Адзінства. Развіццё. Незалежнасць. VI Усебеларускі народны сход праходзіў у Мінску 11-12 лютага пад дэвізам «Адзінства. Развіццё. Незалежнасць». Удзел у сходзе прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка

Фота БЕЛТА

Дэлегатамі на сход былі выбраны 2,4 тысячы чалавек. З улікам запрошаных агульная колькасць удзельнікаў УНС дасягнула 2,7 тысячы. На форуме сабраліся прадстаўнікі ўсіх слаёў грамадства: рабочыя, працаўнікі вёскі, работнікі сацыяльна-культурнай сферы і СМІ, ваеннаслужачыя, прадпрымальнікі, студэнты, навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, пенсіянеры. Сярод дэлегатаў сходу таксама кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый, парламентарыі, дэпутаты мясцовых Cаветаў, прадстаўнікі палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Людміла Жалнерчык з дэлегацыяй Ляхавіцкага раёна.

Прэзідэнт заявіў, што ўдзельнікі VI Усебеларускага народнага сходу сёння гаспадары беларускай сталіцы і краіны ў цэлым. «Менш глядзіце розныя каналы, жывіце сваім жыццём, – заклікаў Кіраўнік дзяржавы. – Нас хісталі да гэтага часу, хістаюць цяпер, асабліва вас (я прывык ужо), будуць хістаць і потым. Як у народзе кажуць, асабліва не перажывайце. Жывіце сваім розумам. Вы законныя прадстаўнікі народа Беларусі, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый».
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што не трэба чакаць ад цяперашняга форуму вырашэння глабальных праблем. «Мы іх абазначаем. Мы гаворым аб тым, як будзем развівацца ў будучую пяцігодку. Можа, удасца зазірнуць і за гарызонты, – адзначыў ён. – Вы гаспадары, калі хочаце выступіць, выказаць сваё слова, выходзьце да мікрафона і гаварыце як гаспадары. Мы перажываем вельмі складаны момант і павінны быць адкрытымі, сумленнымі і прыстойнымі перад сабой, сваімі сем’ямі, сябрамі, любімымі, людзьмі і беларускім народам».

Асноўныя тэмы
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўжо ў шосты раз у суверэннай гісторыі краіны звяртаюцца непасрэдна да народа, каб разам абмеркаваць і прыняць кансалідаванае рашэнне па далейшым развіцці нашай краіны і грамадства. «Сёння тут сабраліся дэлегаты з усіх куткоў Беларусі, прадстаўнікі самых розных прафесій і сацыяльных груп. За кожным стаяць вашы выбаршчыкі – працоўныя калектывы, грамадскія арганізацыі. Гэта мільёны людзей, якія даверылі вам быць іх голасам у абмеркаванні і прыняцці глабальных рашэнняў у жыцці нашай Беларусі. Рашэнняў, якія, як вы ведаеце, не будуць для нас і для грамадства спантаннымі і нечаканымі», – сказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што падрыхтоўка да правядзення УНС ішла некалькі месяцаў, збіраліся меркаванні людзей, самыя вострыя і надзённыя пытанні, у рэгіёнах актыўна працавалі дыялогавыя пляцоўкі. «Мы нічога не ўтойвалі, нам з вамі ёсць што абмеркаваць сёння», –  канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

У якасці першай тэмы для абмеркавання Прэзідэнт назваў сітуацыю ў эканоміцы, дасягненні і магчымыя недахопы.
«І галоўнае – дзе ёсць рэзервы і канкрэтныя прапановы па далейшым развіцці», – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
«Як нам ва ўмовах пандэміі і знешняга націску жыць далей? Якія прыняць меры для таго, каб забяспечыць эканамічны рост і дастойны ўзровень жыцця людзей з сацыяльнай падтрымкай насельніцтва? – прадоўжыў ён. – Гэта аснова нашай эканамічнай мадэлі, сутнасць беларускай сацыяльнай дзяржавы».
Другая важная тэма для абмеркавання на форуме – пытанні грамадска-палітычнага развіцця, ролі грамадзян у палітычным жыцці краіны і магчымасць карэкціроўкі Асноўнага Закона. «Яшчэ адна тэма – размеркаванне ўладных паўнамоцтваў, узмацненне ролі мясцовага кіравання і самакіравання. Мы павінны максімальна наблізіць цэнтры прыняцця рашэнняў да людзей, забяспечыць пастаянную, эфектыўную зваротную сувязь паміж уладай і насельніцтвам. Гэта павінна ісці ад жыцця і ад нашых людзей. Ніякай надуманасці быць не павінна, паколькі будзем мець адваротны эфект ад такой перабудовы», – упэўнены беларускі лідар.
Неабходнасць прааналізаваць рэаліі геапалітычнай сітуацыі, у якой апынулася краіна, Прэзідэнт назваў у якасці трэцяй тэмы форуму.
Чацвёрты блок пытанняў, якія патрабуюць пільнай увагі, датычыцца зберажэння каштоўнасцей, традыцый, якія даюць магчымасць беларусам заставацца нацыяй. «Трэба ўдзяліць час пытанням адукацыі і культуры, аховы гістарычнай памяці. Іх вырашэнне так ці інакш вызначае адзін з галоўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі –  захаванне пераемнасці пакаленняў. Нам нельга страціць моладзь. Мы павінны перадаць краіну ў надзейныя рукі. Таму пытанні ўключэння маладых людзей у стваральную дзейнасць, іх творчае, інтэлектуальнае развіццё – найважнейшыя для нас», – падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Таксама ў ліку важных тэм для абмеркавання на УНС ён назваў забеспячэнне інфармацыйнага суверэнітэту.
«Мы павінны разгледзець усе надзённыя пытанні і выпрацаваць рашэнні, якія задаволяць запатрабаванні грамадства.
У выніку ўсе беларусы павінны ўбачыць, што іх меркаванні ўлічаны. У гэтым і ёсць сутнасць беларускага народаўладдзя», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы сказаў, што на форуме будуць абмяркоўвацца перш за ўсё прапановы кіраўніцтва краіны, заснаваныя на ідэях, якія выказвалі людзі на дыялогавых пляцоўках, а не нейкія альтэрнатыўныя прапановы апанентаў дзеючай улады.
«Галоўны арыенцір – гэта чаканні, імкненні, магчымасці развіцця сучаснага чалавека. Паколькі якія б мы ні ставілі мэты, галоўным рэсурсам у іх дасягненні застаюцца людзі, таленавітыя і працавітыя, адданыя сваёй зямлі. На кожным з беларусаў ляжыць адказнасць за лёс краіны. І галоўнае – ва ўсіх ёсць роўныя, спрыяльныя стартавыя ўмовы для таго, каб стаць паспяховым і мяняць жыццё ў Беларусі да лепшага. У гэтым сутнасць справядлівасці, запатрабаванне на якую ў свеце, як бачым, толькі расце. У гэтым сэнс нашай мадэлі сацыяльна-арыентаванай дзяржавы, якая даказала сваю жыццяздольнасць, нягледзячы на сусветныя санкцыі і палітычны націск», – сказаў Прэзідэнт.

Выклікі  і супрацоўніцтва
«Мы ведаем мадэратараў вулічнай актыўнасці, ведаем, якія знешнія сілы стаяць за імі, якія грошы на гэта кінутыя. Пэўную ўразлівасць часткі грамадства і сістэмы перад майданнымі тэхналогіямі мы не можам ігнараваць, тым больш цяпер, калі знаходзімся ў працэсе змены пакаленняў. Гэта з’ява аб’ектыўна мае складаны характар: мы назіраем канкурэнцыю светапоглядаў, несупадзенне пазіцый па многіх пытаннях жыццеўладкавання –
ад эканомікі да выхавання дзяцей. І нам жыццёва неабходна, абапіраючыся на мудрасць і вопыт старэйшых, знайсці рашэнне ўзніклых супярэчнасцяў. Нам нельга дапусціць разрыву пакаленняў, як гэта адбылося ў гады распаду Савецкага Саюза», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што праз чвэрць стагоддзя цяжкага, але важнага шляху Беларусь стаіць на парозе новых якасных пераўтварэнняў. 
Беларускі лідар абазначыў шэраг задач, у ліку якіх павышэнне эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання, забеспячэнне новага ўзроўню камунікацыі ўлады і грамадства, стварэнне ўмоў для раскрыцця патэнцыялу чалавека, рэалізацыі яго магчымасцяў, забеспячэнне якаснага росту эканомікі на аснове ініцыятывы, інавацый і сучаснага кіравання.
«Спакойнаму жыццю, нашаму суверэнітэту і стабільнасці быў кінуты сур’ёзны выклік. Вытрымаўшы яго, мы павінны добра разумець, якую бяду прадухілілі. Успомніце, да чаго прывяла чарада так званых каляровых рэвалюцый, і нават не мяцяжоў, на постсавецкай прасторы. Да перманентнай, хранічнай нестабільнасці і збяднення насельніцтва», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсім, для каго важны лёс Беларусі, нельга дапусціць паўтарэння такіх падзей у нашай рэспубліцы.
Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў, што Беларусь не разглядае ні адну з дзяржаў у якасці праціўніка, асуджае любы ваенны канфлікт і паслядоўна выступае за мірнае рэгуляванне спрэчак: «Мы нязменна гатовы выбудоўваць адносіны з усімі краінамі і саюзамі на аснове прынцыпаў раўнапраўя, узаемапавагі, неўмяшання ў нашы ўнутраныя справы. Таксама як і зацікаўлены мець збалансаваныя разнастайныя сувязі са знешнім светам, перш за ўсё эканамічныя».
«Мы бачым вялікае развіццё кааперацыйных сувязей праз больш шырокі ўдзел айчынных вытворцаў у рэалізацыі нацыянальных праектаў Расіі. Сёння адкрыта заяўляем аб гатоўнасці да далейшай прадметнай работы па павышэнні міжгаліновага супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы пры захаванні ўзаемных інтарэсаў на аснове раўнапраўя двух удзельнікаў саюза», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што гэты працэс прадугледжвае поўнае захаванне суверэнітэту абедзвюх краін без фарміравання якіх-небудзь новых наднацыянальных органаў.
«Нам важныя адносіны з Еўрасаюзам, з якім у нас самая працяглая мяжа і высокая ступень узаемазалежнасці эканамічнага, сацыяльнага, культурнага і, нарэшце, палітычнага характару. Не менш значным вектарам для нашай дыпламатыі з’яўляюцца краіны так званай далёкай дугі, дзе важнае месца займае блізкі, нягледзячы на ​​геаграфію, і дружалюбны нам Кітай. Пры гэтым асноўным эканамічным партнёрам і стратэгічным саюзнікам была і будзе наша Расія», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пенсіі і зарплаты
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава абавязана прыкласці максімум намаганняў, каб жыццё чалавека ва ўзросце было паўнацэнным і актыўным, і яна выконвае свае абавязацельствы па пенсійным забеспячэнні, адаптуючыся да новых рэалій. З 2018 года сярэдні рост пенсій апярэджвае інфляцыю, гэта значыць, іх памер перакрывае дынаміку цэн.
Разам з тым Прэзідэнт прызнаў, што ўзровень пенсій не такі высокі, як хацелася б.
У сувязі з гэтым ён прапанаваў далейшае ўдасканаленне пенсійнай сістэмы, у тым ліку паэтапна ўкараняць накапляльную пенсійную сістэму.
Прэзідэнт выказаўся аб перспектывах росту зарплат у краіне. «Адстаюць па зарплаце сельская гаспадарка, сфера сацыяльных і жыллёва-камунальных паслуг, асобныя катэгорыі бюджэтнікаў яшчэ небагатыя. Дзяржава бачыць гэтыя праблемы і працуе над іх вырашэннем. Думаю, гэта правільна – павышаць узровень зарплат і планку павагі грамадства да людзей сацыяльных прафесій. За будучае пяцігоддзе іх даходы істотна падцягнуцца, – заявіў Аляксандр Лукашэнка. – Так, зарплату педагагічных работнікаў давядзём да сярэдняй па краіне. Урачы ў 2025-м будуць атрымліваць у 1,5 раза больш за сярэднюю рэспубліканскую зарплату. Медсёстры, сацработнікі, занятыя ў сферы культуры будуць мець даход у наступнай пяцігодцы не ніжэйшы за сярэдні ў бюджэтным сектары».
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў важнасць стварэння новых вытворчасцей і працоўных месцаў, укладанняў у развіццё розных галін. «Так, нейкі перыяд часу трэба пацярпець, і потым мы атрымаем эфект, як цяпер атрымліваем ад сельскай гаспадаркі і дрэваапрацоўкі», – адзначыў ён.

Сям’я і здароўе нацыі
Кіраўнік дзяржавы, па-першае, прапанаваў пашырыць межы выкарыстання сямейнага капіталу. «Другое: маці з трыма дзецьмі – не хатняя гаспадыня. Праца маці павінна ацэньвацца гэтак жа, як і любая іншая. Маці чацвярых дзяцей – зарабіла будучую працоўную пенсію. Пры нараджэнні чацвёртага дзіцяці прадаставіць шматдзетнай маці права на працоўную пенсію, нават калі ў яе адсутнічае стаж работы», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Мы падрэжам любыя іншыя праграмы, але не дэмаграфічную, і не па падтрымцы людзей па жыллі, – падкрэсліў беларускі лідар. – Будзем падтрымліваць маладыя сем’і па жыллі, бо калі ёсць дзе жыць, будуць думаць і пра нараджэнне дзяцей».
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў рэалізаваць праект «Здаровая нацыя». У гэтым праекце будуць наступныя асноўныя раздзелы: «мабільная медыцына», «крокавая даступнасць меддапамогі», «дзень здароўя», «клапатлівая паліклініка», «адпачынак для здароўя», «высокатэхналагічная медыцына ў рэгіёнах».

Эканамічныя крокі
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларускай эканоміцы прадракалі эканамічны калапс. У рэальнасці ж спад ВУП склаў менш як адзін працэнт па выніках 2020 года. Па ключавых параметрах захаваны ўзровень 2019 года.
Аляксандр Лукашэнка таксама адказаў на крытыку аб тым, што беларуская эканоміка нібыта застыла ў развіцці. «Па-першае, змянілася яе структура, з’явіліся і атрымалі развіццё новыя галіны, доля недзяржаўнага сектара вырасла да 50 працэнтаў. Па-другое, праведзена маштабная мадэрнізацыя традыцыйных вытворчасцей, цяпер ідзе работа па забеспячэнні максімальнай аддачы ўкладзеных сродкаў. Эканоміка не церпіць рэвалюцый і шарлатанства. Ніякіх шараханняў быць не павінна. Эвалюцыйна трэба развівацца», – упэўнены беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў вялікі ўклад, які ўносіць сфера сельскай гаспадаркі ў эканоміку краіны. Краіна надзейна ажыццяўляе сваю харчовую бяспеку нават у няпростых умовах, звязаных з пандэміяй. Паводле слоў Прэзідэнта, дзяржава не зможа існаваць, калі не здолее накарміць сваіх грамадзян. «Без сяла, без вёскі не можа быць дзяржавы», – падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі пайшлі па правільным шляху, развіваючы сельскую гаспадарку. Выратавалі вёску, далі магчымасць працаваць. Сельская гаспадарка стала прыбытковым бізнесам, тым не менш многае яшчэ трэба зрабіць, канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
«Таму мы не закапалі грошы ў сельскую гаспадарку. Яна ў мінулым годзе адзіная, якая амаль шэсць працэнтаў дала, у плюс спрацавала. Хоць там шмат пытанняў, якія мы павінны вырашаць», – сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, неабходна ўкараняць новыя адаптыўныя сістэмы земляробства і тэхналагічныя рэгламенты, забяспечыць арганізацыі АПК надзейным абсталяваннем, паглыбіць сельгаскааперацыю. «На сельгаспрадукцыі павінны перш за ўсё зарабляць сяляне, а не пасрэднікі, гандлёвыя сеткі або яшчэ нехта», – падкрэсліў
Аляксандр Лукашэнка.

Будаўніцтва і рэгіёны
Прэзідэнт адзначыў, што трэба адыходзіць ад празмернага будаўніцтва жылля ў Мінску, інакш у хуткім часе ён захлынецца. Менавіта па гэтай прычыне ў Беларусі пайшлі па шляху стварэння гарадоў-спадарожнікаў. Там будзе створана неабходная інфраструктура для камфортнага жыцця і забяспечана хуткая транспартная сувязь са сталіцай, паабяцаў Прэзідэнт. Дзяржава таксама будзе аказваць падтрымку грамадзянам, якія задумаліся аб будаўніцтве прыватнага жылля. У краіне дастаткова зямельных участкаў для гэтага, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
У якасці сярэднетэрміновых задач, якія неабходна дасягнуць да 2025 года, Кіраўнік дзяржавы назваў забеспячэнне беларусаў якаснай пітной вадой.
Яшчэ адна праблема, якая патрабуе вырашэння, добраўпарадкаванне дамоў. Асобная ўвага будзе ўдзелена дарогам, асабліва мясцовага значэння.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў неабходнасць развіцця рэгіёнаў, павышэння іх прывабнасці для жыцця, работы і вядзення бізнесу. «Асноўны прынцып: чым слабейшы патэнцыял тэрыторыі, тым больш стымулаў для развіцця», – падкрэсліў ён.

Барацьба з пандэміяй
Кіраўнік дзяржавы чарговы раз нагадаў, што Беларусь у першую хвалю распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі, знаходзячыся пад градам крытыкі з-за выбранай мадэлі дзеянняў, змагла ў адзіночку выбудаваць сваю сістэму барацьбы з пандэміяй. А сёння вопыт нашай рэспублікі выклікае цікавасць у тых, хто «паспрабаваў закрыць свой народ у турмах пандэміі».
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за работу медыцынскаму персаналу і ўрачам, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з пандэміяй.
«У гісторыю нашай краіны 2020 год увойдзе як год мужнасці беларускіх медыкаў», – заявіў Прэзідэнт.
«Мяркую жыццёва важным арганізаваць бясплатную вакцынацыю жыхароў Беларусі ад каранавіруса, што мы і робім», – сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён таксама запэўніў, што ў Беларусі абавязкова створаць уласную вакцыну, а пакуль ёсць дамоўленасці аб пастаўках расійскай і кітайскай вакцын. Больш за тое, ёсць дамоўленасць аб іх вытворчасці ў Беларусі.

Удасканаленне  адукацыі
Сістэма адукацыі ў Беларусі патрабуе ўдасканалення, на працягу года неабходна дакладна вызначыцца, што рабіць у гэтым напрамку, заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, трэба актыўней укараняць у навучальны працэс найноўшыя тэхналогіі. Улічваючы падзеі мінулага года – больш сур’ёзна паставіцца да пытання дыстанцыйнага навучання. Таксама дыферэнцыравана трэба падысці да фармату ўступнай кампаніі. «Паглядзець наша тэсціраванне з канкрэтнай гутаркай, таму што не заўсёды за тэстамі бачыш будучага добрага спецыяліста і чалавека», – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
У той жа час у Беларусі не будуць адмаўляцца ад прынцыповых падыходаў – дзяржпадтрымка, мэтавы набор, бясплатнасць, справядлівасць і роўны доступ да якаснай адукацыі, гарантаванае першае працоўнае месца. Не зменіцца класна-ўрочная сістэма.
Прэзідэнт падкрэсліў, што настаўнікаў неабходна вызваліць ад папяровай валакіты.
Адной з задач сістэмы адукацыі  Аляксандр Лукашэнка назваў выхаванне грамадзяніна, гэта задача не толькі сям’і.

Кантроль за цэнамі
«Кантроль за цэнаўтварэннем застанецца адным з прыярытэтаў. У мінулай пяцігодцы мы паказалі, што можам дабівацца нізкай інфляцыі – на ўзроўні 5-6 працэнтаў у год. Гэта гістарычны мінімум для нашай краіны. Але простаму чалавеку патрэбны не
агульны індэкс цэн, а цэннікі, якія  ён бачыць на паліцах у магазінах», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што за цэнаўтварэннем у Беларусі сочаць Камітэт дзяржаўнага кантролю і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Да работы ў гэтым напрамку па просьбе Прэзідэнта раней таксама падключыліся дэпутаты і прафсаюзы.
Асобная размова ішла пра цэны на лякарствы. Як паведамлялася раней, у сувязі са змяненнямі Падатковага кодэкса з
1 студзеня 2021 года змяніўся заканадаўча ўстаноўлены парадак спагнання ПДВ па лекавых сродках і медыцынскіх вырабах, раней вызваленых ад гэтага падатку, а менавіта: пры рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі такіх тавараў, пры іх увозе ў краіну ўведзена стаўка ПДВ у памеры  10 працэнтаў.
«Калі Урад і парламент абмяркоўвалі гэту тэму і прымалі рашэнне, яны мне дакладвалі і запэўнілі, што за кошт цаны і іншых фактараў лякарствы не падаражэюць. Асабліва той спектр лякарстваў, якія патрэбны практычна кожны дзень», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Аднак ад грамадзян сталі паступаць сігналы аб росце цэн на лекавыя прэпараты.
«Я арганізаваў праверку. Камітэт дзяржаўнага кантролю і адпаведныя структуры падключаны. Мы цяпер паглядзім і на дзяржаўныя аптэкі, і на прыватныя.
І мы ўбачым, абгрунтаваны там гэты рост цэн ці не. Мала не падасца», – папярэдзіў  Аляксандр Лукашэнка.

Мэта – жыць  дзеля краіны
«На сустрэчы студэнты ў мяне спыталі, пра што я мару, і я абяцаў даць адказ. Шмат над гэтым думаў, але, шчыра кажучы, так і не прыйшоў да нейкага адназначнага адказу на гэтае банальнае пытанне. Вядома, я не летуценнік, я рэаліст. Я стаўлю мэты, іду да іх разам са сваім народам. Мая мэта – жыць дзеля сваёй краіны, дзеля вас, разам з вамі ствараць наш агульны дабрабыт, наш беларускі «дабрабыт», як гэта мы рабілі заўсёды», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт упэўнены, што за апошнюю чвэрць стагоддзя была створана трывалая аснова дзяржавы. «Мы заклалі нацыянальную традыцыю шырокага абмеркавання эпахальных для краіны рашэнняў. Гісторыя пацвердзіла, што мы мелі рацыю – зрабіць стаўку на моцную ўладу ў 1996 годзе. Так, трэба перабудоўвацца менавіта цяпер. Але тады мы захавалі краіну. Нас выратавалі адзінства, дзяржаўная ўлада, парадак , моцная дзяржава, вертыкаль улады», – лічыць Кіраўнік дзяржавы.
Паводле яго слоў, бліжэйшыя пяць гадоў – перыяд абнаўлення і ўдасканалення дасягнутага, развіццё кропак росту ў эканоміцы і эфектыўных механізмаў далучэння грамадства да кіравання краінай. «Беларусь, калі мы будзем і надалей так берагчы яе, – краіна будучыні, забяспечанай, бяспечнай, камфортнай будучыні для ўсіх і кожнага. І ўсё гэта ў нашых сілах», – перакананы Кіраўнік дзяржавы.
Дэлегаты абмеркавалі на сходзе вынікі рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады і асноўныя палажэнні праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2021-2025 гады. Галоўная мэта на пяцігодку –
забяспечыць сацыяльную стабільнасць у грамадстве і павелічэнне дабрабыту грамадзян дзякуючы якаснаму росту эканомікі, нарошчванню сацыяльнага капіталу, стварэнню камфортных умоў для жыцця, работы і самарэалізацыі. Ключавыя прыярытэты пяцігодкі – шчаслівая сям’я, моцныя рэгіёны, інтэлектуальная краіна, дзяржава-партнёр.

(Больш падрабязна пра другі дзень работы сходу – у бліжэйшым нумары «ЛВ»).
Па матэрыялах БЕЛТА.