Дыпломная адзнака. Навучэнка Навасёлкаўскай дзіцячай школы мастацтваў удастоена дыплома II ступені Міжнароднага зарубежнага фестывалю мастацтваў

Навучэнка Навасёлкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Ілона Міклашэвіч удастоена дыплома II ступені Міжнароднага зарубежнага фестывалю мастацтваў «Musical star of Slovenia» у намінацыі «інструментальная музыка» (сярод 9-11-гадовых).

У творчым іспыце здольнасцямі мераліся больш як 2300 удзельнікаў са Славеніі, Польшчы, Расіі, Украіны і Беларусі. «Серабро» нашай зямлячцы прынесла выкананне «Барыні», якую яна сыграла так, што стала адной з лепшых.
Ілона трэці год займаецца па класе баяна ў філіяле Навасёлкаўскай ДШМ, які знаходзіцца ў аграгарадку Нача. Настаўніца дзяўчынкі дырэктар ДШМ Таццяна Саўчык вельмі задаволена вынікамі і стараннямі сваёй навучэнкі.
– Ілона вельмі таленавітая і адказна ставіцца да заняткаў. Апрацоўкі народных песень у яе атрымліваюцца на выдатна – заслухаешся. Вельмі рада, што гэта адзнака ў яе не першая, і, лічу, галоўная яшчэ наперадзе, – адзначае Таццяна Саўчык.
Дарэчы, Таццяна Баляславаўна атрымала Грамату міжнароднага фестывалю за ўклад у выхаванне дзяцей, падтрымку таленавітай моладзі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.