Крэатыўная… лаўка. Ляхавіцкі райвыканкам аб’явіў раённы конкурс «Крэатыўная лаўка»

Паказаць сваю любоў да малой радзімы можна рознымі спосабамі. Напрыклад, унесці свой уклад у добраўпарадкаванне і ўпрыгажэнне свайго населенага пункта. Райвыканкам аб’явіў раённы конкурс «Крэатыўная лаўка» і запрасіў да ўдзелу ў ім арганізацыі і ўстановы ўсіх формаў уласнасці.
На першым этапе, што доўжыцца па 15 сакавіка ўключна, неабходна прадаставіць праектнае рашэнне (эскіз) лаўкі па электронным адрасе otdelarh@tut.by ці па адрасе:
пл. Леніна, 3, каб. № 210. Конкурсная камісія прымае рашэнні пра допуск удзельнікаў конкурсу да яго другога этапу, што пройдзе з 25 сакавіка па 2 жніўня ўключна. Падчас яго неабходна будзе вырабіць і ўстанавіць лаўку ў абгавораным з камісіяй месцы.
Дарэчы, умовы конкурсу прадугледжваюць, што матэрыялам для лаўкі павінны быць дрэва і метал (іншыя – па папярэднім узгадненні). Абавязковыя патрабаванні – зручнасць, функцыянальнасць, бяспечнасць, трываласць. Арт-аб’ект можа быць тэматычным, прысвечаным прафесіі, асобе, памятнай даце і г. д.
Конкурс праводзіцца па некалькіх намінацыях: сярод прамысловых, будаўнічых, транспартных прадпрыемстваў, прадпрыемстваў лясной гаспадаркі і ЖКГ, банкаўскіх арганізацый і арганізацый сувязі; сярод сельгасарганізацый; сярод гандлёвых аб’ектаў; сярод устаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя, сацабароны, спорту і турызму.
Камісія ацэніць па дзесяцібальнай сістэме творчую ідэю, якасць вырабу канструкцыі, яго надзейнасць і трываласць і такім чынам вызначыць пераможцаў.
Больш падрабязную інфармацыю пра конкурс можна знайсці на афіцыйнай старонцы Ляхавіцкага райвыканкама сайта Брэсцкага аблвыканкама ці даведацца па тэлефонах: 2-16-37, 2-15-50, 2-11-42.
Таццяна ШЧУКА,
галоўны спецыяліст райвыканкама.