Гарачы люты 89-га. У Ляхавічах ушанавалі памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў

32 гады – гэта многа ці мала? Для маладых людзей гэта ўзрост самага росквіту, час для плённай працы, стварэння сям’і. А калі 32 гады – гэта час смутку, успамінаў пра блізкіх людзей, верных таварышаў і сяброў, якія засталіся ў гарачых пясках Афганістана?

Для воінаў-інтэрнацыяналістаў 15 лютага – асаблівая дата. У гэты дзень яны ўспамінаюць тых, каго забрала далёкая, але такая блізкая вайна.

У гэты дзень у 1989-м завяршыўся вывад савецкіх войскаў з Афганістана. Вайна доўжылася 9 гадоў 1 месяц і 18 дзён. Акрамя Афганістана, ляхавічане выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак у Егіпце, Сірыі, В’етнаме, Анголе.

Ляхавіцкія воіны-інтэрнацыяналісты традыцыйна сабраліся ля памятнага знака ў выглядзе баявой машыны дэсанта «БМД-1»на ўездзе ў Ляхавічы. Хвілінай маўчання яны аддалі даніну памяці тым, хто загінуў падчас вайны, і каго не стала ўжо ў мірны час. Усклалі да помніка кветкі і вянкі.

Пасля гэтага ўрачыстасці перамясціліся ў гарадскі Дом культуры. Са словамі ўдзячнасці за подзвіг да воінаў-інтэрнацыяналістаў звярнуўся старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.

– Пасля Вялікай Айчыннай вайны нам здавалася, што такія страшныя падзеі больш не паўторацца. Гэта вайна – яшчэ адзін прыклад таго, што можа здарыцца з краінай, калі ў ёй не будзе моцнага лідара. Мы заўсёды будзем памятаць пра ваш подзвіг, зробім усё, каб і дзеці, і ўнукі, і праўнукі пра гэта не забывалі. Вы ў нашых вачах – эталон патрыятызму, – адзначыў кіраўнік раёна.

Са словамі падзякі і пажаданнямі да прысутных звярнуўся і начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята горада Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Арцём Кірута.

Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Генадзій Лойка падзякаваў райвыканкаму за падтрымку і пажадаў, каб ветэраны ў наступным годзе сабраліся ў такім жа складзе.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара і Сяргея ВАРАНОВІЧА.