Прызнанне любімай краіне. Ляхавічане, якія прымалі ўдзел у VI Усебеларускім народным сходзе, падзяліліся з «ЛВ» сваімі ўражаннямі

Дзмітрый БАГУШЭВІЧ, старшыня Конькаўскага сельвыканкама:
– Усебеларускі народны сход – падзея маштабная і вызначальная для нашай краіны. Прайшла яна эмацыянальна, цікава і насычана. Пытанні, якія абмяркоўвалі ў сталіцы, сёння гучаць у працоўных калектывах і прыватных размовах. На форуме ўзнімаліся пытанні ад сацыяльнай палітыкі і развіцця рэгіёнаў да партыйнага будаўніцтва і актыўнай пазіцыі моладзі.
Узрушыла выступленне Прэзідэнта – гэта было вельмі эмацыянальна, дакладна, пранікнёна, глыбока па змесце і па характары. Чатыры гадзіны прайшлі на адным дыханні і пад вялікім уражаннем. Гэта было выступленне чалавека, які шчыра любіць сваю краіну і свой народ.
Прапановы дэлегатаў важныя і важкія. Сярод іх запомнілася, як з гонарам пра сваё прадпрыемства расказваў малады слесар Беларускага металургічнага завода са Жлобіна Аляксей Прыходзька. Як кажуць, «парваў залу» – такім яркім і пераканаўчым было яго выступленне. На такіх маладых і энергічных трэба раўняцца, такія маладзёжныя лідары здольны павесці за сабой юнакоў і дзяўчат.
Прадстаўніца Сербіі давала настаўленні нашым маладым людзям, расказвала, што адбывалася ў яе краіне, калі моладзь паверыла знешнім «дарадцам». Даказана часам і падзеямі, што ўмова працвітання і стабільнасці – адзінства ў дзеяннях і салідарнасць.
Для мяне – старшыні сельвыканкама – найбольш актуальна пытанне эфектыўнасці мясцовага самакіравання. Лічу, што яно патрабуе развіцця і ўдасканалення. На мой погляд, неабходна больш паўнамоцтваў дэлегаваць насельніцтву. Колькі сустрака-
юся з людзьмі, штораз пацвярджаю гэта меркаванне. Кожны чалавек, незалежна ад сацыяльнага статусу і пасады, павінен адчуваць уласную адказнасць і за добраўпарадкаванне населеных пунктаў, забеспячэнне стабільнай працы прадпрыемстваў і арганізацый.
На сходзе не раз гучала, што адзін з прыярытэтаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця – моцныя рэгіёны. Прэзідэнт адзначыў, што без вёскі не можа быць дзяржавы. Вёска – гэта і яшчэ харчовая бяспека краіны. Спа-дзяюся, станоўчыя пераўтварэнні закрануць і наш рэгіён. Рэсурсы ў нас маюцца, і людзі працавітыя, дастойныя лепшага жыцця.
Дарэчы, быў удзельнікам  V Усебеларускага народнага сходу, але VI, па маім меркаванні, стаў больш моцным і значным.
Разам абмеркавалі напрамкі развіцця Беларусі, курс, якім краіна будзе крочыць у наступную пяцігодку. Дэлегаты свае выступленні заканчвалі словамі, што гучалі своеасаблівым прызнаннем: «Люблю Беларусь!». І я шчыра прызнаюся ў сваіх пачуццях краіне: люблю сваю Беларусь!