Дыягназ «абнаўленне» пацверджаны часам. Пытанням развіцця медыцыны, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя, паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі ў нашай краіне надаецца вялікая ўвага

Клопат пра здароўе чалавека быў і застаецца адным з прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы. На працягу апошніх гадоў, якія праходзілі пад знакам трылогіі малой радзімы, і ў Ляхавіцкім раёне зроблена нямала для развіцця медыцыны, умацавання здароўя землякоў, паляпшэння матэрыяльнай базы ўстаноў аховы здароўя як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці. Шмат увагі надаецца развіццю кадравага патэнцыялу і замацаванню маладых спецыялістаў-медыкаў пасля адпрацоўкі па размеркаванні.  Узгадаем, што адбывалася ў медыцыне Ляхавіччыны за апошнія тры гады.

Навінкі і адкрыцці

З зайздросным пастаянствам у раёне з’яўляюцца медыцынскія абноўкі.Першы падарунак за азначанае трохгоддзе атрыманы 15 сакавіка 2018 года ў Дзень Канстытуцыі Беларусі: урачыста адкрыты абноўлены пасля рэканструкцыі, капітальнага рамонту, мадэрнізацыі харчаблок цэнтральнай раённай бальніцы. Работы праводзіліся за кошт сродкаў раённага бюджэту і каштавалі тады амаль 740 тысяч рублёў. Толькі на абсталяванне затрачана35 тысяч рублёў. 

Напрыканцы ліпеня мінулага года ў абласной псіхіятрычнай бальніцы «Крывошын» пасля капрамонту з мадэрнізацыяй уведзены ў эксплуатацыю харчаблок, аснашчаны новым абсталяваннем. Усё абышлося абласному бюджэту ў 1 мільён 292 тысячы рублёў.

– Агульнавядома, што якасць аказання медыцынскай дапамогі ў многім залежыць і ад тэхнічнага аснашчэння паліклінікі, падраздзяленняў бальніцы, ФАПаў, урачэбных амбулаторый. Таму фінансавыя магчымасці імкнёмся выкарыстоўваць па максімуму эфектыўна. Паступова абнаўляем абсталяванне, аснашчаем рабочыя месцы ўрачоў. Так, для ўрачоў агульнай практыкі закуплены электракардыёграфы, растамеры, атаскопы і г. д. Набыты стаматалагічныя ўстаноўкі. Значную дапамогу ўрачам у дыягностыцы анкалагічных захворванняў аказваюць медыцынскія абноўкі: фібрабронхаскоп, відэагастрадуадэнаскоп, ібрагастрадуадэнаскоп, два апараты УГ-дыягностыкі высокага класа, – расказвае галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій Хлябовіч.

Галоўны ўрач УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Георгій Хлябовіч.

Істотна папаўняецца і бальнічны аўтапарк. Толькі летась сярод асноўных медыцынскіх абновак – тры аснашчаныя аўтамабілі для аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі.

У маі за сродкі раённага бюджэту (120 тысяч рублёў) набыты новы аўтамабіль хуткай дапамогі на базе «форд-транзіт». Машына ўкамплектавана ўсім неабходным для якаснай работы медыкаў.
У ліпені з’явілася аналагічная навінка, на яе набыццё выдаткаваны сродкі з абласнога бюджэту, а ў верасні ў аўтапарку «хуткіх» з’явіўся новенькі «пежо-баксёр» .

Новы аўтамабіль хуткай медыцынскай дапамогі.

Пашыраецца і аптэчная сетка раёна. З канца лістапада 2019 года ў будынку магазіна «Санта» па вуліцы Інтэрнацыянальнай працуе новая аптэка Брэсцкага РУП «Фармацыя». У мінулым годзе ў райцэнтры па вуліцы Леніна адкрылася аптэка недзяржаўнай формы ўласнасці.

Аптэка па вуліцы Інтэрнацыянальнай.

Клопат пра пацыентаў – гэта не толькі правільная дыягностыка, граматнае лячэнне, але і камфортныя ўмовы знаходжання ў тым жа стацыянары бальніцы. Акцэнтуе ўвагу адміністрацыя ЦРБ і на тое, каб уладкаваць быт сваіх работнікаў. З верасня 2018 года ў райбальніцы працуе фірменны магазін птушкафабрыкі «Дружба», ён стаў часткай гандлёвага міні-гарадка, дзе сваё прадстаўніцтва маюць таксама райпо, «Брэстаблсаюздрук». Такое суседства выгадна і зручна і пацыентам, і медработнікам.

Актуальная даступнасць

– Апошнія тры гады ў плане аснашчанасці падраздзяленняў райбальніцы, яе папаўнення – матэрыяльнага і кадравага, камп’ютарызацыі і інфарматызацыі выдаліся даволі насычанымі. У 2018 го-дзе нашы тэрапеўты першымі на Брэстчыне сталі працаваць па прынцыпе ўрачоў агульнай практыкі. Усе папярэдне прайшлі перападрыхтоўку, каб валодаць навыкамі па сумежных спецыяльнасцях. Такая перабудова дазволіла разгрузіць вузкіх спецыялістаў, на прыём да якіх іншы раз было цяжка трапіць.

Тэрапеўтычнае аддзяленне паліклінікі перайменавана ў аддзяленне агульнай урачэбнай практыкі, – адзначае намеснік галоўнага ўрача райбальніцы Міхаіл Куляшоў.

Вясной 2018 года Ляхавіцкая ЦРБ падключылася да рэспубліканскай сістэмы тэлемедыцынскага кансультавання: за тры гады праведзена больш за паўсотні такога кшталту медыцынскіх кансіліумаў.

На карысць пацыентаў і для разгрузкі медработнікаў – пераход на электронную медкарту і выдача электронных рэцэптаў, ідэнтыфікацыйных пластыкавых картак медабслугоўвання. Бясспрэчным плюсам стала і магчымасць для кожнага жыхара раёна запісацца папярэдне на прыём да ўрача праз інтэрнэт. У 2018 годзе ў паліклініцы пачала дзейнічаць лакальная вылічальная сетка, якая стала выніковым крокам да інфарматызацыі і камп’ютарызацыі райбальніцы.

Больш даступнай становіцца меддапамога і для вяскоўцаў. Запатрабаваны штотыднёвыя выезды комплекснай брыгады спецыялістаў-медыкаў (у яе складе– урач агульнай практыкі, хірург, неўролаг, акушэр-гінеколаг, анколаг, фельчар мужчынскага кабінета) у аддаленыя населеныя пункты, на прадпрыемствы. Падчас такіх прыёмаў «на колах» чалавек можа не толькі пракансультавацца ў спецыяліста патрэбнага яму профілю, але і прайсці па накіраванні ўрача лабараторныя даследаванні. Таксама на такіх выездах задзейнічана перасоўная рэнтгенафлюараграфічная ўстаноўка.

Абноўлены харчаблок Крывошынскай бальніцы.

Важны накірунак, актывізаваны ў апошнія гады, – імунізацыя. У прыватнасці, вакцынацыя супраць грыпу з выездам на прадпрыемствы, ва ўстановы і арганізацыі.

Папярэдзіць. Выявіць. Вылечыць

Любую хваробу прасцей папярэдзіць, чым лячыць – гэта аксіёма. Апошнім часам асаблівая ўвага медыкаў раёна накіравана на прафілактыку захворванняў, іх ранняе выяўленне.

Шырокі рэзананс мелі шматлікія прафілактычныя праекты. З удзелам абласных спецыялістаў праведзены медыка-асветніцкія акцыі «Здаровае сэрца – залог поспеху», «Папярэдзь хваробу –выберы жыццё!», «Папярэдзім інфаркт міякарда» і іншыя, у якіх прынялі ўдзел тысячы гараджан і вяскоўцаў. Падчас такіх мерапрыемстваў выканана больш за тры тысячы розных даследаванняў.

Для павышэння інфармаванасці насельніцтва і матывацыі па пытаннях прафілактыкі анказахворванняў, прапаганды здаровага ладу жыцця на Брэстчыне рэалізуецца прафілактычны праект «Папярэдзь хваробу –выберы жыццё!». Адзін з яго адрасоў – Ляхавіцкі раён.

У 2019 годзе кожны жадаючы мог пракансультавацца і абследавацца ў спецыялістаў Брэсцкіх абласных анкалагічнага і эндакрыналагічнага дыспансераў, абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, праверыць індэкс масы цела, памераць артэрыяльны ціск, здаць аналіз крыві. Наш раён з 2018 года ўваходзіць у рэспубліканскую праграму па скрынінгу каларэктальнага раку. З пачатку скрынінгу ў ім паўдзельнічалі больш за 400 землякоў. Для выяўлення раку прастаты пачалі абследаваць мужчын ва ўзросце 50-65 гадоў на прастатспецы-фічны антыген.

Цяжка пераацаніць і важную ролю ўкаранення новых методык дыягностыкі і лячэння. За апошні час нямала іх асвоена і ляхавіцкімі ўрачамі.

У клініка-дыягнастычнай лабараторыі ЦРБ.

– Мае калегі імкнуцца не толькі сачыць за інавацыямі ў дыягностыцы і лячэнні хвароб, але і прымяняюць іх на практыцы. Назаву толькі некаторыя. У фізіятэрапіі асвоілі камбінаваную лазератэрапію хандрапатыі галовак плюснявых касцей і стымуляцыю рэгенерацыі касцявой тканкі з дапамогай нізкаінтэнсіўнага лазернага выпраменьвання з выкарыстаннем апарата «Родник-1». Апарат магнітатэрапіі «Алмаг-02» дапамагае пры лячэнні полінеўралгіі, варыкозных захворванняў вен ніжніх канечнасцяў. У клініка-дыягнастычнай лабараторыі праводзім выяўленне бактэрыяльнай інфекцыі ў крыві – тэст вызначэння пракальцытаніну. Паспяхова ўкаранёна методыка аператыўнага лячэння папярочнай плоскаступнёвасці, – дзеліцца напрацоўкамі галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ.

Кадры пра кадры

Медыцынскія работнікі заўжды побач, спяшаюцца на дапамогу, калі хварэем; яны ў авангардзе ў прапагандзе здаровага ладу жыцця. Хто з нас не прыслухоўваўся да парад работнікаў аптэк. Супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ў адказе за эпідэміялагічную бяспеку, выкананне нормаў санэпідрэжыму. Урачы і іх памочнікі, медыцынскія сёстры, фельчары, лабаранты – вартавыя здароўя. Перамога над хваробай, пацыент, які выздаравеў, – галоўная ўзнагарода для медыкаў, пацвярджэнне іх прафесіяналізму.
Прыемна, што сярод лепшых у прафесіі гучаць і прозвішчы мясцовых профі ў белых халатах.

Харчаванне школьнікаў таксама ў зоне пільнай увагі райЦГіЭ.

Летась за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, вялікі асабісты ўклад у аказанне медыцынскай дапамогі насельніцтву нагрудны знак Міністэрства аховы здароўя «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь» уручаны галоўнаму ўрачу УАЗ «Ляхавіцкая цэнтральная раённая бальніца» Георгію Хлябовічу, ён жа ўдастоены Граматы Брэсцкага аблвыканкама. Ганаровую грамату Міністэрства аховы здароўя за шматгадовую добрасумленную працу атрымалі галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў, намеснік галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ Міхаіл Куляшоў, загадчык Востраўскага фельчарска-акушэрскага пункта Таццяна Аніскевіч,
малодшая медыцынская сястра інфекцыйнага аддзялення ЦРБ Валянціна Пілінога. Па-дзяку Прэм’ер-міністра атрымаў загадчык тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы Міхаіл Буйкевіч, Падзяку міністра аховы здароўя – загадчык паліклінікі Анатолій Панько, галоўная медсястра райбальніцы Ала Туркіна, фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Аляксандр Чайкоўскі. Грамата Брэсцкага аблвыканкама ўручана старшай медсястры паліклінікі Вользе Дубоўскай, Падзячнае пісьмо аблвыканкама адрасавана памочніку ўрача агульнай практыкі Таццяне Рачкоўскай. Граматы галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама ўдастоены загадчык Ліпскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Яўгеній Мудрагелаў, фельчар-лабарант клініка-дыягнастычнай лабараторыі Святлана Ляскала, вадзіцель аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Аляксандр Буйда.

Таццяна Аніскевіч.

У 2019 годзе на Галерэю славы Ляхавіцкага раёна занесена прозвішча галоўнага ўрача ЦРБ Георгія Хлябовіча і ўрача функцыянальнай дыягностыкі Таццяны Літвіненка. У 2020 годзе такой адзнакі ўдастоена старшая медсястра інфекцыйнага аддзялення Алена Бяліцкая. Ганаровае званне «Чалавек года» за высокія дасягненні па выніках работы за 2018 год у намінацыі «ахова здароўя» прысвоена загадчыку паліклінікі ЦРБ Анатолію Панько, а за 2019 год – загадчыку рэнтгеналагічнага аддзялення Сяргею Памазанскаму.

Адны з лепшых работнікаў устаноў аховы здароўя Ляхавіччыны.

Раўненне на вопытных калег бяруць і навічкі медыцынскай прафесіі. За апошнія тры гады па размеркаванні ва ўстановы аховы здароўя раёна прыбылі 74 маладыя спецыялісты: 30 урачоў, 44 прадстаўнікі сярэдняга медыцынскага персаналу.

Хоць і не такое істотнае, але ўсё ж папаўненне і ў аптэчнай сістэме. За апошнія тры гады тут з’явіліся пяць маладых спецыялістаў – два фармацэўты і тры правізары.

Хочацца спадзявацца, што маладыя медыцынскія кадры дастойна будуць прадаўжаць справу сваіх папярэднікаў, а здароўе землякоў будзе ў іх надзейных руках.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.