З вуліцы – на бальнічны ложак. Колькі з пачатку студзеня чалавек на Ляхавіччыне звярнуліся за меддапамогай з галалёднымі ці халадовымі траўмамі

Па даных Міністэрства аховы здароўя, на Брэстчыне з пачатку студзеня па 8 лютага за медыцынскай дапамогай
з галалёднымі ці халадовымі траўмамі звярнуліся 1216 чалавек, 158 з іх шпіталізаваны.
А што ў Ляхавіцкім раёне?
Як расказалі ў хірургічным кабінеце паліклінікі, сёлета амбулаторная медыцынская дапамога спатрэбілася пяці землякам
з галалёднымі траўмамі (рук, ног і галавы) і аднаму з абмаражэннем пальцаў.
Яшчэ 16 чалавек траўмы давялі да бальнічнага ложка. У прыёмным пакоі райбальніцы паведамілі, што ў хірургічнае аддзяленне стацыянара шпіталізавалі з пачатку года чацвярых пацыентаў з халадовымі траўмамі і 12 –  з галалёднымі. Па словах загадчыка хірургічнага аддзялення ЦРБ Андрэя Пуцілава, пацыенты з «зімовымі» траўмамі, якія цяпер лечацца ў стацыянары пасля аператыўнага ўмяшання, знаходзяцца ў здавальняючым стане. Лякарствы,  а таксама перавязачны матэрыял у ЦРБ ёсць у неабходнай колькасці. Але, як гаворыцца, лепш быць здаровым і дома, чым хворым і ў бальніцы. Так што будзьце асцярожныя, зіма прадаўжаецца.
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.