«Шураві» з Жарабковіч

«Шураві» – так называлі афганцы савецкіх салдатаў, якія выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак на іх зямлі.
Дзесяць былых выпускнікоў нашай школы таксама воляй лёсу прайшлі праз Афганістан. У сваіх пісьмах дахаты яны пісалі, што ўсё добра, хутка сустрэнуцца. А на самай справе пад кулямі падвозілі на вялікіх бензавозах гаручае для савецкіх машын і танкаў. На баявых верталётах перапраўлялі людзей. Абстрэльвалі пазіцыі душманаў. Сумавалі па бульбе – яе так ні разу і не бачылі на афганскай зямлі.
Усе яны выжылі ў той вайне. Самай вялікай радасцю для сям’і было вяртанне любімага салдаціка – жывога і такога чаканага. Жывога не таму, што ён хаваўся за спіны іншых, проста пашанцавала.
Паловы з нашых афганцаў ужо няма сярод нас. Далі знаць пра сябе хваробы і іншыя наступствы вайны.
Але мы памятаем. І цвёрда ведаем: вайна ніколі не павінна паўтарыцца. Дзеля тых, хто яе прайшоў, і дзеля наступных пакаленняў.

Рэдакцыя газеты «Школьны калейдаскоп»  Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча.