Наш прыярытэт – моцныя рэгіёны. Сярод тых, хто на Усебеларускім народным сходзе прадставіць Ляхавіччыну, – старшыня раённага выканаўчага камітэта

11 лютага  ў Мінску пачне працаваць шосты Усебеларускі народны сход. Для ўдзелу ў народным форуме з’едуцца дэлегаты з усіх гарадоў і раёнаў Беларусі – прадстаўнікі розных сфер і прафесій, рознага ўзросту, палітычных і рэлігійных поглядаў. На іх абмеркаванне будуць вынесены асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады і накірункі грамадска-палітычнага развіцця краіны.

Сярод тых, хто на Усебеларускім народным сходзе прадставіць Ляхавіччыну, – старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Мароз.
У раёне Мікалай Мікалаевіч –  чалавек новы, на пасаду заступіў напрыканцы мінулага кастрычніка. Да гэтага пяць гадоў узначальваў райсельгасхарч Столінскага райвыканкама, быў першым намеснікам кіраўніка раёна. Наогул, літаральна ўся яго прафесійная дзейнасць звязана з сельскай гаспадаркай і Століншчынай – рэгіёнам, што дынамічна развіваецца за кошт аграсектара. Так што ёсць з чым параўноўваць і з чаго пачынаць.

Тры месяцы хапіла не толькі, каб увайсці ў курс справы, пазнаёміцца з вытворчасцю і сацсферай, кадрамі, зрабіць пэўныя высновы, але і пакласці пачатак канкрэтным пераўтварэнням.
– За апошнюю пяцігодку аграрная галіна Ляхавіцкага раёна істотна «прасела», асобныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы знаходзяцца ў вельмі цяжкім фінансавым становішчы, матэрыяльна-тэхнічная база патрабуе абнаўлення, знізіўся аб’ём сельгасвытворчасці, скарацілася пагалоўе жывёлы. А гэта мінус не толькі для саміх гаспадарак, але і для ўсёй эканомікі нашага раёна. Каб жыць лепш, нам усім давядзецца сур’ёзна папрацаваць, – адзначае Мікалай Мароз.
Тым больш, на эканоміцы «завязаны» дабрабыт грамадзян, паляпшэнне сацыяльнага асяроддзя, якасць жыцця насельніцтва – тое, што забяспечвае сацыяльную стабільнасць у грамадстве.
А менавіта яна, упэўнены старшыня райвыканкама, і стане галоўнай мэтай наступнай пяцігодкі. Сярод прыярытэтаў развіцця нашай краіны на бліжэйшыя пяць гадоў – развіццё рэгіёнаў. З гэтага і патрэбна пачынаць!
Каб не па словах, а на справе ўбачыць і адчуць, што хвалюе насельніцтва, кіраўніцтва раёна літаральна ў поўным складзе адправілася па вёсках. У якасці «групы падтрымкі» – кіраўнікі шэрага службаў і арганізацый, што адказваюць за забеспячэнне тых ці іншых паслуг, зручнасцяў, камфорту.
У першую чаргу, пабывалі ў рэгіёнах з самай напружанай сітуацыяй, дзе на працягу апошніх гадоў былі спробы зберагчы сельгаспрадпрыемствы, у тым ліку шляхам аб’яднання. Гэта, на жаль, не дало чаканага выніку, іх фінансавае становішча стала яшчэ цяжэйшым. Адпаведна, нарос ужо ком іншых праблем: ад элементарных бытавых, вырашыць якія самастойна мясцовыя жыхары не могуць, да адсутнасці ў вяскоўцаў магчымасці дастойна забяспечыць сям’ю, разбурэння сацыяльнай інфраструктуры і г. д. Свяціца, Ліпск, Малое Гарадзішча – па кожным з гэтых адрасоў у людзей было нямала пытанняў, прэтэнзій, прапаноў да ўлады і раённых службаў. Новага кіраўніка раёна такая актыўнасць насельніцтва не спалохала, хутчэй наадварот – пераканала, што такую гутарку з насельніцтвам трэба працягваць і далей:
– Важна, што на сустрэчы прыходзіць многа людзей, і яны не баяцца і не саромеюцца гаварыць пра набалелае, задаюць пытанні, прапануюць сваё бачанне вырашэння пэўных праблем, кагосьці хваляць, штосьці крытыкуюць… Значыць, ім неабыякавы далейшы лёс малой радзімы. З другога боку, і мы бачым, у якіх накірунках уладзе трэба працаваць больш настойліва, вынікова. У тым ліку і праз такія мясцовыя сходы людзі могуць ажыццяўляць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у дзяржаўных і грамадскіх справах.
Дарэчы, у кожны са згаданых населеных пунктаў паехалі, што называецца, не з пустымі рукамі, а з канкрэтнымі планамі, як удыхнуць у іх жыццё.
– Што датычыць Ліпска, сёння ёсць інвестар, які не проста гатовы ўзяць тутэйшую гаспадарку з усімі даўгамі, але і прыняць на сябе большую частку сацыяльнай нагрузкі. Будзе падтрымка і ў людзей, якія хочуць трымаць падсобную гаспадарку, працаваць на зямлі. Станоўчыя змены сёння пачынаюцца ў райаграсэрвісе. Канешне, на выпраўленне сітуацыі спатрэбіцца час, але інвестар мае сур’ёзныя намеры, – дзеліцца планамі старшыня райвыканкама. – А наша задача – развіваць і падтрымліваць прыватную ініцыятыву, што працуе на развіццё рэгіёна.
Між іншым, менавіта так на практыцы будзе рэалізаваны яшчэ адзін з прыярытэтаў развіцця нашай краіны на бліжэйшую пяцігодку – дзяржава-партнёр: умацаванне дыялогу і ўзаемнага даверу паміж дзяржавай і грамадствам, дзяржавай і чалавекам, дзяржавай і бізнесам.
– Нельга жыць адным днём. Каб развівацца, трэба думаць, пралічваць і глядзець на перспектыву, – перакананы Мікалай Мароз. – Сёння мы паставілі перад сабой канкрэтныя задачы, распрацавалі планы развіцця па кожнай галіне народнай гаспадаркі на 2021 год, якія агучым у бліжэйшыя дні падчас пасяджэння гаспадарчага актыву раёна. Пасля зацвярджэння
Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021-2025 гады скарэкціруем і раённы план на пяцігодку. Хаця, канешне, асноўныя накірункі, па якіх давядзецца працаваць, вядомыя і сёння. Стварэнне камфортных умоў для жыцця і работы, якасная і даступная сацыяльная інфраструктура, інвестыцыі ў новыя вытворчасці – тое, што дапаможа рэгіёнам, у тым ліку такім невялікім раёнам, як наш, стаць моцнымі.
Старшыня райвыканкама адзначае, што гэты год будзе для Ляхавіччыны напружаным і павінен стаць у нейкай ступені нават пераломным:
– Новае дыханне патрэбна і тым, хто сёння «стварае надвор’е» ў прамысловасці, агракомплексе раёна. Ляхавіцкі малочны завод толькі напалову загружаны сыравінай. Мы вельмі зацікаўлены ў будаўніцтве новых фермаў, гэта ўжо іншыя магчымасці, аб’ёмы, якасць, тэхналогіі. Такія планы сёння ставяць перад сабой ААТ «Жарабковічы» і «Нача».
І цалкам рэальная перспектыва ўключэння гэтых гаспадарак у праграму развіцця малочнай жывёлагадоўлі. А гэта істотная дзяржаўная падтрымка. Ды і інвестары таксама плануюць у гэтым напрамку перабудаваць развіццё прадпрыемства.
Каб мець станоўчую эканамічную дынаміку, трэба нарошчваць аб’ёмы вытворчасці, змяншаць сабекошт прадукцыі, прымяняць сучасныя тэхналогіі ў жывёлагадоўлі і раслінаводстве. Гэта, у сваю чаргу, патрабуе прыцягнення маладых перспектыўных кадраў. З’явяцца высокааплатныя працоўныя месцы як у вытворчасці сыравіны, так і ў перапрацоўцы. Калі будзе развівацца вытворчасць, то і быт у людзей наладзіцца, моладзь вернецца, дзіцячыя сады і школы давядзецца адкрываць – з гэтымі акцэнтамі, расстаўленымі кіраўніком раёна, цяжка спрачацца.
– Мінулы год быў няпростым. І ён нагадаў нам пра сапраўдныя каштоўнасці, паказаў, чым трэба даражыць у жыцці, прымусіў многіх задумацца, што мы пакінем наступным пакаленням. У тым ліку і пра гэта будзем гаварыць на Усебеларускім народным сходзе, – адзначыў Мікалай Мароз.

Святлана СТЫКУЦЬ.