Замест Афрыкі – у Ляхавічы. У райцэнтры пасялілася рэдкая птушка

Часам прырода падносіць нам сюрпрызы. Так, у Ляхавічах на мінулым тыдні была заўважана на зімоўі горная пліска (трясогузка). Звычайна гэтыя птушкі зімой грэюць свае пёры на поўдні, але гэта вырашыла змяніць свой турыстычны маршрут.

Незвычайную госцю заўважыў недалёка ад гарадскіх ачышчальных збудаванняў ляхавічанін Мікалай Кузьміч. Пра свае назіранні ён паведаміў у грамадскую арганізацыю «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

– Горная пліска – рэдкі госць на тэрыторыі Беларусі. Да гэтага толькі тры птушкі былі заўважаны ў нас: дзве на Гродзеншчыне і адна ў Маларыце, дарэчы, таксама на ачышчальных збудаваннях. Месцы іх звычайнага пасялення – берагі горных рэк і ручаёў, парослыя лесам або хмызняком, можа сустракацца і ў лесе сярод камянёў, каля вадасховішчаў. Зімуюць гэтыя птушкі ў Паўднёвай Афрыцы, на поўдні Азіі, на астравах Малайскага архіпелага, – расказаў дырэктар грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі.

Ачышчальныя збудаванні для зімоўкі крылатыя выбіраюць невыпадкова: тут круглы год ёсць для іх харчаванне. Увесну птушка паляціць дадому, але, як расказаў Аляксандр Вінчэўскі, ёсць верагоднасць, што яна вернецца на Ляхавіччыну і ў наступным годзе.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота Сяргея ШОКАЛА.