Ахова спяшалася… у госці. У мінулы панядзелак у дзіцячы сад № 3 г. Ляхавічы завіталі супрацоўнікі Баранавіцкага аддзела дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь

У мінулы панядзелак у дзіцячы сад № 3 завіталі супрацоўнікі Баранавіцкага аддзела дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. Чагосьці супрацьзаконнага не здарылася, ахоўная сігналізацыя  не спрацавала. Ды і ўвогуле, нагода для візіту была не службовая, хутчэй, па закліку сэрца.

– У нас зараз маладая дружная каманда. Неяк у размове вырашылі парадаваць самых маленькіх землякоў – зрабіць ім што-небудзь прыемнае. Успомнілі сябе ў дзяцінстве, і адказ прыйшоў сам па сабе: якога хлопчыка ці дзяўчынку не парадуе новая цацка. Сабралі грошы, закупілі лялькі, канструктары, развіваючыя гульні, мячы, машынкі… Выбіралі з любоўю, стараліся, каб малышам спадабалася, – расказвае камандзір аддзялення ў горадзе Ляхавічы Андрэй Андрэеў.
І вось упаўнаважаныя ад усяго аддзялення ў складзе начальніка Аляксандра Хітрыка, камандзіра Андрэя Андрэева, міліцыянера Івана Грыцкевіча, «узброеныя» цацкамі, прыйшлі ў госці ў дзіцячы садок. Сустрэча стала цёплай, шчырай, захапляльнай. Аднолькава радаснымі былі і дзеці, і іх новыя дарослыя сябры, якія ініцыявалі гэту дабрачынную акцыю.
–Канешне, узрушаны і такой шчырай увагай, клопатам, і неспадзяванымі падарункамі. Шчыры дзякуй і ад работнікаў нашай дашкольнай установы, і ад выхаванцаў супрацоўнікам дэпартамента аховы. Размеркавалі ўжо ўсе падарункі па кожнай з
12 груп. Спадзяёмся, што і далей будзем сябраваць з аддзяленнем аховы. А нашы рабяты заўжды будуць рады гасцям, –  адзначае загадчык дзіцячага сада № 3 Людміла Мяжуева.
– Гэта была наша першая такога кшталту акцыя, але, упэўнены, не апошняя. Дарыць радасць – здорава, нават лепш, чым атрымліваць падарункі, – запэўнівае Аляксандр Хітрык.
А тутэйшыя выхаванцы цяпер дакладна ведаюць, што мужныя міліцыянеры не толькі абараняюць і ахоўваюць, але яшчэ з’яўляюцца добрымі чараўнікамі, якія дораць падарункі.
Галіна КАНЬКО.

Фота з архіва дзіцячага сада № 3 .