Да адзінства крок за крокам

11 лютага  ў Мінску пачне працаваць шосты Усебеларускі народны сход. Для ўдзелу ў народным форуме з’едуцца дэлегаты з усіх гарадоў і раёнаў Беларусі – прадстаўнікі розных сфер і прафесій, рознага ўзросту, палітычных і рэлігійных поглядаў. На іх абмеркаванне будуць вынесены асноўныя палажэнні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады і накірункі грамадска-палітычнага развіцця краіны.

Ганарова, пачэсна і ў той жа час надзвычай адказна прадстаўляць інтарэсы сваіх землякоў-ляхавічан на такім форуме. Шосты Усебеларускі народны сход, на мой погляд, выклікае вялікую зацікаўленасць у жыхароў Беларусі і будзе мець шырокі рэзананс.

На форуме будуць вызначаны прыярытэты дзяржаўнага і грамадскага развіцця на бліжэйшы час. Чакаецца, што на ім будуць абмяркоўвацца не толькі пытанні сацыяльна-эканамічнага жыцця краіны на сёння і заўтра, але і грамадска-палітычная сітуацыя, што склалася, шляхі вырашэння маючых месца праблем.
Апошнім часам значна павялічылася актыўнасць беларусаў, жыхары Ляхавіцкага раёна не выключэнне, у плане выказвання прапаноў па ўдасканаленні і развіцці структуры грамадска-палітычнай сістэмы. Частка прапаноў, напрыклад, наконт унясення змяненняў у Канстытуцыю краіны, абмяркоўвалася на дыскусійных пляцоўках, некаторыя паступілі ў грамадскія прыёмныя. Ёсць і тыя, што ўздымаюцца падчас прыёмаў грамадзян, на сустрэчах у працоўных калектывах ці на сельскіх сходах, а таксама пры індывідуальных размовах. Спектр прапаноў надзвычай разнастайны: пераразмеркаванне функцый Прэзідэнта, Урада, Парламента, павышэнне ролі палітычных партый, рэфармаванне выбарчай сістэмы, пашырэнне паўнамоцтваў мясцовых органаў улады, удасканаленне маладзёжнай палітыкі, лібералізацыя эканамічных стасункаў і іншае.
Усебеларускі народны сход – прадстаўнічая пляцоўка для абмеркавання самых галоўных, самых актуальных тэм для ўсяго грамадства незалежна ад палітычных поглядаў і сацыяльнай прыналежнасці грамадзян. І чым больш шырокі спектр думак і меркаванняў будзе прадстаўлены на форуме, тым больш ён будзе дзейсным, канструктыўным, а яго рашэнні, высновы, рэкамендацыі найбольш набліжанымі да праблем кожнага чалавека.
Чакаю ад сходу выпрацоўкі стратэгіі па аб’яднанні грамадства, яго кансалідацыі. Неабходны канструктыўны мірны дыялог. Не павінна быць супрацьстаяння. Мы, беларусы, самі будзем ствараць сваю гісторыю, самастойна вырашаць узніклыя праблемы без усялякага ўмяшання з боку іншых краін. Толькі так можна будаваць адносіны ў грамадстве.
2021-ы ў Беларусі аб’яўлены Годам народнага адзінства. Зараз вельмі важна, каб праграма мерапрыемстваў, якія будуць рэалізоўвацца сёлета, крок за крокам здымала непаразуменні, што ўзніклі. У Ляхавіцкім раёне таксама распрацоўваецца аналагічная праграма. Спадзяюся, што на сходзе будуць прыняты прадукцыйныя рашэнні, якімі мы зможам дапоўніць праграму.
Ёсць пэўныя чаканні і ў плане рэалізацыі эканамічнага развіцця. Як вядома, эканоміка – адна з галоўных сфер. Хацелася б пачуць не толькі пра перспектывы ў развіцці эканомікі на бліжэйшую пяцігодку, але і пра шляхі, па якіх неабходна рухацца ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве, развіцці прадпрымальніцтва.
На сходзе будзе абмяркоўвацца праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021-2025 гады. Адным з прыярытэтаў развіцця дзяржавы на пяцігодку стане ўмацаванне рэгіёнаў. Неабходна стварыць для землякоў зручныя ўмовы жыцця: добрую сувязь, у тым ліку транспартную, даступныя і якасныя медыцынскія паслугі, гандлёвыя аб’екты, неабходную інфраструктуру. У гэтым накірунку вядуцца пэўныя работы, і важна не спыняцца на дасягнутым.
Упэўнены, што ўсе дэлегаты будуць старацца апраўдаць аказаны ім давер, плённа працаваць на форуме і прымуць неабходныя рашэнні, якія пасадзейнічаюць развіццю эканомікі і ўмацуюць фундамент беларускай дзяржаўнасці.

Леанід КАЛБАСА,
старшыня раённага Савета дэпутатаў.