Zubr рассудзіць. Ляхавіччына прымала другі тур папярэдняга этапу дзіцячай гандбольнай лігі Zubr Cup

Ужо традыцыйна ў лютым Ляхавіччына прымала другі тур папярэдняга этапу дзіцячай гандбольнай лігі Zubr Cup. З 12 па 14 лютага за месца ў наступным этапе змагаліся каманды з Ляхавічаў, Наваполацка, Ашмянаў і Капыля. У спаборніцтвах прынялі ўдзел каманды юнакоў 2005-2006 гадоў нараджэння.

Па выніках гульняў ачкі размеркаваліся наступным чынам: у ашмянскай каманды 6 ачкоў, у каманды з Наваполацка – 4, у ляхавічан – 2. Капыль замыкае турнірную табліцу.

– Усе каманды паказалі дастойную гульню. Ляхавіцкія гандбалісты з нецярпеннем чакаюць спаборніцтваў, рыхтуюцца, трэніруюцца. Мы таксама заўсёды чакаем спартыўных гасцей, бо ў нас ёсць усё, каб праводзіць падобныя спаборніцтвы на выдатным узроўні: добрая зала, спартыўны інвентар, ёсць дзе камфортна размясціць каманды, – гаворыць галоўны суддзя спаборніцтваў намеснік дырэктара СДЮШАР Ляхавіцкага раёна Алена Будавей.

Пасля гульняў гасцям кожны год арганізоўваюць цікавыя экскурсіі па раёне. Раней яны пабывалі ўжо ў сядзібе Бохвіцаў у Флер’янове, паглядзелі на працу Ляхавіцкага льнозавода. А сёлета адправіліся на экскурсію на ТБЗ «Ляхавіцкі».

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.