І сябар, і памочнік, і блізкі чалавек. У Ляхавіцкім раёне сацработнікі для пажылых людзей — сувязныя са «знешнім» светам

Сацыяльныя работнікі сёння для пажылых людзей – і сябры, і памочнікі, і часам блізкія людзі. А ў гэтыя зімовыя дні, калі падмарозіла, і снег засыпаў сцежкі-дарожкі, некаторыя нашы землякі паважанага ўзросту нават не выходзяць на вуліцу.
Атрымліваецца так, што сацработнік – сувязны са «знешнім» светам. Купіць прадукты  і медыкаменты, выпіша рэцэпт, прыбярэ ў доме ці згатуе абед. А яшчэ пачысціць двор, прынясе дровы і брыкет, нарыхтуе вады і раскажа пра навіны.

На 1 лютага на надомным абслугоўванні, што ажыццяўляюць
75 сацработнікаў ТЦСАН, знаходзіцца 616 непрацаздольных жыхароў з  70 населеных пунктаў раёна. Летась на надомнае абслугоўванне прынята  119 чалавек. У дапамогу пажылым землякам, акрамя сацабслугоўвання на даму, і іншыя формы жыццеўладкавання. У Ганчароўскім доме  сумеснага пражывання пажылых людзей і інвалідаў зараз зімуюць  13 чалавек. Маюцца ў раёне і замяшчальныя сем’і, прыёмныя, патранатныя, гасцявыя. Усё для таго, каб пажылы чалавек адчуваў цяпло няхай не родных, але блізкіх па сардэчнай прывязанасці людзей, іх падтрымку, абарону і клопат.


Спецыялісты аддзялення сацыяльнай дапамогі ТЦСАН праводзяць абследаванні адзінокіх і адзінока пражываючых, каб выявіць іх праблемы і патрэбы. Укараняюцца новыя формы сацабслугоўвання. Летась, напрыклад, на тэрыторыі Ганчароўскага сельсавета з’явіўся «дом узаемадапамогі», арганізаваны з мэтай павышэння якасці жыцця адзінокіх пенсіянераў і інвалідаў ва ўмовах сумеснага вядзення гаспадаркі і ўзаемнай падтрымкі.
Дарэчы, адзін візіт сацработніка ў вёсцы каштуе 1 рубель 89 капеек, у горадзе – на 59 капеек танней.
Сацработніка з аграгарадка Падлессе Святлану Тарабаш (на здымку) яе падапечныя сустракаюць пяшчотна: «Дзіця… Дзяўчынка… Даражэнькая…». Таму і стараецца яна, каб у яе бабуль-дзядуляў і настрой палепшыўся, і вочы ад радасці заіскрыліся. Святлана Аляксееўна ў сацработніках без малога 15 гадоў. Па адукацыі фармацэўт, а медыцынскія ўменні і навыкі ў абыходжанні з падапечнымі – вялікі плюс. Сама мясцовая, добра ведае запыты землякоў. Тэлефануе сваім падапечным і пасля працоўнага дня –
хвалюецца, як яны там.
Дырэктар ТЦСАН Таццяна Равінская гаворыць пра Святлану Тарабаш як пра работніка адказнага, спагадлівага, клапатлівага і адданага справе. Пад яе наглядам дзевяць чалавек (чатыры адзінокія і пяць адзінока пражываючых), сярод якіх і тыя, каму пайшоў дзявяты дзясятак.
У перыяд каранавіруса важна і дапамагчы, і выконваць меры эпід-перасцярогі. Людзі старэйшага ўзросту – найбольш уразлівая ў гэтым плане катэгорыя насельніцтва. Таму даводзіцца Святлане Тарабаш, як і яе калегам, у час знаходжання ў сваіх падапечных насіць маску і пальчаткі. Сродкамі індывідуальнай абароны забяспечаны дзякуючы галіноваму прафсаюзу і Чырвонаму Крыжу, маецца спецадзенне. Але дадатковая амуніцыя для яе не праблема. Па натуры аптымістка, на ўсё глядзіць з пазітыўнага боку. Жыццярадасная і энергічная, яна яшчэ вызначаецца вакальнымі данымі – прыгожа спявае ў вакальнай групе  «Забава» Падлескага СДК.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.