І сёння зноў баліць душа. Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў «ЛВ» пацікавіўся ў землякоў, з чым у іх асацыюецца гэта дата

«Афганцы» Віктар Юрчык і Юрый Буйквіч

25 снежня 1979 года першыя салдаты Савецкай Арміі накіраваліся несці далёка не мірную воінскую службу  ў Афганістан. Зусім нявопытныя, яны трапілі на сапраўдную вайну і ў імгненне пасталелі. Тады пра абмежаваны воінскі кантынгент не пісалі газеты, а салдатам, якія неслі службу ў Афганістане, забаранялася паведамляць родным, дзе яны знаходзяцца і чым займаюцца. У тыя гады СССР упершыню сутыкнуўся з ісламскім тэрарызмам, чыя палітыка і жорсткія метады яе ажыццяўлення і сёння сумна вядомы ўсяму свету. На працягу дзесяцігоддзя з далёкай усходняй краіны ў СССР прыляталі самалёты з цынкавымі трунамі, каб назаўжды ў роднай зямлі знайшлі свой апошні прытулак нашы салдаты. Усяго за час баявых дзеянняў загінулі 15 тысяч савецкіх ваенных, больш за 50 тысяч вярнуліся дамоў інвалідамі.
Вывад абмежаванага кантынгента савецкіх войскаў пачаўся ў маі 1988 года, і толькі 15 лютага 1989-га тэрыторыю Афганістана пакінуў апошні савецкі салдат. Але і сёння, праз 32 гады, рэха той вайны ў чужой краіне болем адклікаецца ў сэрцах многіх беларусаў. Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў «ЛВ» пацікавіўся
ў землякоў, з чым у іх асацыюецца гэта дата.

Генадзій ЛОЙКА, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане»:
– Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў – для нас важкая нагода сабрацца разам. Так, мы ўспамінаем сваё юнацтва, апаленае далёкай вайной у чужой краіне. Але галоўнае – яшчэ раз пацвярджаем праверанае часам армейскае братэрства, якое дапамагала выжыць, вытрымаць, не страціць годнасць.
Пасля вяртання на Радзіму без падтрымкі былых саслужыўцаў цяжка было адаптавацца ў мірным жыцці.
Сустрэчы сёння – магчымасць даведацца пра лёс землякоў-афганцаў, іх жыццё, праблемы і радасці, пагаварыць з блізкімі па духу людзьмі.
Пасведчанні ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых краін ёсць у 52 жыхароў Ляхавіччыны, усяго ў гады баявых дзеянняў у Афганістане знаходзіліся 77 жыхароў раёна.

Алена КАРЧЭЎСКАЯ, настаўнік гісторыі Тальмінавіцкага ВПК:
– Свет не забываецца пра трагедыі, якія напаткалі нашу планету ў розныя эпохі. Менавіта такой стала і афганская вайна. Усё далей у гісторыю адыходзяць падзеі, звязаныя з ёю. Савецкія салдаты і афіцэры выконвалі загад, і не важна, правільны ён быў ці не. Нам, настаўнікам, трэба данесці да сённяшніх пакаленняў неабходнасць памятаць пра тых, хто аддана служыў Радзіме.
Гісторыя маёй сям’і таксама звязана з той вайной.
Я беражліва захоўваю ў альбоме стары фотаздымак, які зрабіў уласным фотаапаратам Слава Мядзведскі. Праз дзесяцігоддзі памятаю той страшны дзень 1986-га, калі ў вёску прывезлі цынкавую труну, і праходзіла пахаванне Святаслава Мядзведскага, які загінуў, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак. Тады мы, піянеры, стаялі ў каравуле і плакалі. Для нас было жудасна ўсведамляць, што малады хлопец мог загінуць ад кулі ў мірны час. А праз год на тую чужую вайну трапіў і стрыечны брат Славы. Тады я яшчэ не ведала, што ў гэты ж час у Афганістане служыў і мой будучы муж Рыгор Карчэўскі. Лёс збярог яго, і ён вярнуўся дамоў жывым.
Зразумела, што 15 лютага для нашай сям’і – асаблівы, важны, урачысты дзень з адценнем смутку.
Вучні Тальмінавіцкай школы прыходзяць на сустрэчу з былым воінам-інтэрнацыяналістам Віктарам Высоцкім. Трэба бачыць, адчуваць хваляванне, з якім рабяты слухаюць кожную сказаную Віктарам фразу. Такія сустрэчы лепш, дакладней, змястоўней любых урокаў. Гэта вуснамі ўдзельніка той вайны гаворыць гісторыя. І важна зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб не паўтарыліся яе трагічныя старонкі.
Уладзімір ПОГАС, настаўнік гісторыі Начаўскай СШ:
– Увод савецкіх войскаў у Афганістан у 1979 годзе ў той час успрымаўся савецкімі людзьмі як адлюстраванне сапраўднага патрыятызму, выкананне інтэрнацыянальнага абавязку, тлумачыўся неабходнасцю дапамогі паўднёваму суседу краіны ў барацьбе за самастойнае развіццё. Насамрэч гэта была падтрымка савецкім кіраўніцтвам тагачаснага палітычнага рэжыму ў Афганістане. У далейшым увод войскаў у Афганістан быў прызнаны палітычнай памылкай.
Але савецкія салдаты проста выконвалі свой  воінскі абавязак і дэманстравалі ўзоры сапраўднай мужнасці і самаадданага служэння Айчыне. Узгадаць пра іх подзвіг – значыць дапамагчы сучаснай моладзі знайсці сябе, свой грамадзянскі шлях у жыцці на карысць Радзімы. Расказы пра сапраўдную мужнасць і патрыятызм нашых землякоў – неад’емная частка патрыятычнага выхавання.

Падрыхтавала  Галіна КАНЬКО.