганскай песні «Памяць» і на гэты раз назвала сваіх пераможцаў.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *