Нам трэба быць адзінымі

Да абмеркавання УНС далучыліся нашы землякі-ляхавічане.

Міхаіл БАГАЦКІ, начальнік вытворчага ўчастка ААТ «Жарабковічы»:
– Канешне ж, сачыў за тым, што адбывалася падчас Усебеларускага народнага сходу. Уважліва слухаў выступленне нашага Прэзідэнта.
Прыемна, што Кіраўнік дзяржавы так пазітыўна ацэньвае вялікі ўклад, які ўносіць сельская гаспадарка ў эканоміку краіны, яе харчовую бяспеку. Так важка прагучалі словы Прэзідэнта: «Без сяла, без вёскі не можа быць дзяржавы». Мы, аграрыі, заўжды шчыра працавалі і будзем шчыраваць далей, каб рос дабрабыт кожнага грамадзяніна і ўсёй краіны.
Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на перспектыве росту заработнай платы і падкрэсліў, што дзяржава бачыць, напрыклад, што адстае па зарплаце аграрная галіна, таму гэта пытанне таксама будзе вырашацца.
Хвалюе мяне і тэма патрыятычнага выхавання моладзі. Лічу, што яго трэба пачынаць, калі дзіця яшчэ ходзіць у дзіцячы садок.
Шмат на сходзе гаварылася і пра адзінства народа, нельга дапусціць, каб у нашы ўнутрыдзяржаўныя справы ўмешваліся іншыя краіны. Мы – мірны народ, але крыўдзіць сябе не дазволім, самі будзем вырашаць свой лёс. Запомніліся эмацыянальныя выступленні міністра замежных спраў Уладзіміра Макея і старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алега Гайдукевіча.

Вольга ГАТОЎЧЫЦ, медсястра прыёмнага пакоя  аблбальніцы «Крывошын»:
– На сходзе былі агучаны розныя пазіцыі, думкі, меркаванні. З іх можна зрабіць агульную выснову: у нашай дзяржаве будзе і далей надавацца ўвага павышэнню якасці жыцця насельніцтва, прычым не толькі ў вялікіх гарадах, а і ў райцэнтрах, і сельскай мясцовасці. А калі людзі адчуваюць, што яны патрэбныя краіне, адпаведна, будзе большай і самааддача кожнага, дзякуючы чаму беларусы будуць ствараць новае, удасканальваць існуючае і рухацца наперад.
Згодна з меркаваннем выступаючых, якія сказалі, што дзеля далейшага паспяховага развіцця краіны акцэнт павінен быць зроблены на развіцці рэгіёнаў. Толькі так можна замацаваць кадры, асабліва маладых спецыялістаў, у аграгарадках і вёсках. Сапраўды, як адзначалі ў сваіх выступленнях маладыя дэлегаты, для сённяшніх юнакоў і дзяўчат важна, каб умовы жыцця ў сельскай мясцовасці не надта адрозніваліся ад гарадскіх, каб былі жыллё, работа і дастойная зарплата. У нашай вёсцы работы хапае, працуе аблбальніца, нядаўна пачаў дзейнічаць псіханеўралагічны дом-інтэрнат, ёсць сярэдняя школа, дзіцячы садок, СДК, лясніцтва, вытворчыя майстэрні, ідзе рэканструкцыя цэха дрэваапрацоўкі і яшчэ нямала месцаў, дзе можна знайсці прымяненне сваім рукам. Было б толькі жаданне.
Яшчэ адна відавочная акалічнасць: сённяшняя моладзь жадае актыўней удзельнічаць у палітычным і грамадскім жыцці краіны. Трэба даць ёй такую магчымасць, падтрымаць у гэтым імкненні.