Пашпарт для… водаправода. Сваё прафесійнае свята адзначаюць супрацоўнікі землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы.

Аляксандр Савіцкі з калегамі: спецыялістам па тэхнічнай інвентарызацыі Жаннай Буймістр і рэгістратарам нерухомай маёмасці Людмілай Патаповіч.

І не здзіўляйцеся! Такі важны дакумент, як пашпарт, можа атрымаць не толькі чалавек. На нерухомую маёмасць і камунікацыі яго таксама можна аформіць. Розніца толькі ў тым, што ў пачатку дадасца слова «тэхнічны», і замест фатаграфіі, даты нараджэння, прапіскі, інфармацыі аб сямейным становішчы ў ім будуць размешчаны тэхнічныя характарыстыкі аб’екта. Атрымаць такі дакумент можна ў Ляхавіцкім бюро Баранавіцкага філіяла РУП «Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры».

Штогод 21 лютага тутэйшыя супрацоўнікі адзначаюць прафесійнае свята разам з калегамі з землеўпарадкавальнай і картографа-геа-дэзічнай службы.

Ужо 35 гадоў Ляхавіцкае бюро (многія і сёння па-ранейшаму называюць яго БТІ) узначальвае рэгістратар нерухомай маёмасці Аляксандр Савіцкі. Як успамінае Аляксандр Уладзіміравіч, першапачаткова бюро тэхнічнай інвентарызацыі размяшчалася на першым паверсе ў будынку цяперашняга цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на плошчы Перамогі ў райцэнтры. У ім працавалі два чалавекі, а ўсе чарцяжы і дакументы афармляліся ўручную.

– Тады на ўзбраенні ў нас былі вострыя простыя алоўкі, рапідографы, лінейкі. Работа патрабавала яшчэ большай уважлівасці і акуратнасці – калі дзесьці была выпадкова дапушчана памарка, даводзілася ўсё перамалёўваць спачатку, – прыгадвае Аляксандр Савіцкі.

З прыходам у наша жыццё сучасных тэхналогій і інтэрнэту змяніўся і падыход да работы: зараз усе дакументы ад заказчыкаў, архіў захоўваюцца ў электронным выглядзе, а неабходныя чарцяжы выконваюцца ў спецыяльных праграмах. На папяровых носьбітах захоўваюцца толькі заявы ад заказчыкаў.

Сёння ў Ляхавіцкім бюро працуюць шэсць чалавек. Штодзень да іх звяртаюцца з рознымі пытаннямі: рэгістрацыя дагавораў куплі-продажу нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй; выраб праекта падзелу, зліцця і вылучэння; паслугі па страхаванні маёмасці.

Запатрабаваная паслуга – выезд спецыяліста на аб’ект для правядзення работ па тэхнічнай інвентарызацыі або праверцы тэхнічных характарыстык з наступным афармленнем, рэгістрацыяй і выдачай тэхпашпарта або пасведчання аб рэгістрацыі зямельнага ўчастка. Дарэчы, за мінулы год спецыялісты бюро прынялі 3035 заяў аб дзяржаўнай рэгістрацыі, 982 заявы аб прадастаўленні звестак і дакументаў з Адзінага дзяржаўнага рэгістра нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй, засведчана 129 здзелак.

Не першы год Ляхавіцкае бюро Баранавіцкага філіяла РУП «Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры» працуе па прынцыпе «аднаго акна» – гэта значыць, што асноўная работа па зборы розных дакументаў і даведак перакладаецца з грамадзян на супрацоўнікаў бюро. Грамадзяне прадстаўляюць толькі тыя дакументы, якія не могуць запрасіць дзяржаўныя органы самастойна. Але ў гэтым выпадку тэрмін афармлення дакументаў павялічваецца да аднаго месяца.

Напярэдадні свята Аляксандр Савіцкі звярнуўся да сваіх калег з віншаваннямі:

– Наша работа патрабуе скрупулёзнасці і засяроджвання: чарцяжы, разлікі, ацэнкі. Няхай у працоўнай дзейнасці ніколі не бывае памылак. Жадаю ўсім добрага здароўя, поспехаў у кар’еры і асабістага шчасця!

Раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў накіравалі віншаванні з прафесійным святам – Днём работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы, што адзначаецца 21 лютага, калектывам і ветэранам аддзела землеўпарадкавання райвыканкама, Ляхавіцкага бюро Баранавіцкага філіяла РУП «Брэсцкае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры».

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.